Куды націсне Пуцін: на ядравую кнопку ці на Лукашэнку? Каментуе гісторык Юрый Фельшцінскі


Калі атака на Крымскі мост не выклікала ядравага адказу, то можна ўжо не баяцца ядравай вайны? Калі Лукашэнка ўступіць у вайну, каму будзе горш? Як Пуцін прымае асноўныя рашэнні і ці могуць расейцы нешта з ім зрабіць? На гэтыя пытанні «Белсату» адказаў гісторык Юрый Фельшцінскі, які даўно кажа, што ўладу ў Расеі захапіла Федэральная служба бяспекі.

GenFree Conference 2022
Гісторык Юрый Фельшцінскі падчас канферэнцыі «GenFree». Варшава, Польшча. 30 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Амерыканскі гісторык расейскага паходжання Юрый Фельшцінскі, суаўтар вядомай кнігі «ФСБ узрывае Расею», лічыць пуцінскую Расею «першай у гісторыі дзяржаваю пад кантролем дзяржбяспекі» і прапануе зрынуць дыктатуру Аляксандра Лукашэнкі, каб свет пазбег расейскага ядравага ўдару з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта гісторык распавядаў на нядаўняй канферэнцыі «Ініцыятывы трох мораў» у Варшаве. «Белсат» пагаварыў з Фельшцінскім.

Што засталося ў Пуціна: Лукашэнка і ядравая кнопка?

На канферэнцыі адной з галоўных тэмаў была пагроза ўжывання Уладзімірам Пуціным ядравай зброі ў адказ на ўкраінскае контрнаступленне і з прычыны анексіі Расеяй чатырох вобласцяў Украіны. Але пакуль Крэмль разбіраўся з фармальнасцямі, Украіна адваёўвала вялікія кавалкі «новых тэрыторый Расеі», а ядравага адказу не было. Нават пасля выбуху Крымскага мосту Расея адказала толькі звычайнымі, не ядравымі ракетамі. Гэта значыць, можна ўжо не баяцца ўжывання ядравай зброі?

«Ядравая опцыя – гэта працэс, гэта не пяціхвіліннае рашэнне. Я думаю, што Пуцін яшчэ не там», – адказвае Фельшцінскі.

Ува ўсім, што Пуцін робіць апошнія 15 гадоў, першы этап – блеф і разлік на тое, што праціўнік спалохаецца і здасца, кажа Фельшцінскі. Аднак кожны раз аказваецца, што блеф не працуе: у Грузію ў 2008 годзе даводзілася ўваходзіць, ва Украіну даводзілася ўваходзіць у 2014 і 2022 гадах, хоць разлік быў на тое, што войскі на мяжы прымусяць праціўніка здацца.

Цяпер ядравыя пагрозы Пуціна – той жа блеф, які не спрацуе. Ён не прымусіць Украіны скласці зброю, а яе саюзнікаў – спыніць дастаўляць зброю, бо саюзнікі робяць гэта не толькі дзеля Украіны, але і дзеля сябе: у іх няма іншага выхаду.

Уладзімір Пуцін на мітынгу-канцэрце «Выбар людзей. Разам назаўжды» на падтрыманне анексіі Расеяй чатырох вобласцяў Украіны. Масква, Расея. 30 верасня 2022 года.
Фота: Сяргей Карпухін / Kremlin.ru

За амаль восем месяцаў вайны ва Украіне Пуцін фактычна страціў «першы эшалон» арміі, якую доўга збіраў на межах Расеі і Беларусі і доўга трэнаваў на вучэннях, канстатуе Фельшцінскі. Тое, што засталося ад той арміі, можа выконваць функцыі стрымлівання і карання, але для наступальных дзеянняў гэтых «агрызкаў» недастаткова.

21 верасня Пуцін абвясціў дадатковую мабілізацыю 300 тысячаў чалавек. Фельшцінскі кажа: усе яны сышлі за мяжу, можа быць, больш за 300 тысячаў. Колькі дакладна, невядома, але гаворка відавочна пра сотні тысячаў. Нават калі Пуцін набярэ новае войска, яно будзе якасна саступаць ужо знішчанаму. Таму хадоў у Пуціна засталося мала.

«Цяпер ён паспрабуе атрымаць якое-кольвек падмацаванне з боку Лукашэнкі, – прагназуе Фельшцінскі. – Я не думаю, што тут яго чакаюць сур’ёзныя поспехі. Усё роўна ён прыйдзе да таго, што альбо павінен будзе прызнаць, што гэтую вайну прайграў, альбо ісці да канца».

Прызнаць паразу Пуцін не можа з сукупнасці прычынаў, таму будзе думаць, як ужываць ядравую зброю, мяркуе гісторык. Найзручней рабіць гэта з тэрыторыі Беларусі. Таму ў інтарэсах Еўропы, NATO і Украіны нанесці па Беларусі прэвентыўныя ўдары і «забраць Беларусь у Пуціна».

Гісторыі
«Вырашыў ратавацца тут». Чаму не ўсе расейцы бягуць з краіны
2022.10.06 18:12

Калі Лукашэнка адкрыта ўступіць у вайну, Пуцін страціць Беларусь, а NATO яе займее

Апошнія заявы Лукашэнкі Фельшцінскі трактуе так: ён падумвае, ці не ўступіць у вайну адкрыта і фармальна, бо ўгледзеў для Беларусі пагрозу ўварвання з боку NATO. З аднаго боку, «Пуціну цяпер важны любы лішні салдат, і, колькі там ні набярэ Лукашэнка, – усё ў плюс». Але з іншага боку:

«З гледзішча нашых інтарэсаў, вельмі добра, калі б Лукашэнка адкрыта і фармальна абвясціў, што ўступае ў гэтую вайну», – заяўляе гісторык.

Фельшцінскі нагадвае, што Лукашэнка і так фактычна ўжо бярэ ўдзел у гэтай вайне на баку Расеі, даўшы Пуціну Беларусь як плацдарм для нападу на Украіну. Для Пуціна гэта было вельмі важна, бо, калі паглядзець на мапу, робіцца відавочнаю «банальная вайсковая ісціна»: наступаць на Кіеў немагчыма з Расеі. Як Нямеччыне падчас Другой сусветнай вайны неабходна было нападаць на Францыю праз Бельгію, у абыход лініі Мажыно, так і Пуціну трэба было спачатку захапіць Беларусь, а ўжо адтуль наступаць на Кіеў. І ў 2021 годзе Расея незаўважна для астатняй Еўропы захапіла Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень адчыненых дзвярэй у Вайсковай акадэміі Беларусі. 30 студзеня 2021 года.
Фота: Таццяна Грыгаран / mil.by

Пакуль Лукашэнка «сядзіць ціха ў сваёй будцы» і займаецца выключна прыгнётам апазіцыі, Еўропе «не да яго», мяркуе Фельшцінскі. Калі Лукашэнка пашле беларускія войскі ва Украіну, ЗСУ выставіць супраць Лукашэнкі беларускія палкі, якія ўжо ваююць ва Украіне на баку ЗСУ, і войска Лукашэнкі «проста пяройдзе на бок Украіны». Пасля наступлення лукашэнкаўскіх частак супраць Украіны ў ЗСУ будуць развязаныя рукі ў справе ўдараў па вайсковых аб’ектах у Беларусі – «і гэта будзе канец Лукашэнкі». Пытанне ў тым, ці апынецца Лукашэнка «настолькі дурны ці настолькі несамастойны», каб адкрыта ўступіць у гэтую вайну як саюзнік Пуціна на поле бою Украіны.

«Праблема Лукашэнкі ў тым, што, у адрозненне ад Пуціна, ён класічны дыктатар. Гэта азначае, што з ліквідацыяй самога Лукашэнкі зменіцца і рэжым у краіне», – тлумачыць Фельшцінскі.

Гісторык мяркуе, што пасля сыходу Лукашэнкі «Беларусь хутка вернецца ў сямʼю еўрапейскіх народаў» і ўступіць у NATO: ужо ёсць «практычна сфармаваны ў эміграцыі ўрад»; ёсць палітычныя лідары, якія цяпер у беларускіх турмах (якія пасля сыходу Лукашэнкі выйдуць на волю); ёсць беларускія вайсковыя часткі, якія вернуцца з Украіны ў Беларусь для аднаўлення парадку; ёсць шмат моладзі, гатовай вярнуцца на радзіму і браць удзел у аднаўленні сваёй краіны.

Разбор
Лукашэнка ўступае ў вайну? Што азначае разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў
2022.10.10 17:37

Пуціна наўрад ці зрыне паўстанне, але яго можа звольніць начальства

Фельшцінскі дзесяцігоддзямі вывучаў сістэму кіравання ў Расеі, напісаў шэраг кніг пра гісторыю Расеі XX стагоддзя і пра сучасную Расейскую Федэрацыю. Ягонае бачанне палітычнай сістэмы цяперашняй РФ можна апісаць назвай апошняй на сёння кнігі гісторыка: «Ад чырвонага тэрору да мафіёзнай дзяржавы: спецслужбы Расеі ў барацьбе за сусветнае панаванне, 1917–2036».

Гісторык мяркуе, што Пуцін не аднаасобны дыктатар: краінаю кіруе нешта накшталт савецкага палітбюро. Але гэта не Савет бяспекі, «які заўсёды быў нязначным органам» і які цяпер узначальвае Мікалай Патрушаў, а калегія ФСБ:

«Я лічу, што Пуцін прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе як прадстаўнік ФСБ, як афіцэр дзейснага рэзерву, які быў пастаўлены на пасаду прэзідэнта Расеі. Такім ён і застаецца. Ён, вядома, за 22 гады стаў першым сярод роўных. Безумоўна, ягоны голас галоўны. Ці азначае гэта, што яго не могуць заўтра зняць рашэннем калегіі ФСБ? Я ў гэтым не ўпэўнены».

Цяпер у Расеі «хаос і бардак», «вакуум беззаконня», заяўляе Фельшцінскі і пералічвае апошнія навіны. Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў дазваляе сабе крытыкаваць ваеннае кіраўніцтва. Больш за тое, генералаў «крытыкуюць усе, каму не лянота». «Кухар Пуціна» Яўген Прыгожын адкрыта набірае ў калоніях строгага рэжыму людзей у сваё прыватнае войска, і ніхто яго не пытае не толькі пра законныя падставы набору вязняў у ПВК, а нават пра тое, што рабіць са зняволенымі, якія вернуцца з вайны параненымі, не адваяваўшы неабходныя паўгода. Мабілізацыя праводзіцца пры адкрытых межах, і ад яе «сыходзяць нават пешкі ў Манголію».

Калі Іосіф Сталін праводзіў мабілізацыю ў чэрвені 1941 года, ні адзін чалавек не ўцёк за мяжу, распавядае Фельшцінскі: у краіне панаваў тэрор, расстраляць маглі за мінімальны промах. Гісторык упэўнены, што Пуцін не ў стане імкліва закрыць мяжу і ўвесці масавы тэрор, а без гэтага нельга дамагчыся мэтаў, якія ён ставіць перад сабою.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакат на антываенным мітынгу. Масква, Расея. 24 лютага 2022 года.
Фота: Антон Карлінер / Vot Tak TV / Белсат

Фельшцінскі сцвярджае, што «апазіцыі ў Расеі няма». У тым ліку праз тое, што межы адкрытыя. Нязгодныя з рэжымам у «розныя гістарычныя эпохі» пакідалі Расею: спачатку багатыя, якія хацелі прыгожа жыць, пасля 24 лютага – тыя, хто разумеў, што пачалася вялікая вайна, пасля 21 верасня – проста ўсе маладыя людзі, якія асцерагаліся мабілізацыі і маглі з’ехаць.

На думку гісторыка, у Расеі «ўсе прызвычаіліся да думкі, што ў краіне нічога нельга змяніць да лепшага, а ўсё, што можна, – гэта паспрабаваць з Расеі ўцячы»:

«У любой іншай краіне да заканчэння прамовы Пуціна пра мабілізацыю народ сабраўся б вакол Крамля і Лубянкі ды патрабаваў бы зрынання ўраду. У Расеі замест гэтага народ пабег як мага хутчэй у аэрапорт, каб купіць квіткі і паляцець за мяжу».

Аднак усё гэта не гарантуе недатыкальнасці асабістай улады Пуціна, адзначае Фельшцінскі. У тым, што Пуцін «не нейкі выскачка і дыктатар тыпу Лукашэнкі», – і сіла, і слабасць Пуціна. З аднаго боку, ён «досыць трывала сядзіць у прэзідэнцкім крэсле». З другога – калі калегія ФСБ у ім расчаруецца, яго могуць забіць, звольніць, адправіць у адстаўку, замяніць… Паставяць новага чалавека пастановаю калегіі ФСБ – і Пуціна прызначаць на пасаду галоўнага дворніка на Лубянцы. Тады Пуціну давядзецца як афіцэру дзейснага рэзерву стаць дворнікам на Лубянцы, бо «афіцэр дзейснага рэзерву – чалавек паднявольны», рэзюмуе гісторык.

Аналітыка
Колькі ракетаў засталося ў Пуціна, і ці зможа Расея паўтарыць абстрэлы, як 10–11 кастрычніка?
2022.10.12 08:40

Алесь Наваборскі /ММ belsat.eu

Стужка навінаў