Затрыманне «дыверсантаў», рэйды сілавікоў у Жлобіне і на Магілёўшчыне. Хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Улады апублікавалі фота затрыманых у выніку «чэкісцкай ваеннай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне.
Фота: nevolf / Telegram

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 16 лютага паведаміў пра затрыманне грамадзянаў Украіны і Беларусі ў выніку так званай «чэкісцкай ваеннай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне. Улады сцвярджаюць, што яны нібыта злавілі «дыверсантаў», якія дзейнічалі па загадзе СБУ, і планавалі ўчыніць выбухі ў Расеі і Беларусі. Сярод затрыманых – грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі, а таксама грамадзянін Беларусі, жыхар Берасця Віталь Уласюк. Супраць іх распачатыя крымінальныя справы па арт.13 і арт.289 («Падрыхтоўка да акту тэрарызму»), арт.358-1 («Агентурная дзейнасць») КК.

Арцём Стадольнік.
Фота: spring96.org

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Докшыцах затрымалі былога настаўніка гісторыі Арцёма Стадольніка. Яго абвінавачваюць паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне») за допіс у інстаграме ад 18 студзеня 2021 году. Ён не мае палітычнага зместу, але быў праілюстраваны здымкам машыны з налепкай «Пагоні». Налепку Арцём зняў пазней па патрабаванні міліцыянтаў: тады абышлося без пратакола. Цяпер Стадольніка затрымалі на трое содняў.

ПЦ «Вясна» паведамляе пра рэйды сілавікоў у Жлобіне і на Магілёўшчыне.

У Магілёўскай вобласці як мінімум некалькі чалавек былі затрыманыя КДБ. Сілавікоў цікавілі дзеянні пасля выбараў 2020 года, а таксама перапіскі ў мэсэнджарах і сацсетках, падпіскі на Telegram-каналы. У некаторых выпадках, людзей прымушалі адпісвацца ад іх, нават тых, якія не ўключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а проста не спадабаліся чэкістам. Акрамя таго, супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці збіраецца той ці іншы чалавек ісці на выбары. Пасля размовы людзей прасілі падпісаць дакумент, у якім яны дэкларавалі недапушчальнасць незаконных дзеянняў, пасля чаго адпускалі.

У Жлобіне 15 лютага было разгледжана пяць адміністратыўных справаў. Былых палітвязняў Андрэя Андрэева, Дзмітрыя Бераснева, Аляксандра Кісялева, Мікалая Ільянка і Яўгена Пархамовіча прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі»). Праваабаронцы мяркуюць, што гэта была «зачыстка ненадзейных» напярэдадні выбараў.

Дзмітрый Кучук, кіраўнік партыі «Зялёныя». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

У Менску затрымалі лідара зліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука. Ён збіраўся ўскласці кветкі каля амбасады Расеі ў Менску, каб ушанаваць памяць Аляксея Навальнага. Вядома, што пасля затрымання яго адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менску.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Вільня, Літва. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Следчы камітэт заявіў, што супраць Франака Вячоркі, якія зʼяўляецца старэйшым дарадцам абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, распачатае спецыяльнае вядзенне. Яму выстаўлена абвінавачанне адразу па 9 артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Палітзняволеная Ксенія Ходырава. Крыніца фота: Вясна / Telegram

Менгарсуд 16 лютага агучыў прысуд ганаровай выпускніцы БДУ 27-гадовай Ксеніі Ходыравай: 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітзняволеную прызналі вінаватай у «фінансаванні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) і «фінансаванні ўдзелу ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы » (ч. 2 арт. 361-3 КК).

Сілавікі наведваюць сябраў зліквідаванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якія прымалі раней удзел у назіранні за выбарамі. Праводзяцца прэвентыўныя гутаркі, праглядаюцца тэлефоны, некаторых затрымліваюць, паведамляе Telegram-канал БСДП.

У Берасці за данаты затрыманы мужчына, супраць яго распачатая крымінальная справа. «Пакаяльнае відэа» з затрыманым апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гора заявіў, што ў 2023 годзе ў пракуратуру для накіравання ў суд было перададзена больш за 1300 «экстрэмісцкіх» справаў (нагадаем, слова «экстрэмізм» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваюць для абазначэння любых праяваў іншадумства). Акрамя таго, ён распавёў, што ў Беларусі «рэалізуецца механізм вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобаў, якія ажыццявілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з’явіліся з пакаяннем і кампенсавалі прычыненую шкоду». Паводле старшыні СК, сума выплачаных у 2023 годзе «дабрачынных ахвяраванняў» ужо перавысіла Br 37 млн – гэта каля $ 11,5 млн.

Hавiны
Улады заклікаюць беларусаў выдаліць «сумнеўную» інфармацыю з сацсетак за апошнія 5 гадоў
2024.02.11 16:10

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў