МУС Беларусі пахваліўся штодзённымі ператрусамі ў асобаў з «антыдзяржаўнымі поглядамі»


ГУБАЗіК штодзённа чыніць каля 20 ператрусаў у асобаў з «антыдзяржаўнымі поглядамі». Толькі за апошні тыдзень арыштамі і штрафамі пакаралі 100 асобаў, заведзеныя 20 крымінальных справаў за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці», паведамляецца ў Telegram-канале Міністэрства ўнутраных справаў.

Вынікі ператрусу ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца. 10 сакавіка 2023 года.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

«Супрацоўнікі міліцыі працягваюць комплекснае адпрацоўванне асобаў, якія прытрымліваюцца антыдзяржаўных поглядаў», – гэтымі словамі пачынаецца паведамленне, апублікаванае ў Telegram-канале Міністэрства ўнутраных справаў.

У ведамстве не хаваюць ціску на сваякоў і знаёмых беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну. МУС называе ваяроў «баевікамі»:

«Правяраецца інфармацыя аб спрыянні экстрэмісцкім арганізацыям і бандфармаванням. Штодня супрацоўнікі ГУБАЗіКу чыняць да 20 ператрусаў, прычыны і ўмовы існавання радыкальных ячэек аператыўна ліквідуюцца».

У міністэрстве таксама паведамілі, што ўчастковыя міліцыянты «актыўна далучаныя да прафілактычнай работы ў гэтым кірунку»: прыходзяць да асобаў, якія «прыцягваліся раней да адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў экстрэмісцкага і пратэснага характару», ды «нагадваюць аб неабходнасці не парушаць заканадаўства».

Пры гэтым толькі за апошні тыдзень да адміністратыўнай адказнасці прыцягнутыя каля 100 асобаў, праз участковых заведзеныя больш за 20 крымінальных справаў «у дачыненні асобаў, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».

Асноўныя выяўленыя «злачынствы» – публікацыі і каментары ў інтэрнэце, у якіх міліцыянты бачаць «заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або яе прапаганду».

Агляд
Затрыманні вайскоўцаў, журналістаў, валанцёраў, чыноўнікаў. Хроніка рэпрэсіяў 16 сакавіка
2023.03.16 23:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў