Менш купілі і менш прадалі. Вынікі валютнага рынку Беларусі за 2022 год


Гледзячы на вынікі мінулага года, насельніцтва Беларусі менш купіла і менш прадало валюты, чым у 2021-м, паведамляе Нацбанк. Не выратаваў сітуацыю нават усплёск актыўнасці ў снежні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

За 2022 год беларусы купілі $ 10,032 млрд. Пры гэтым попыт насельніцтва на валюту аказаўся на 8 % меншы за паказнік папярэдняга года, калі было набыта $ 10,853 млрд. Адначасова насельніцтва і менш прадало валюты на мясцовым рынку – $ 10,059 млрд супраць $ 10,906 млрд у 2021, прапанова зменшылася на 8,4 % у параўнанні з мінулым годам. Пры гэтым сальда куплі-продажу валюты насельніцтвам склалася станоўчае, прадалі больш, чым купілі, на $ 26 млн.

Апошні месяц года характарызаваўся большай актыўнасцю насельніцтва на валютным рынку, чым папярэдні. У снежні беларусы купілі $ 1 млрд, прадалі $ 890 млн, тады як у лістападзе адпаведныя паказнікі былі меншыя (купілі $ 919 млн, прадалі $ 788 млн).

А вось прадпрыемствы краіны ў 2022 годзе купілі валюты болей, чым у 2021 годзе: $ 27,707 млрд супраць $ 26,579 млрд, попыт на валюту з боку юрыдычных асобаў у параўнанні з папярэднім годам вырас на 4,2 %. Продаж валюты прадпрыемствы скарацілі, за 2022 прадаўшы $ 26,3791 млрд, пры тым, што ў 2021 годзе прадалі $27,259 млрд. Прапанова валюты на ўнутраны рынак ад прадпрыемстваў зменшылася, такім чынам, на 3,34 %. Пры гэтым сальда куплі-продажу валюты прадпрыемствамі склалася адмоўнае, за 12 месяцаў 2022 года купілі больш, чым прадалі, на $ 1,3279 млрд

Пры гэтым у снежні прадпрыемствы-рэзідэнты праявілі асаблівую актыўнасць у параўнанні з лістападам, калі яны купілі і прадалі валюты па $ 2,4 млрд. За снежань гэтыя лічбы склалі ўжо $ 2,988 млрд і $ 2,586 млрд адпаведна.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў