ЦВК называў крайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Пра гэта распавёў кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка 5 чэрвеня.

Выбарчы ўчастак у Дзеркаўшчыне. Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Зміцер Лупач / Belsat.eu

У рамках падрыхтоўкі да выбараў Цэнтрвыбаркам правёў адпаведны семінар-нараду. Там Ігар Карпенка распавёў, што трэба «намеціць пэўныя падыходы да арганізацыі будучай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі».

«Хачу нагадаць, што яна павінна прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года і фактычна завяршыць выбарчы цыкл, які мы праводзілі ў адпаведнасці са зменамі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе», – сказаў Карпенка.

Ён дадаў, што мае намер «забяспечыць электаральную бяспеку». У прыватнасці, распавёў, што сайт ЦВК рыхтуецца адлюстроўваць кібератакі. Не абышлося і без згадкі сілавікоў.

«Цесна ўзаемадзейнічаем з усімі міністэрствамі і ведамствамі сілавога блока ў рамках іх кампетэнцыі. Усе ўчасткі для галасавання бяруцца пад ахову супрацоўнікамі міліцыі», – распавёў Ігар Карпенка.

На думку праваабаронцаў, тэрмін «выбары» нельга ўспрымаць літаральна. Напрыклад, да адзінага дня галасавання 25 лютага 2024 года «Вясна» стала дадаваць да слова «выбары» зорачку, каб «падкрэсліць умоўнасць».

«Любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае ўсе ўмовы, пры якіх у поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, у тым ліку свабода слова, свабода мірных сходаў і аб’яднанняў, права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабода ад дыскрымінацыі, якія ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічаюць», – адзначаюць праваабаронцы «Вясны».

Выбары ў КР
«Стварылі сусветны прэцэдэнт. Пакуль усе трындзяць, мы робім». Павел Лібер – пра галасаванне ў КР
2024.06.02 09:52

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў