Новыя практыкі і прымус да «пакаяння» зорак. Навіны рэпрэсіяў 6 чэрвеня


«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у Беларусі, якія не спыняюцца ў краіне чатыры гады.

Сцены і вышка калоніі № 5 у Івацэвічах.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

У Беларусі дзевяць новых палітвязняў. Гэты статус атрымалі Віктар Новікаў, Канстанцін Каляга, Эрык Каласоўскі, Іван Пацко, Аляксандр Лаўрушчык, Іван Дрык, Павел Сергіеня, Дзмітрый Філіповіч, Арцём Лапіч. Агулам на гэты момант у Беларусі вядома пра 1400 палітвязняў.

Аднаго з дэмакратычных актывістаў пазбавілі беларускага грамадзянства. Уладамі былі аспрэчаныя вынікі атрымання ім грамадзянства Беларусі пасля распаду СССР у 1991 годзе. Ці быў у гэтай справе адмысловы суд, невядома. Зараз чалавек знаходзіцца ў бяспецы. Гэта першы вядомы выпадак пазбаўлення грамадзянства з 2010 года.

Беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў Сербіі на запыт уладаў Беларусі, перавялі з цэнтральнай турмы Бялграду пад хатні арышт. Але рашэнне сербскага суду аб яго экстрадыцыі ў Беларусь, можа з’явіцца хоць заўтра.

У Менскім гарадскім судзе 6 чэрвеня распачаўся чарговы суд за данаты: 56-гадоваму праграмісту Анатолю Валадзько пагражае да 12 гадоў зняволення. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 290.1 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці») і арт. 361.2 («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). Справу разглядае Алена Ананіч. Мужчыну пагражае да 12 гадоў зняволення.

4 чэрвеня ў судзе Аршанскага раёну і Воршы была разгледжаная крымінальная справа палітзняволенага Сяргея Гняўка. Яго абвінавацілі ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК), прычым паўторна. Першы раз Гняўка асудзілі паводле гэтага ж артыкулу (ч. 1 арт. 368 КК) у судзе Кастрычніцкага раёну Менску 5 траўня. Прысуд невядомы, аднак у большасці выпадкаў за знявагу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі. Новую справу разглядала суддзя Юлія Вяршыніна. Яна прызначыла Гняўку чатыры гады пазбаўлення волі.

Сілавікі выклалі «пакаяннае» відэа спевака Сашы Нэма. На іх ён просіць прабачэння за ўдзел у пратэстах 2020 года.

У судзе Лідскага раёну вынесены прысуд жыхарцы пасёлка Бердаўка пенсіянерцы Таццяне Чэкель, якую абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў. Жанчыну здаў сілавікам ейны сужыцель. Суд прызнаў пенсіянерку вінаватай і прызначыў ёй два гады «хатняй хіміі».

У судзе Фрунзенскага раёну Менску начальніка аддзелу перавозак аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў Васіля Лася асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 КК. Справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк.

Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні да Андрэя Прылуцкага, экстрадыцыі якога з Расеі дамагалася беларуская пракуратура. Яму інкрымінаваны арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Прылуцкі працаваў на «Беларуськаліі» і далучыўся да страйку з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расею, адкуль збіраўся ляцець ва Украіну, але быў затрыманы ў Санкт-Пецярбургскім аэрапорце. Мужчына амаль 6 месяцаў правёў у СІЗА, адкуль пазней выйшаў на волю.

За ўдзел у пратэстах, рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», каментары пра прыхільнікаў улады і вайну ва Украіне затрыманы мужчына. Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён дасылаў праекту Nexta паведамленні пра перасоўванне расейскіх войскаў у Беларусі, а праекту «Чорная Кніга Беларусі» – інфармацыю пра супрацоўніка ДАІ.

Якуб Хруст belsat.u

Стужка навінаў