«Нічога не вязіце – і будзе спакойна, такі закон». Што адбываецца на межах Беларусі


Праблемы з чэргамі на межах Беларусі і дзяржаваў Еўразвязу не знікаюць. Калі раней найбольшыя чэргі легкавікоў былі з Літвы ў Беларусь, цяпер бяда з чаргой з Беларусі ў Польшчу. Чэргі грузавікоў павялічыліся па ўсіх напрамках. Акрамя таго, з’явілася новая праблема –  у Літву не даюць завозіць практычна нічога, часам нават гарбату ў тэрмасе. З чатаў відаць, што мытнікі на літоўскай мяжы прынялі самыя жорсткія забароны на завоз харчовых тавараў.

Чарга на заезд у Беларусь на пункце пропуску «Берасце». 3 чэрвеня 2024 года.
Фота: gpk.gov.by

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на сярэдзіну дня 3 чэрвеня публікуе наступныя лічбы чэргаў на выезд з Беларусі.

  • «Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія): 10 легкавікоў, 530 цяжкавікоў, з ночы чарга легкавікоў амаль знікла.
  • «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва): 55 легкавікоў, 800 цяжкавікоў, ноччу было 90 легкавікоў. Онлайн-камера не абнаўляецца з 30 траўня.
  • «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва): 70 легкавікоў, 825 цяжкавікоў, ноччу чарга скарачалася да 35 легкавікоў.
  • «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча, грузавы): 300 цяжкавікоў, з ночы без зменаў.
  • «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча): 450 легкавікоў і 70 аўтобусаў, легкавікоў і аўтобусаў з ночы толькі паболела.

Паводле звестак літоўскіх памежнікаў (PDF), чэргі на раніцу 3 чэрвеня былі наступныя.

  • «Мядзінінкай»: на заезд у Літву – 820 цяжкавікоў і 50 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 655 цяжкавікоў і нуль легкавікоў.
  • «Шальчынінкай»: на заезд у Літву – 840 цяжкавікоў і 40 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 654 цяжкавікоў і нуль легкавікоў.

Апошні лічыльнік, імаверна, не працуе, як і мінулымі днямі.

У чаце пра «Грыгораўшчыну – Патэрніекі» пішуць, што чарга да мяжы з латвійскага боку ёсць, стаіць некалькі дзясяткаў машынаў, прапускаюць ад 5-7 да 15 машынаў за гадзіну, пераход мяжы займае каля 9 гадзінаў. З Беларусі ў Латвію пераехаць мяжу на машыне займае 6 гадзінаў, калі не пашанцуе, і 1 гадзіну 20 хвілінаў, калі пашанцуе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтавакзал у Рызе, Латвія. 19 траўня 2024 года.
Фота: Victor Lisitsyn / Russian Look / Forum

У чаце пра «Каменны Лог – Мядзінінкай» пішуць, што пераход мяжы з Літвы ў Беларусь на машыне займае 11,5 гадзіны, на аўтобусе – 6, з літоўскага боку працуе толькі адзін канал. Наракаюць, што ў чарзе стаяць пераважна перагоннікі машынаў. На машыне з Беларусі ў Літву мяжу праходзяць за 9–11 гадзінаў, на аўтобусе – за 5–9.

Адзін з карыстальнікаў наракае, што на літоўскай мяжы мытнікі забараняюць правозіць шмат якія тавары, нават алкаголь з д’юці-фры, другі пацвярджае: «Перавярнулі ўсе торбы, усю ежу, напоі, ваду, алкаголь сказалі ўтылізаваць». Трэці расказвае, што прымусілі выліць нават гарбату з тэрмасу і не дазволілі правезці лекі (яшчэ аднаму карыстальніку лекі дазволілі правезці). На чалавека дазваляюць правезці бутэльку вады і пачку цыгарэтаў.

У чаце пра «Беняконі – Шальчынінкай» кажуць, што там літоўскія мытнікі таксама забараняюць правозіць практычна ўсё, але гарбату ў тэрмасе дазваляюць і кажуць, што «мы ж не звяры». Іншы падказвае: можна загадзя падрыхтавацца і выкінуць пару рэчаў «для віду». Мяжу з Беларусі ў Літву на машыне праходзяць за 8,5–20 гадзінаў, з малым дзіцём – за 6 гадзінаў. Затрымак з аўтобусамі няма. З літоўскага боку чаргі легкавікоў амаль няма.

На гарачай лініі літоўскай мытні журналісту «Белсату», які тэлефанаваў як прыватная асоба, растлумачылі: нядаўні закон забараніў шырокі спіс прадуктаў без удакладнення наконт таго, колькі можна правозіць нават бутэрбродаў у дарогу. Проста забаронены імпарт мноства прадуктаў, «такі закон». Гісторыя пра тэрмас з гарбатай суразмоўцу на гарачай лініі здзівіла: не чула, каб была аж такая забарона, бо які ж гэта імпарт. Але падкрэсліла: закон не мае нейкіх асаблівых тлумачэнняў наконт завозу тавараў для асабістага карыстання. Суразмоўца параіла проста нічога везці. Для лекаў параіла мець рэцэпты. Дзе паглядзець, што можна ўвозіць, на гарачай лініі не змаглі падказаць: «Нічога не вязіце – і будзе спакойна, такі закон».

Hавiны
Літва забараніла ўвоз больш за 2800 тавараў з Беларусі і Расеі
2024.05.29 21:58

У адным з чатаў пра «Берасце – Тэрэспаль» расказваюць, што ў чарзе з Беларусі ў Польшчу на аўтобусе стаялі 21–30 гадзінаў, а на машыне праходзілі мяжу за 39–40 гадзінаў. Нават калі даехаць да мяжы і перасесці ў першы аўтобус перад беларускай мяжой, на праход мяжы можа пайсці 13–15 гадзінаў. Расказваюць, што праблема ў памежнікаў на беларускім баку, «у беларусаў усё ўстала колам».

У другім чаце пра «Берасце – Тэрэспаль» апісваюць расклад: а 1-й ночы прыехалі да беларускай мяжы, пераселі ў сёмы ад мяжы аўтобус, а 4:40 заехалі на беларускі пункт пропуску, прайшлі яго а 7-й раніцы, толькі а 14:00 заехалі на сам мост праз Буг, а 15:20 праехалі мост, з 17:35 да 18:30 праходзілі польскую мяжу. Іншы карыстальнік апісвае такі ж час – 17 гадзінаў – пры перасаджванні ў аўтобус пад мяжой днём. За падсаджванне ў аўтобус просяць 35–60 долараў. У аднаго карыстальніка праход мяжы з Беларусі ў Польшчу на аўтобусе заняў аж 28 гадзінаў, але іншым аўтобусам пашчасціла прайсці мяжу за 5–12 гадзінаў. У яшчэ аднаго чалавека пераход мяжы на машыне з малым дзіцём заняў 13 гадзінаў, у яшчэ аднаго на машыне без дзіцяці – 39 гадзінаў. Іншы карыстальнік разважае: днём раней пісалі, што на машыне праходзілі мяжу з Беларусі ў Польшчу за 31 гадзіну, але тады ў чарзе было 180 машынаў, цяпер – 450. Карыстальнікі наракаюць: «Гандляры чаргой цэны заломваюць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус «Варшава – Берасце» на вакзале «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

З польскага боку да мяжы практычна няма чаргі, у аднаго з карыстальнікаў праход мяжы з Польшчы ў Беларусь заняў менш за гадзіну з улікам правярання машыны рэнтгенам. Але іншы карыстальнік адзначае: у польскіх памежнікаў працуе па адным канале для машынаў і аўтобусаў, бо шмат памежнікаў забралі на патруляванне ў сувязі з ростам спробаў незаконнага пераходу мяжы.

На гарачай лініі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі «Белсат» запэўнілі, што праблема не з беларускага, а з польскага боку. Ці знікне праблема, залежыць ад таго, колькі машынаў будуць прапускаць польскія памежнікі, запэўнівае беларускі бок.

Hавiны
З’явілася відэа штурму польскай мяжы мігрантамі
2024.06.01 08:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў