Беларусь і Расея плануюць падпісаць дамову наконт гарантыяў бяспекі


На Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме намеснік міністра замежных справаў Расеі Міхаіл Галузін заявіў, што ў снежні Менск і Масква плануюць падпісаць дамову аб гарантыях бяспекі. Пра гэта паведамляе ТАСС.

Сцягі Расеі і Беларусі ля Дому Масквы. Менск, Беларусь. 7 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«Вялікую ўвагу мы надаём пытанням пільнавання бяспекі Саюзнай дзяржавы, каардынуючы распрацоўванне двухбаковай міждзяржаўнай дамовы наконт узаемных гарантыяў у гэтай сферы і аказваючы спрыянне нашым саветам бяспекі ў працы над Канцэпцыяй бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Разлічваем на адначасовае прыняцце гэтых дакументаў у хадзе снежаньскага паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету, прымеркаванага да 25-годдзя нашага аб’яднання», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Расеі Міхаіл Галузін.

Прадстаўнік МЗС РФ не патлумачыў, у чым сэнс новай дамовы.

У красавіку 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў: яму патрэбныя гарантыі, што ў выпадку агрэсіі Расейская Федэрацыя будзе абараняць Беларусь як уласную тэрыторыю. Пры гэтым ён не патлумачыў канкрэтна, як мусяць выглядаць гэтыя гарантыі з юрыдычнага гледзішча, але ўзгадаў прапанову Уладзіміра Пуціна на гэты конт: «Нам трэба прарэвізаваць усе нашыя дамовы і пагадненні, Беларусі і Расеі, паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць цяпер, каб гарантаваць поўную бяспеку Беларусі».

Пры гэтым Расея і Беларусь і так ужо маюць узаемныя абавязкі ў вайсковай сферы. Напрыклад, у пункце 20 супольнай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы гаворыцца, што «дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем вайсковай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву агулам і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў у іх распараджэнні». Аналагічныя абавязкі замацаваныя ў дамове АДКБ.

Аналітыка
Вайна на чужой зямлі, злы Захад і касмапаліты. Што трэба ведаць пра новую Ваенную дактрыну
2024.04.29 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў