«Мы над гэтым падумаем». Пуцін прыгразіў Захаду ўдарамі па «адчувальных абʼектах»


Падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Уладзімір Пуцін пракаментаваў рашэнне краінаў Захаду дазволіць Украіне выкарыстоўваць заходнюю зброю супраць аб’ектаў на тэрыторыі РФ.

Уладзімір Пуцін. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: kremlin.ru

Адказваючы на пытанне журналістаў, Уладзімір Пуцін спачатку пусціўся ў развагі пра тое, што сістэмы залпавага агню далёкасцю 70 км нібыта выкарыстоўваюцца ўжо даўно (насамрэч дазвол на выкарыстанне РСЗА HIMARS супраць аб’ектаў у РФ амерыканцы далі ў канцы траўня 2024 года). Што тычыцца ракетаў ATACMS далёкасцю 300 км, то ЗСУ, паводле Пуціна, могуць выкарыстоўваюць гэтую зброю толькі пры наяўнасці выведных звестак з амерыканскіх спадарожнікаў (насамрэч у ЗСУ пакуль увогуле няма дазволу на выкарыстанне ATACMS у РФ). Такім чынам, на думку расейскага кіраўніцтва, фактычна адказнасць за ўдары гэтай і аналагічнай дальнабойнай зброяй ляжыць на «заходніх спецыялістах».

«Мы думаем на тэму таго, што калі хтосьці лічыць магчымым перадаваць такую ​​зброю ў зону баявых дзеянняў для нанясення ўдараў па нашай тэрыторыі і стварэння праблемаў для нас, то чаму ў нас няма права перадаваць нашую зброю такога ж класу ў тыя рэгіёны свету, дзе будуць наносіцца ўдары па адчувальных аб’ектах тых краінаў, якія робяць гэта ў адносінах да Расеі. Гэта значыць, адказ можа быць сіметрычным. Мы над гэтым падумаем», – цытуе Пуціна ягоная прэс-служба.

Расейскі кіраўнік пры гэтым не патлумачыў, куды канкрэтна Расея можа адправіць сваю зброю «такога ж класу».

Паводле Пуціна, такія дзеянні краінаў Захаду «будуць канчаткова разбураць міжнародныя адносіны і будуць падрываць міжнародную бяспеку».

«У канчатковым выніку, калі мы бачым, што гэтыя краіны ўцягваюцца ў вайну супраць нас, а гэта і ёсць іх наўпроставы ўдзел у вайне супраць Расейскай Федэрацыі, то мы пакідаем за сабой права дзеяць аналагічным чынам. Але, увогуле, гэта шлях да вельмі сурʼёзных праблемаў», – зазначыў ён.

Нагадаем, на мінулым тыдні Злучаныя Штаты і больш за дзясятак краінаў Еўропы афіцыйна далі Украіне дазвол на выкарыстанне заходняй зброі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Пры гэтым пэўныя абмежаванні для ЗСУ амерыканцы ўсё-ткі пакінулі.

Аналітыка
Крок да эскалацыі ці да карэннага пералому? Што азначае дазвол на ўдары па аб’ектах у РФ
2024.06.03 19:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў