Былы суддзя Томаш Шмыт просіць генпракурора Польшчы распачаць крымінальную справу супраць Сікорскага


Былы польскі суддзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь і папрасіў там прытулку, накіраваў заяву на адрас генеральнага пракурора Польшчы і нацыянальнага пракурора Польшчы з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні кіраўніка польскага МЗС Радослава Сікорскага, паведамляе БелТА.

Польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 7 траўня 2024 года.
Фота:  Tomasz Szmydt / Telegram

Шмыт кажа, што прыняў такое рашэнне, бо Радослаў Сікорскі здзейсніў супраць яго злачынства.

«Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў польскіх СМІ не раз называў мяне здраднікам. Я не здраднік, няма такога артыкулу, мяне не асудзілі за здрадніцтва, – заявіў Томаш Шмыт. – Афіцыйная асоба, такая, як міністр, не мае права выказваць без суда і следства такое меркаванне. І такія ўчынкі ў адпаведнасці з польскім законам падлягаюць пакаранню. Гэта артыкулы 119, 190А і 212 Крымінальнага кодэксу Польшчы».

Былы суддзя не ведае, ці будзе ягоны зварот мець плён.

Справа былога польскага суддзі Томаша Шмыта стала публічнай, калі ён падчас свайго адпачынку 6 траўня з’явіўся на прэс-канферэнцыі ў Менску і заявіў, што просіць ва ўладаў Беларусі прытулку, бо на радзіме зазнаў пераслед праз самастойную палітычную пазіцыю. Далей былы суддзя пачаў удзельнічаць у прапагандысцкіх сюжэтах на тэлебачанні, даваць інтэрв’ю праўладным медыям Расеі і Беларусі. Польшча прызнала, што такім чынам Шмыт нанес страты польскай дзяржаве і прыняў удзел у гібрыднай вайне супраць яе.

Аб’ектыў
«Кантора паліцца, але ёй не прывыкаць». Несвабода Томаша Шмыта
2024.05.17 20:36

Пасля інцыдэнту Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла пра пачатак расследавання ў сувязі з інфармацыяй, што суддзя папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Расследаванне заснаванае на палажэнні Крымінальнага кодэксу, у якім гаворыцца пра ўдзел у дзейнасці замежнай выведнай службы і перадачы гэтай службе інфармацыі, што можа нанесці шкоду Рэспубліцы Польшча. Расследуюць справу і спецыяльныя службы.

У Польшчы Шмыт быў фігурантам скандалу, які палягаў на публікацыі кампрамату на суддзяў, не згодных з судовай рэформай у Польшчы, праз што быў адхілены ад выканання абавязкаў суддзі.

Паведамлялася, што Шмыт мусіў разглядаць справу аб адмове ў выдачы дазволаў на доступ да інфармацыі з грыфамі сакрэтнасці NATO і Еўразвязу. Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы  правярае, да якой сакрэтнай інфармацыі Шмыт меў доступ.

Інтэрпол адмовіўся надаваць Шмыту чырвоную картку вышуку.

Hавiны
Інтэрпол адмовіўся абвяшчаць чырвоную пошукавую картку для былога суддзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь
2024.06.05 08:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў