Сілавікі прымусілі беларусаў заплаціць за данаты каля $ 11,5 млн


Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гора распавёў, колькі ў 2023 годзе беларусы заплацілі дзяржаве «дабрачынных ахвяраванняў», каб пазбегнуць крымінальнага пераследу за данаты. Пра гэта паведамляе «СБ-Беларусь сегодня».

Старшыня СК Дзмітрый Гора.
Фота: skgovby / Telegram

Паводле кіраўніка СК, у 2023 годзе ў пракуратуру для накіравання ў суд было перададзена больш за 1300 «экстрэмісцкіх» справаў (нагадаем, у апошнія гады слова «экстрэмізм» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваюць для абазначэння любых праяваў іншадумства). Таксама летась актыўна выкарыстоўваўся інстытут «спецыяльнай дасудовай вытворчасці», у рамках якога была скончаная вытворчасць адносна 12 крымінальных справаў у дачыненні да 31 асобы.

«Рэалізуецца механізм вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобаў, якія ажыццявілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з’явіліся з пакаяннем і кампенсавалі прычыненую шкоду», – заявіў Гора.

Паводле старшыні СК, сума выплачаных у 2023 годзе «дабрачынных ахвяраванняў» ужо перавысіла Br 37 млн – гэта каля $ 11,5 млн.

Праваабаронцы канстатуюць, што ўжо больш за год беларусаў актыўна выклікаюць у КДБ і пад пагрозаю крымінальнага пераследу патрабуюць заплаціць сумы, якія ў шмат разоў перавышаюць ахвяраванні, зробленыя імі раней у фонды салідарнасці і іншыя незалежныя ініцыятывы.

Агляд
Рэпрэсіі выйшлі на новы ўзровень. За 2023 год пачалі не менш за 6419 палітычных справаў
2024.02.02 20:31

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў