Літва змякчыла забарону на правоз прадуктаў з Беларусі: можна ўскрытыя пакункі


З трэцяга ліпеня дзеіць забарона на імпарт у Літву харчоў з Беларусі і Расеі. Літоўскія мытнікі трактавалі гэта як забарону для фізічных асобаў на ўвоз з Беларусі ў Літву нават гарбаты ў тэрмасе. Цяпер забарону змякчылі, паведаміла мытня.

Харчы, якія літоўская мытня не прапусціла на мяжы з Беларуссю. Мядзінінкай, Літва. 4 чэрвеня 2024 года.
Фота: МотолькоПомоги / Telegram

У красавіку Сейм Літвы забараніў імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расейскага і беларускага паходжання, 29 траўня ўрад зацвердзіў спіс з больш як 2800 тавараў. Калі забарона набыла моц, аказалася, што літоўская мытня распаўсюджвае яе на абсалютна ўсе прадукты нават для фізічных асобаў.

Карыстальнікі чатаў расказвалі, што забарона датычыць практычна ўсіх харчоў: не прапускаюць ні зробленых у дарогу бутэрбродаў, ні нават гарбаты ў тэрмасе, не кажучы ўжо пра тавары з крамаў «duty free». Часам не прапускаюць лекаў. На пунктах пропуску збіраюцца кучы ежы і пітва, што мытнікі забаранілі ўвозіць. На гарачай лініі мытні журналісту «Белсату» параілі проста «нічога не везці», а на лекі мець рэцэпты.

«Забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія перавозяцца транзітам, а таксама тавары, прызначаныя толькі для асабістага выкарыстання падчас паездкі (калі пакункі былі ўскрытыя)», – напісала мытня 5 чэрвеня.

«Для запэўнівання камфортнага і бяспечнага падарожжа вандроўнікаў, якія маюць пры сабе неабходныя харчы для асабістага спажывання, забарона не распаўсюджваецца на харчы, неабходныя на час падарожжа фізічных асобаў, у адкрытых пакунках. Выключэнні для мясной і малочнай прадукцыі ўжываюцца ў парадку, вызначаным Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службаю».

Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, увечары 3 чэрвеня расказаў, што дэмакратычныя сілы размаўлялі з уладамі Літвы наконт змякчэння ці ўдакладнення гэтых санкцыяў і «атрымалі канструктыўную рэакцыю». А дарадца Ціханоўскай Алесь Аляхновіч назваў абмежаванні для фізічных асобаў памылкаю, бо ў маштабах усёй Літвы гэта мізэрныя змены, але яны закранулі звычайных грамадзянаў Беларусі, якія вязуць з сабою для асабістых мэтаў харчы і лекі.

Акрамя таго, з 4 чэрвеня набылі моц новыя правілы экспарту легкавых аўтамабіляў, якім да 5 гадоў, яны датычаць Беларусі і Расеі. Магчыма, гэта не апошняя змена ў правілах пераходу літоўска-беларускай мяжы. Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне (LRT) звярнула ўвагу на схему праходу мяжы без чаргі пры фальшывай заяве аб правозе пасажыра з частковаю недзеяздольнасцю. Правезці з «недзеяздольным» прапануюць за 50–65 еўраў. Дырэкцыя памежнага кантролю заявіла, што ведае аб праблеме.

Разбор
Усе паехалі на разварот, але шукаюць шчыліны ў правілах. Што з пропускам аўто праз мяжу Літвы
2024.06.04 19:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў