«Я закон не парушаю, раблю ўсё для людзей». Хто такі блогер Вадзімаці, якога будуць судзіць за абразу Лукашэнкі?


14 снежня ў Шчучыне распачнецца суд над гарадзенскім блогерам Вадзімам Ермашуком (вядомы пад імем Вадзімаці). Яго будуць судзіць па дзвюх крымінальных справах: па арт. 368 КК ««Абраза Лукашэнкі») і арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).

Блогер Вадзімаці.
Фота: Вадзім Ермашук / Instagram

Хто такі блогер Вадзімаці?

Вадзіму 36 гадоў, гарадзенец. Мае юрыдычную адукацыю. Працаваў на гарадзенскім рынку прадаўцом вопраткі. Яго сябры кажуць – працу сваю Вадзім вельмі любіў. Але больш ён вядомы як Instagram-блогер – колькасць падпісантаў на яго акаўнт перавышае 41 тысячу карыстальнікаў.

Эпатажны і вясёлы чалавек – так яго апісваюць знаёмыя. Блізкіх сваякоў і родных у блогера практычна не засталося. Маці памерла, калі яму было 12 год, яго выхоўвала цётка. Мае сястру Наталлю.

Вадзім у вобразе народнага дэпутата.
Фота: Вадзім Ермашук / Instagram

Вадзім займаўся дваравым актывізмам і стараўся дапамагаць вырашаць мясцовыя праблемы. Як распавядаюць ягоныя сябры, ён спрычыніўся да добраўпарадкавання спальнага раёну, у якім жыве – напрыклад, дзякуючы яму былі адрамантаваныя дарогі і пандусы ў крамах. У сваім блогу ён пісаў пра мясцовыя праблемы і адзначаў профілі чыноўнікаў, якія маглі б гэтыя пытанні вырашыць. Таксама размяшчаў розныя просьбы аб дапамозе, напрыклад, у пошуку зніклых людзей. На гэтай хвалі Вадзім пачаў называць сябе «народным дэпутатам» і здымаць у гэтым вобразе іранічныя відэаролікі. Таксама Вадзім актыўна выказваў і сваю грамадзянскую пазіцыю. Напрыклад, выступаў у абарону правоў прадпрымальнікаў.

Актыўную палітычную пазіцыю ён пачаў выказваць з пачаткам пратэстнай актыўнасці ў Горадні летам 2020 году. Хадзіў на перадвыбарчыя пікеты, мітынгі кандыдатаў у прэзідэнты, распавядаў сваім падпісантам пра затрыманні і рэпрэсіі, якія тады толькі пачыналіся. Актыўна распавядаў пра тое, што адбываецца ў Горадні падчас жнівеньскіх падзеяў. Пасля выбараў ён неаднаразова выказваўся супраць гвалту і беззаконня на вуліцах, падтрымліваў палітвязняў, дапамагаў іх сем’ям, наведваў суды па «палітычных» працэсах і распавядаў пра іх у сваім блогу. Хадзіў на праўладныя мітынгі «ябацек» і троліў іх. У кастрычніку мінулага году яго аштрафавалі на 540 рублёў за «мадэрацыю» маршу гарадзенцаў.

«Адзначу, што ён вельмі наіўны, добры і даверлівы чалавек з выдатным пачуццём гумару. Ён заўсёды казаў – «я закон не парушаю, раблю ўсё для людзей». З’язджаць з Беларусі ён ніколі не хацеў, хаця яго папярэджвалі. Ён заўсёды дапамагаў, калі да яго звярталіся па дапамогу ці падтрымку. Ён адзіны блогер, які асвятляў усе падзеі, у такі рызыкоўны час. Адзіны яго мінус – гэта наіўнасць», – распавяла «Белсату» сяброўка Вадзіма.

Вадзімаці каля абласнога суду з сям’ёй хлопца, якога судзілі па палітычнай справе.
Фота: Вадзім Ермашук / Instagram

Пераслед

Вадзім знаходзіцца за кратамі з 16 жніўня. Яго затрымалі ў Шчучыне, калі ён аглядаў мясцовую скейт-пляцоўку. Разам з сябрамі хацеў дамагчыся таго, каб у Горадні з’явілася такая ж, дзеля развіцця скейтынгу ў горадзе. З гэтай мэтай ён ездзіў раней і на іншыя пляцоўкі – у Вялейку і Маладзечна. Блогера затрымалі нібыта за заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства.

19 жніўня суддзя Дзмітрый Цівунчык прысудзіў яму 25 содняў арышту паводле арт. 24.23 КаАП. Вадзім абвесціў галадаванне. Падтрымаць яго на суд з Горадні прыехалі некалькі дзясяткаў чалавек, аднак на разгляд справы тады пусцілі толькі адваката і сведак.

На судзе па палітычнай справе. Злева направа журналістка Надзея Віціна, блогер Вадзімаці, блогерка Любоў Сарлай.
Фота: Вадзім Ермашук / Instagram

9 верасня Вадзіма асудзілі яшчэ на 15 содняў. Прычынай новага пратаколу стаў нібыта ягоны званок у службу «115» 13 жніўня і нецэнзурныя выказванні ў бок ЖКГ і гарвыканкаму. 16 верасня стала вядома, што Вадзім Ермашук праходзіць падазраваным паводле крымінальных справаў, за што яго затрымалі. Увесь гэты час ён знаходзіцца ў шчучынскім СІЗА.

14 снежня распачнецца суд над блогерам у Шчучыне. Вадзіма Ермашука абвінавачваюць паводле арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі»), паводле якога яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі і арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»), які прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
Прэс-сакратара «А1 Беларусь» Мікалая Брэдзелева пакаралі 15-дзённым арыштам
2021.12.13 16:50

СП belsat.eu

Стужка навінаў