У Віцебску цягам некалькіх дзён праходзяць ператрусы і затрыманні


Ператрусы і затрыманні цягам некалькіх дзён праходзяць у Віцебску. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў «MAYDAY TEAM».

20 сакавіка праваабаронцам стала вядома, што ў Віцебску некалькі дзён праходзяць ператрусы і затрыманні, можна казаць не менш як аб дзесяці пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў.

Вядома, што на лецішчах вакол абласнога цэнтру адбываюцца праверкі. Участковыя інспектары міліцыі наведваюцца на дачныя ўчасткі віцяблян, каб праверыць, ці не пражываюць там староннія асобы альбо людзі, што знаходзяцца ў вышуку.

Раней паведамлялася, што 18 сакавіка ў Гомлі затрымалі як мінімум 8 чалавек. Іх усіх падазраюць у спрыянні дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў. Масавыя затрыманні ў Гомлі прайшлі таксама 14 сакавіка – тады сілавікі прыйшлі да больш чым 30 чалавек.

Hавiны
У Гомлі прайшлі масавыя затрыманні: людзей забіралі з дому, працы, хапалі на вуліцы
2023.03.18 17:34

У пятніцу, 17 сакавіка, стала вядома пра новую хвалю ператрусаў у Глыбокім і Докшыцах. У Глыбокім з пачатку тыдня прыходзілі як мінімум да шасці чалавек (насамрэч – больш). У Докшыцах вядомы адзін выпадак. У Віцебску ў той жа дзень затрымлівалі  галоўнага рэдактара «Народных навін Віцебску» Сяржука Серабро, у яго ўдома зрабілі ператрус, забралі тэлефон і кампʼютар. Пасля абеду Сяржука выпусцілі.

Вядома, што сілавікі ўжо «адпрацоўвалі» такім чынам Берасце, Бабруйск, Салігорск і іншыя гарады, дзе затрымлівалі мясцовых актывістаў і журналістаў і праводзілі ў іх ўдома ператрусы.

ГУБАЗіК нават хваліўся, што штодзённа чыніць каля 20 ператрусаў у асобаў з «антыдзяржаўнымі поглядамі». Па стану на 18 сакавіка паведамлялася, што за тыдзень арыштамі і штрафамі пакаралі 100 асобаў, заведзеныя 20 крымінальных справаў за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».

Hавiны
Прысуд па справе «TUT.by», хваля новых затрыманняў. Хроніка рэпрэсій 17 сакавіка
2023.03.17 23:44

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў