На польска-беларускай мяжы зноў сур’ёзна паранены памежнік: пераломлены чэрап, пашкоджанае вока


Чарговы інцыдэнт на мяжы здарыўся 3 чэрвеня. Працаўнік Памежнай аховы Польшчы быў паранены ў выніку нападу мігранта, ён у цяжкім стане. Ёсць рызыка, што не атрымаецца ўратаваць пашкоджанае вока, піша выданне «Dziennik Gazeta Prawna».

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Agencja Wyborcza.pl

Паводле Памежнай аховы Польшчы, 3 чэрвеня ў Белавежскай пушчы «група агрэсіўна настроеных людзей» ударыла аднаго з памежнікаў па галаве галінаю. Удар быў такі моцны, што мужчыну спатрэбілася шпіталізацыя, у яго дыягнаставалі пералом асновы чэрапу і моцнае пашкоджанне вачніцы. Цяперашні стан памежніка медыкі ацэньваюць як цяжкі.

Hавiны
Мігрант параніў польскага салдата нажом на мяжы з Беларуссю
2024.05.28 11:36

Застаецца цяжкім стан і памежніка, які раней быў паранены нажом. Пасля таго інцыдэнту 29 траўня на мяжу ў Дубічы-Царкоўныя прыехаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, які заявіў пра намер аднавіць буферную зону на мяжы з Беларуссю шырынёй 200 метраў. Планавалася, што гэта адбудзецца ўжо 4 чэрвеня.

3 чэрвеня, аднак, кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк паведаміў, што стварэнне буфернай зоны будзе перанесенае на пазнейшы тэрмін.

З 31 траўня да 2 чэрвеня Памежная ахова Польшчы зафіксавала на мяжы з Беларуссю амаль 670 спробаў нелегальнага пераходу мяжы. За спрыянне незаконнай міграцыі затрыманыя 3 асобы. Мігранты кідалі ў бок памежнага патрулю галіны і камяні.

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы пагаршаецца. Увесну 2022 года мяжу нелегальна спрабавалі перайсці ад 1000 да 1700 асобаў штомесяц. Увесну 2023 года гэтыя лікі падвоіліся. Апошнія звесткі Памежнай службы сведчаць, што цяпер на мяжу прыбывае найбольшая колькасць замежнікаў ад моманту пачатку крызісу. Толькі за травень памежнікі зафіксавалі больш за 3200 спробаў нелегальна трапіць у Польшчу з боку Беларусі.

Белсат Zoom
Польшча перадумала адкрываць «Баброўнікі»
2024.06.04 22:07

У 2021 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі штучна стварыў міграцыйны крызіс на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй. У адказ суседзі Беларусі сталі ўзводзіць агароджы на межах, Польшча збудавала плот у студзені – чэрвені 2022 года і працягвае ўдасканальваць ахову мяжы. На мадэрнізацыю плоту будуць выдаткаваныя дадатковыя сродкі. Агульную суму выдаткаў ацэньваюць на 1,5 мільярда злотых, або 350 мільёнаў еўраў у эквіваленце.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў