Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Менску 19 снежня


Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін прыляціць у Менск з працоўным візітам, перадае прэс-служба Лукашэнкі. Гэта ягоны першы візіт ў Беларусь за працяглы час. Перамовы будуць праведзеныя ў шырокім складзе і ў фармаце сам-насам разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама запланаваныя заявы і сустрэча з журналістамі.

Аляксандр Лукашэнка 26 верасня правёў перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Фота: president.gov.by

Перамовы пачнуцца з сустрэчы ў шырокім складзе з удзелам чальцоў урадаў і міністраў. Будзе абмяркоўвацца «ўвесь спектр найбольш актуальных пытанняў беларуска-расейскай інтэграцыі». Пасля гэтага плануюцца перамовы сам-насам.

Сярод тэмаў, якія плануецца абмеркаваць, наступныя:

  • рэалізацыя саюзных праграмаў для паглыблення інтэграцыі, а таксама гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне;
  • кааперацыйныя імпартазамяшчальныя праекты;
  • супраца ў энергетыцы.

Таксама плануецца надаць прыярытэтную ўвагу пытанням бяспекі. Пуцін і Лукашэнка «абмяняюцца меркаваннямі аб сітуацыі ў рэгіёне і свеце, абмяркуюць супольныя захады рэагавання на выклікі, якія паўстаюць», – паведамляе прэс-служба.

Апошні візіт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь быў тры з паловаю гады таму. У 2019 годзе расейскі прэзідэнт наведваў ІІ Еўрапейскія гульні, якія праходзілі ў Менску. Візіт Пуціна планаваўся і ўлетку 2022 года – ён збіраўся прыбыць у Горадню на Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі, але ў апошні момант візіт быў адменены.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў