BYPOL: у Беларусі будзе створаная расейская вайсковая частка для аховы ядравай зброі


Цягам апошніх месяцаў ішлі перамовы паміж Расеяй і Беларуссю, у якой удзельнічалі асабіста Лукашэнка і Пуцін, іхныя адміністрацыі і Міністэрствы абароны абедзвюх краінаў, паведамляе BYPOL са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

Падчас перамоваў абмяркоўвалі размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай часткі, у якой будуць служыць 3,5–5 тысячаў вайскоўцаў з цяжкай тэхнікай для забеспячэння аховы тактычнай ядравай зброі.

Першапачаткова для размяшчэння вайсковай часткі разглядалася тэрыторыя Магілёўскай вобласці. На яе стварэнні настойваў расейскі бок. Аднак Лукашэнка супраціўляўся, бо гэта можа ствараць пагрозу ягонай асабістай уладзе, сцвярджае BYPOL.

Перамовы завяршыліся прыняццем рашэння аб стварэнні расейскай вайсковай часткі ў Беларусі.

Надоечы амерыканская газета «The New York Times» апублікавала спадарожнікавыя здымкі імавернага сховішча для ядравай зброі пад Асіповічамі. Дакладных доказаў захоўвання там уласна ядравай зброі няма, захады бяспекі характэрныя для расейскіх ядравых сховішчаў.

ВІДЭА
У Беларусі няма доказаў прысутнасці ядравай зброі
2024.05.21 15:11

Аб тым, што ў Беларусі збіраюцца размясціць расейскую тактычную ядравую зброю, Уладзімір Пуцін упершыню заявіў 25 сакавіка 2023 года. Аляксандр Лукашэнка ўжо год пагражае свету ядраваю зброяй і кажа аб расейскай зброі як аб сваёй уласнай, Расея ж абвяргае, што перадала ядравую зброю яму пад кантроль.

Амерыканская выведка пацвярджала, што расейская ядравая зброя ўжо можа быць у Беларусі, але гэта ставілі пад сумнеў розныя эксперты.

7 траўня ў Беларусі пачалася раптоўная праверка сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядравай зброі. 9 траўня Пуцін і Лукашэнка распавялі, што беларускія і расейскія вайскоўцы пачалі рыхтавацца да вучэнняў у адпрацоўванні выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі. Прадстаўнікі Белага дому, Дзярждэпартаменту ЗША і Пэнтагону выказаліся рэзка супраць такіх вучэнняў: для лідара ядравай дзяржавы «безразважна і безадказна бразгаць ядравым арсеналам і намякаць на яго патэнцыйнае выкарыстанне».

Hавiны
«The New York Times» паказала, дзе ў Беларусі могуць захоўваць ядравую зброю
2024.05.11 08:48

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў