Варшаўскі суд часова забраў у беларускі немаўля, якое важыла 1,5 кг


У ноч на 22 траўня грамадзянка Беларусі прыйшла ў варшаўскую лякарню з вельмі знясіленым дзіцём: двухмесячнае немаўля важыла 1,5 кг, калі нармальная вага ў такім узросце – больш за 5 кг. У судзе «Белсату» расказалі, што дзіця забралі, а бацькоў не затрымлівалі.

Немаўля трымае дарослага за руку
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Немаўля трымае дарослага за руку.
Фота: Jason Pratt / Flickr, CC BY 2.0

Што здарылася

Пра здарэнне раней паведамлялі наступнае: у ноч на 22 траўня ў лякарню на вуліцы Каперніка ў Варшаве прыйшлі маці (грамадзянка Беларусі) і бацька (як выявілася пазней, грамадзянін Украіны) з дзіцём узросту каля 10 тыдняў. На целе дзіцяці заўважна выступалі косткі.

Доктар паставіў дыягназ: дзіця моцна знясіленае і галоднае. Бацькі выслухалі лекара, забралі дзіця і з’ехалі. На іхныя пошукі выправілі некалькі атрадаў паліцыі. Бацькоў адшукалі, яны былі ў стане алкагольнага ап’янення (каля 1 праміле ў выдыханым паветры). Дзіця даставілі ў шпіталь.

Бацькам выставілі абвінавачванне паводле артыкулу за паддаванне дзіцяці небяспецы (§ 2 арт. 160 Крымінальнага кодэксу Польшчы), ім пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў пазбаўлення волі. Далейшыя дзеянні ў справе праводзіць IV штаб нацыянальнай паліцыі з Бэмова і пракуратура, пра справу паведамілі сямейнаму суду.

Пазней журналісты назвалі імёны падазраваных бацькоў: 40-гадовая грамадзянка Беларусі Кацярына Г. і 41-гадовы грамадзянін Украіны Сяргей З. За імі выставілі паліцэйскі нагляд, забралі пашпарты і забаранілі пакідаць краіну. На дзень 29 траўня дзіця было ў шпіталі ў аддзяленні паталогіі немаўлятаў.

Што расказаў суд

Інспектар аховы звестак раённага суда раёну Варшава-Воля Лукаш Ціхоўскі расказаў «Белсату», што трывае справа аб абмежаванні ці пазбаўленні бацькоўскіх правоў. 23 траўня была вынесеная пастанова аб наданні абароны дзіцяці: яго змясцілі ў прыёмную сям’ю да сканчэння следчых працэдураў.

У секцыю падрыхтоўчага вядзення суда не паступалі запыты на ўжыванне мераў стрымання, дадаў прадстаўнік суда.

Імаверна, маці бачылі ў консульстве

Чытачка «Белсату», якая пажадала застацца ананімнай, расказала, што незадоўга да здарэння бачыла ў консульстве Беларусі ў Варшаве жанчыну ў сарафане і красоўках, як на відэа выдання «Miejski Reporter», з маленькім дзіцём у вазку. Дзіця тады было загорнутае ў руды ручнік. Паводле чытачкі, жанчына збіралася зрабіць дзіцяці даведку для ўезду ў Беларусь:

«Жанчына была цвярозая. І ў машыне аднаго хлопца, які стаяў з намі ў чарзе, нават карміла малога. Але расказвала дзіўныя рэчы: калі зацяжарала, яе звольнілі з працы, а калі нарадзіла, да яе ніхто не прыходзіў на патранаж. Страхоўкі няма, таму збіралася з’ехаць. Магчыма, сапраўды ў яе цяжкая сітуацыя. Яна ў амбасаду ехала з трыма перасадкамі, грошай на таксі не было».

Чытачка дадала, што вельмі расхвалявалася, калі пабачыла навіну пра дзіця і пазнала маці паводле адзення і красоўках на відэа журналістаў. Гісторыя жанчыны здалася ёй падобнай да праўды.

Выгляд жанчыны чытачку насцярожыў: выглядала небагатай, але ў чыстым адзенні, з «нясвежай» скурай, але не як у алкаголікаў. Чытачка адзначае, што жанчына падрыхтавала неабходныя дакументы для атрымання даведкі на дзіця – наўрад ці п’яніца так змагла б.

Жанчына распавядала, што працавала ў Польшчы медсястрой у нейкай прыватнай структуры, уладкавалася праз агенцыю. Калі зацяжарала, патрабавалі звольніцца і шантажавалі тым, што калі не звольніцца сама, то не дадуць патрэбных дакументаў для атрымання віду на жыхарства. У выніку вырашыла звольніцца і падаць дакументы на карту побыту, але не мела грошай нават на тое, каб паехаць у іншы горад, куды скіравалі па даведку.

На думку чытачкі, жанчына не надта добра разумела польскія і беларускія законы, а таксама была недастаткова рашучай, каб звярнуцца па дапамогу. Распавядала: страхоўкі не мела, бо нейкі час не працавала, і таму казала, што не можа нават узважыць дзіця, бо за гэта нібыта трэба плаціць 200 злотых. Таксама распавядала: не развялася з мужам у Беларусі, таму не змагла запісаць у дзіця бацьку-ўкраінца, фармальна засталася маці-адзіночкай.

У Facebook-суполцы беларусаў Варшавы нядаўна былі пытанні адносна дакументаў для дзяцей для выезду ў Беларусь, але прыходзілі яны ад ананімных карыстальнікаў.

Hавiны
Сейм Польшчы прыняў змены ў закон пра дапамогу ўкраінцам. Закране ён і беларусаў
2024.05.16 18:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў