7 фільмаў, што паказваюць, як гэта – быць жанчынай

З пункту гледжання фемінісцкага руху з кіно ўсё дрэнна, цягам усёй яго гісторыі.

Вы памятаеце тэст Бэкдэл? У 1985-м у адным са сваіх коміксаў карыкатурыстка Элісан Бэкдэл паказала дзвюх жанчын, якія сабраліся ў кіно. Адная з іх кажа, што глядзіць толькі тыя фільмы, дзе 1) ёсць не менш як дзве жанчыны; 2) яны размаўляюць паміж сабой; 3) пра штосьці, апроч мужчынаў. У выніку гераіні коміксу пайшлі дадому. Сёння тэст Бэкдэл выкарыстоўваецца ў кінаіндустрыі, напрыклад, фондам «Eurimages», але паказ у кіно жанчын праз іхныя дачыненні з героямі-мужчынамі ўсё яшчэ дамінуе. І ён абавязкова дамінуе ў разнастайных спісах найлепшых фільмаў у гісторыі ды ў спісах пераможцаў прэстыжных фестываляў і кінапрэміяў. Я падабрала фемінісцкі спіс з 7 фільмаў, дзе жанчыны і іхны досвед – самі дзеля сябе.

Як абараняць сябе – «Тэлма і Луіза» Рыдлі Скота

Абурэнне гарантаванае, гэта адная з самых агідных сцэнаў гвалту, – мужчына ўпэўнены, што яму ўсё можна, а супраць яго ніхто нічога не смее, класіка. На паркоўцы кантры-клубу Тэлму спрабуе згвалтаваць новы знаёмец, але ейная сяброўка Луіза, з якой яны разам выбраліся ў горы, забівае яго з пісталета.

З гэтага пачынаецца іхнае падарожжа да мяжы з Мексікай, ва ўсё яшчэ агідным, якім яго паказаў Рыдлі Скот, патрыярхальным свеце, дзе для дзвюх жанчын, што паўсталі супраць сексуалізаванага гвалту, ёсць толькі адзін канец. «Тэлма і Луіза» – хіба адное з найвыразнейшых фемінісцкіх выказванняў, і яно робіць нас больш спагадлівымі да жанчын, якія забілі, бо абаранялі сябе і сваю годнасць. Такія забойствы ў крымінальнай практыцы, на жаль, можна вылучыць у асобны тып, і не заўсёды яны атрымліваюць справядлівую ацэнку суда.

Як адзявацца – «Эрын Брокавіч» Стывэна Соўдэрбэрга

Я вельмі люблю гэты фільм за тое, што ён не апраўдаў маіх чаканняў і падлавіў на выхаваным патрыярхальным мысленні. Выхаваным у тым ліку мэйлгэйзам, то-бок адлюстраваннем жанчыны ў творах мастацтва з перспектывы гетэрасексуальнага мужчыны, пераважна як аб’екта для асалоды і задавальнення. Праз мэйлгэйз Эрын Брокавіч складана ўспрымаць усурʼёз – галоўная гераіня ў выкананні Джульі Робэртс прыходзіць працаваць у адвакацкую кантору ў кароткай спадніцы і з ніжняй бялізнай напаказ. Тым не менш, пачаўшы з малых крокаў, яна паспяхова выконвае маштабную працу.

Я думала, ейны стыль таксама памяняецца, каб даказаць «рост» гераіні, а Эрын засталася такой жа – у кідкіх колерах і прынтах, з глыбокім дэкальтэ. Соўдэрбэрг разумеў, што, каб быць прафесіяналам, жанчыне не трэба хавацца ў шэрыя гарнітуры. Гэта фільм 2000 года – сёння мы ўсё яшчэ намагаемся выглядаць адпаведна, каб да нас ставіліся сур’ёзна.

Як перажываць траўмы – «Сястрынства лазні па-чорнаму» Ганны Хінтс

Гэта дакументальны хіт мінулага года, які, сярод іншага, атрымаў Еўрапейскую кінапрэмію, яе яшчэ называюць еўрапейскім «Оскарам». Тады, дарэчы, на прэмію прэтэндавала таксама стужка «Радзіма» беларускіх рэжысёраў Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча. У «Сястрынстве лазні па-чорнаму» жанчыны рознага ўзросту мыюцца ў лазні – гэта тут пэўны рытуал, у тым ліку ўнутранага ачышчэння – і дзеляцца адна з адной рознага кшталту траўматычным досведам ды досведам пазнання сябе праз церні. Прыняцце сваёй знешнасці, зносіны з бацькамі, секс з партнёрамі, гомасексуальнасць, сексуальны гвалт ды іншае… Усё пра тое, як гэта – быць жанчынай. «Пакрыўджаныя лёсам», – зняважліва сказаў пра фільм мой знаёмец, чым толькі пацвердзіў: каб жанчын навучыліся чуць, такога кантэнту не стае, не стае катастрафічна! Прычым стужка Ганны Хінтс расказвае пра жаночы досвед ненавязліва, разважліва, спакойна ды сапраўды цікава. Да таго ж фільм прыгожы і дэманструе, як можна далікатна папрацаваць з «аголенай» тэмай.

Як перамагаць – «Пакуты Жанны Д’арк» Карла Тэадара Драера

Жанна тут адная супраць зграі мужчын, якія абвінавачваюць яе, ціснуць на яе, здзекуюцца з яе, маніпулююць ёй, пагражаюць ёй. А яна ўсё роўна іх перамагае, праўда, маральна. Можна было б падумаць, Жанна – перадусім рэвалюцыянерка, гераіня, святая, вобраз, ідал, увасоблены, так склалася, у жанчыне. Але рэжысёр не дарма атачае яе такім рэпрэсіўным мужчынскім светам і не проста так выяўляе галоўную гераіню на фоне ейных суддзяў ды турэмшчыкаў – зірніце і зразумееце, хто тут сапраўдны дамінуе. Ёсць версія, што суддзі ў Драера ўвасабляюць смяротныя грахі. Я чарговы раз паглядзела гэты чорна-белы нямы фільм нядаўна, калі яго паказвалі ў Варшаве ў суправаджэнні адмыслова напісанай музыкі ў выкананні аркестру. І толькі тады падумала, Божа ж мой, які гэта фемінісцкі фільм! А фільм зняты ў 1928 годзе. Ён яшчэ і абсалютна зачароўвае сваімі буйнымі планамі, сапраўдны цуд!

Эна Лілі Амірпур на 76-м Канскім кінафестывалі. Каны, Францыя, 23 мая 2023 г.
Фота: YARA NARDI / Reuters / Forum

Як наводзіць парадкі – «Дзяўчына вяртаецца адна ноччу дадому» Эны Лілі Амірпур

Галоўная гераіня з іранскага гораду-прывіду ходзіць на вуліцы з пакрытай галавой, а ўдома мае постар з Мадоннай, што асудзіла б іранская паліцыя маралі. Мы ў заняпалым горадзе, дзе трупы памерлых ад наркотыкаў скідваюцца проста ў канаву, а наркадылеры і сутэнёры дазваляюць сабе маніпуляваць наркаманамі і зневажаць жанчын. Галоўная гераіня ж не баіцца хадзіць адная начнымі вуліцамі – яе ніхто не пакрыўдзіць, бо пакрыўдзіць яна. Дзяўчына – вампір, і яна распраўляецца з гарадскімі бандытамі, якія распаўсюджваюць наркотыкі і выкарыстоўваюць жанчын. Адзіны, каму яна гатовая намякнуць на сваю існасць, – хлопец Араш, што не дае рады з нарказалежным бацькам. Гэта быў дэбют іранска-амерыканскай рэжысёркі Эны Лілі Амірпур, і з гэтага атрымаўся шыкоўны аўтарскі трылер, дзе парадкам у горадзе займаецца не Бэтмэн і не Супермен, а дзяўчына ў хіджабе.

Як дапамагаць адна адной і сабе даваць рады – «Усё пра маю маці» Пэдра Альмадовара

У фільме амаль выключна жанчыны, а таксама трансгендарныя жанчыны, і рэжысёр адкрыта імі любуецца і паказвае іх з вялікаю любоўю. Тут таксама грае адная з галоўных актрыс Альмадовара – Пенелопа Крус.

Невыпадкова тут і фільм «Усё пра Еву», што глядзяць героі, і спектакль «Трамвай “Жаданне”», уплецены ў сюжэт, – класічныя творы, што маюць справу з жаночай праблематыкай. Сын галоўнай гераіні фільму Мануэлі памірае, і яна вяртаецца ў Барсэлону, адкуль збегла 16 гадоў таму, каб перажыць сваю трагедыю ўдома. Там жа жыве бацька загінулага сына, пра якога Мануэля яму ніколі не расказвала. З бацькам яна пабачыцца ў канцы стужкі, мімалётна, а пайсці далей ёй дапаможа сюжэт, поўны жанчын.

Як змагацца за свае правы – «Гангубай Катавадзі» Санджая Ліля Бгансалі

Фільм быў паказаны на Берлінскім міжнародным кінафестывалі ў 2022 годзе. Санджай Ліля Бгансалі – аўтар надзвычай яскравых, відовішчных, візуальна насычаных індыйскіх фільмаў, то бок нечаканых адкрыццяў для гледача, які прызвычаіўся да амерыканскага і еўрапейскага кіно. Стужка расказвае пра прастытутку Гангубай Катавадзі, якая робіцца аўтарытэтам у крымінальным свеце Мумбаю і змагаецца, у тым ліку ў кабінетах палітыкаў, за легалізацыю прастытуцыі – так, з песнямі і танцамі, згодна з традыцыяй. З фемінісцкага гледзішча ў Еўропе легалізацыя прастытуцыі – ідэя хутчэй адмоўная, але ў Індыі дзяўчаткі трапляюць у кварталы чырвоных ліхтароў і пачынаюць аказваць сексуальныя паслугі вымушана, што дадае праблеме яшчэ большай спрэчнасці. У фільме мы маем справу з жанчынай, што дзікім чынам трапіла з добрай сям’і ў крымінальны свет, але дала рады падмяць яго пад сябе і пачала змагацца за паляпшэнне становішча жанчын у лёсе, якога яны не выбіралі.

Меркаванні
Артэфакты Максіма Шведа – рэжысёр прадставіў новы дакументальны праект
2024.05.29 15:15

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў