Прысуд па справе «TUT.by», хваля новых затрыманняў. Хроніка рэпрэсій 17 сакавіка


«Белсат» працягвае расказваць пра рэпрэсіі беларусаў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі. Вашай ўвазе – падборка фактаў, падзеяў і зʼяў, звязаных з пераследам іншадумцаў за 16 сакавіка.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на першым судовым паседжанне па «справе TUT.BY».
Фота: sb.by

17 сакавіка суддзя Менскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч агучыла выракі фігуранткам «справы TUT.by»: колішняй галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і былой генеральнай дырэктарцы выдання Людміле Чэкінай – 12 гадоў калоніі. Чэкінай сфабрыкавалі такое абвінавачанне: ухіленне ад падаткаў, арганізацыю наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне варожасці, ды кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Золатавай прыпісалі вось што: ухіленне ад падаткаў у асабліва буйным памеры, распальванне варожасці і заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Беларуская асацыяцыя журналістаў назвала прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай «жорсткай помстай прафесіяналам за праўду, якую TUT.by даносіў да мільёнаў людзей». Публікуем яшчэ каментарыі і меркаванні з гэтай нагоды.

Разбор
«TUT.by – гэта феномен у жыцці краіны». Палітолаг Аляксандр Класкоўскі пра фільм БТ
2023.03.17 20:49

Напярэдадні суда над Зоталавай і Чэкінай прапагандысты паказалі гідасны фільм пра ролю партала TUT.by у пратэстах і увогуле прайшліся па асобах падсудзімых.

Суддзя Менскага гарадскога суда Дзіна Кучук прызначыла 10 гадоў калоніі эксперткам Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай. Акурат такі тэрмін патрабаваў пракурор. Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: змова з мэтаю захапіць уладу, заклікі да санкцыяў і распальванне варожасці. Касцюгову і Кузіну затрымалі ў чэрвені 2021 года з розніцай у адзін дзень. Спачатку абедзве прайшлі ізалятар на Акрэсціна, потым іх перавезлі ў СІЗА на Валадарскага. Іхную справу разглядалі ў судзе з 6 лютага.

17 сакавіка суд у Гомлі аштрафаваў на 11 базавых велічыняў Валянціну Міронаву па артыкуле 19.11 («Распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі»). Пры затрыманні жанчыну вадзілі ў кайданках у «позе ластаўкі».  Аднак пакуль што невядома месца знаходжання Іллі Міронава, сына Валянціны, валанцёра. Яго апошні раз бачылі ў судзе Савецкага раёну Гомля, калі чакаў разгляду справы маці. Імаверна, затрыманы. 16 сакавіка Ілля вярнуўся дамоў пасля адбыцця 13 сутак арышту, знайшоў кватэру разгромленай і даведаўся, што маці затрымалі.

У Гарадзенскім абласным судзе вынеслі прысуд палітзняволенаму Андрэю Шкляру, былому інспектара крымінальна-выканаўчай сістэмы мясцовага РАУС. Абвінавачанне сфабрыкавалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») і арт. 407 («Разгалошванне дадзеных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння»). Працэс вёў суддзя Васіль Скок у закрытым рэжыме. Шляра пакаралі 10 гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 200 базавых велічыняў. У свой час Андрэй падаў рапарт на звальненне з-за нязгоды з тым, як працуе сістэма. Сілавікі затрымалі яго ў снежні 2021 году.

17 сакавіка стала вядома, што ГУБАЗіК прыйшоў з ператрусам да меркаванага бацькі аднаго з беларускіх добраахвотнікаў, што ваюе ва Украіне. Мужчына заявіў сілавікам, што згодны з сынам і сам бы паехаў ваяваць ва Украіну пры магчымасці. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал сілавікоў. Імаверна, гэта частка мераў, якія сілавікі пагражалі прымяніць да родных дабраахвотнікаў, якія ваюць на баку Украіны.

У пятніцу, 17 сакавіка, стала вядома пра новую хвалю ператрусаў у Глыбокім і Докшыцах. У Глыбокім з пачатку тыдня прыходзілі як мінімум да шасці чалавек (насамрэч – больш). У Докшыцах вядомы адзін выпадак.

ГУБАЗіК штодзённа чыніць каля 20 ператрусаў у асобаў з «антыдзяржаўнымі поглядамі». Толькі за апошні тыдзень арыштамі і штрафамі пакаралі 100 асобаў, заведзеныя 20 крымінальных справаў за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці», паведамляецца ў Telegram-канале Міністэрства ўнутраных справаў.

Сілавікі 17 сакавіка ў сваіх каналах заявілі, што завялі крымінальную справу на блогерку Вольгу Павук за ўдзел у праграме «Белсату». Паводле іх, Вольга была госцем студыі ў праграме «План: Б». Ёй інкрымінаваны арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Сілавікі абяцалі разабрацца і з іншымі гасцямі нацыянальнага ток-шоу і таксама завесці на іх крымінальныя справы.

17 сакавіка адбыўся суд над галоўным рэдактарам і ўладальнікам слуцкай незалежнай газеты «Інфа-Кур’ер» Сяргеем Станкевічам і яго намеснікам Алегам Рубчэнем. Медыйшчыкам прызначылі па 15 сутак кожнаму за непадпарадканне пры затрыманні. Віну затрыманыя не прызналі.

У Оршы затрымалі Аляксандра Школьнікава. Аляксандр — актывіст аргкамітэта па стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Пасля 2020 года яго неаднаразова затрымлівалі. Цяпер Аляксандр ужо два дні знаходзіцца ў ІЧУ. Мужчына не паспеў паведаміць аб сваім затрыманні, але па відавочных прыкметах, дома ў яго прайшоў ператрус. Апошнім часам у Аляксандра моцна сапсаваўся зрок — цяпер ён амаль сляпы.

Сёння стала вядома, што Аляксею Азарку ўзмацнілі прысуд. Яго ўжо судзілі ў судзе Глыбоцкага раёну 20 снежня 2022 года паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Тады суддзя Андрэй Тарасевіч прызначыў Аляксею два гады «хатняй хіміі» і штраф 60 базавых велічыняў (1920 рублёў). 7 сакавіка Віцебскі абласны суд узмацніў прысуд пасля апеляцыйнага пратэсту пракурора: адмяніў рашэнне суда Глыбоцкага раёну і замяніў Аляксею два гады «хатняй хіміі» на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 60 базавых велічыняў (1920 рублёў).

У судзе Ленінскага раёну Горадні вынеслі прысуд жыхаркам Горадні Людміле Мазуркевіч і Наталлі Антонавай паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК. Жанчын затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту 9 жніўня 2020 года. Пасля абвяшчэння прысуду Людмілу і Наталлю вызвалілі ў зале суда.

17 сакавіка стала вядома, што 10 сакавіка ў судзе Кобрынскага раёну і Кобрына вынеслі прысуд 38-гадоваму жыхару вёскі Гарадзечна Пружанскага раёну Дзмітрыю Лагуну. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу («Здзек з дзяржаўных сімвалаў») і асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд агучыў суддзя Аляксандр Бабаскін. Вядома, што 10 снежня 2022 году Лагун у стане алкагольнага апʼянення зняў з будынку чыгуначнай станцыі Цеўлі і паламаў дрэўка. Гэта зафіксавалі камеры відэаназірання, мужчыну затрымалі.

У судзе Маскоўскага раёну Берасця асудзілі палітзняволенага Дзмітрыя Гарбунова паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК. Суддзя Марыя Аліфярук прызначыла Дзмітрыю адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў інтэрнэт-каментар са словам «мудзіла» пад фотаздымкам лідскага міліцыянта Антона Каціла. Пра Кацілу пісалі, што ён браў удзел у затрыманні Вітольда Ашурка.

Галоўнага рэдактара «Народных навін Віцебска» Сяржука Серабро раніцай 17 сакавіка затрымалі. У яго ўдома зрабілі ператрус, забралі тэлефон і кампʼютар. Пасля абеду Сяржука выпусцілі.

Суполка «BRUTTO NOSTRA» ва «ВКонтакте» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынята па заяве пракуратуры Ганцавіцкага раёну. Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі сайт «MSPRING.ОNLINE» і telegram-чат «DENI VENDETTI (МОДЖАХЕД)».  Сёння ж прызналі «экстрэмісцкай» асабістую старонку журналісткі Настассі Уткінай ва «ВКонтакте». Такое рашэнне было прынятае 15 сакавіка судом Маладзечанскага раёну.

У Віцебску судзілі вядомага стаматолага Уладзіміра Балясава. Судзілі стаматолага паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Разглядаць справу павінен быў суддзя Андрушэнка. Вынік працэсу – невядомы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў