У Чэхіі выпусцілі марку з партрэтам Васіля Быкава


Чэшская пошта выпусціла марку ў гонар беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Сяргей Навумчык.

Марка з выявай Васіля Быкава.
Фота: НАВУМЧЫК / Telegram

Рада БНР пасля 70-гадовага перапынку аднавіла традыцыю выпуску паштовых марак, і першая прысвечаная Васілю Быкаву. Дызайн маркі зрабіў беларускі мастак на падставе фотаздымка Уладзіміра Кармілкіна, паведаміў Сяргей Навумчык.

Для выпуску скарысталіся паслугамі Чэшскай пошты, якая друкуе счэпкі разам з дзейнымі знакамі паштовай аплаты Чэхіі. Зробленыя два лісты ў розных міжнародных літарных наміналах – як для ўнутраных, гэтак і міжнародных адпраўленняў. Акрамя таго, абмежаваным накладам выпушчаныя два лісты з павялічанай выявай маркі з партрэтам Быкава і з сюжэтам вядомай паштоўкі з Пагоняй і выявамі беларускіх гарадоў.

«Нам удалося скарыстаць марку Чэшскай пошты з літарай В (пры жаданні, можна чытаць як «Васіль», а можна – як «Bykaŭ»), дзе ёсць выява бел-чырвона-белага сімвалу. Падобныя выданні ў счэпках з дзейнымі знакамі паштовай аплаты ёсць прадметам філатэліі, і мы пастараемся, каб хаця б невялікая колькасць «быкаўскіх» марак трапіла на тэрыторыю Беларусі», – адзначыў Навумчык.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае беларусаў ушанаваць памяць Васіля Быкава. Сёлета 19 чэрвеня споўніцца 100 гадоў з дня народзінаў выбітнага пісьменніка.

Тым часам у Менску заўчасна зачынілася часовая экспазіцыя да 100-годдзя Быкава. Яна адкрылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску 25 студзеня. Яе планавалі паказваць да 5 траўня, аднак ужо 5 лютага выстава была згорнутая.

Аб’ектыў
Быкаў: «Трэба запасціся цярпеннем і за кожнай няўдалай спробай бачыць наступную і збіраць для яе сілы»
2023.06.22 21:10

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў