ЗСУ намагаюцца перахапіць ініцыятыву на поўначы краіны. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 832-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Помнік князю Уладзіміру на Уладзімірскай гары ў Кіеве, Украіна. 28 траўня 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

Працягваюцца баі з поўначы ад сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (Харкаўскі і Чугуеўскі раёны адпаведна).

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што Збройныя сілы Украіны контратакуюць на абодвух участках, імкнучыся адкінуць праціўніка да дзяржаўнай мяжы. Адначасова з гэтым наносяцца ўдары заходняй зброяй па тылавых раёнах расейцаў на тэрыторыі РФ.

Іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – прызнае, што ЗСУ кантралююць частку тэрыторыі Ваўчанску з поўначы ад ракі Воўча, а таксама намагаюцца наладзіць пераправы на іншых участках ракі ў горадзе.

У сваю чаргу Узброеныя сілы РФ актыўна праводзяць фартыфікацыйныя мерапрыемствы на поўначы ад Ваўчанску, рыхтуючыся да прарыву ўкраінцаў у горадзе.

Праўкраінскія тэлеграм-каналы «Говорять Снайпере» і «Офіцер» паведамляюць пра пазіцыйныя поспехі Збройных сілаў каля Ліпцаў і ўзяцце вялікай колькасці расейцаў у палон у Ваўчанску.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны на купянскім і ліманскім кірунках адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэпавая Навасёлаўка, Стэльмахаўка і Ямпаль. Пры гэтым адзначаецца, што сітуацыя застаецца кантраляванай.

«Говорять Снайпер» піша, што таксама расейцы актывізаваліся ў лясным масіве каля гораду Крэмінная на Луганшчыне: тут ім удалося часова заняць тры пазіцыі ЗСУ, але замацавацца войскам РФ не ўдалося праз удары ўкраінскай артылерыі.

Тым часам у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра заняцце вайскоўцамі больш выгадных рубяжоў каля населеных пунктаў Стэпавая, Навасёлаўка і Багуслаўка ў Харкаўскай вобласці. Каля Неўскага (на левым беразе ракі Жарабец у Луганскай вобласцях) яны адбілі контратаку ўкраінцаў.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні ў ваколіцах населенага пункту Белагораўка, але прасунуцца не здолелі.

Канал «Два майора» паведамляе пра сцягванне рэзерваў ЗСУ на гэты ўчастак фронту для нанясення масіраванага ўдару.

На краматорскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы цягам содняў безвынікова атакавалі каля сёлаў Калінаўка, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што акрамя гэтага Узброеныя сілы РФ наступаюць у ваколіцах усходніх раёнаў гораду Часаў Яр, дзе маюць прасоўванні на адлегласць да аднаго кіламетра.

Цяжкае становішча ЗСУ ў горадзе прызнае і праўкраінскі «Бахмутський Демон»: на ўчастку ідуць максімальна кантактныя баі, актыўна працуе артылерыя і авіяцыя расейцаў, з дапамогай якіх знішчаюцца пазіцыі Збройных сілаў.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ паступова развіваюць поспех на захадзе ад гораду Аўдзееўка.

Канал «Два майора» фіксуе прасоўванні расейцаў у ваколіцах сёлаў Сокал, Уманскае і Нятайлава.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ад Нятайлава войскі РФ прасунуліся на захад да населенага пункту Карлаўка, дзе цяпер ідуць баі на тэрыторыі садовага таварыства.

Прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын сцвярджае, што таксама УС РФ маюць поспехі каля Яснабродаўкі і Новапакроўскага.

Ніжэй па фронце ідуць баі за Краснагораўку, дзе пад кантролем ЗСУ застаецца паўночная частка гораду.

Таксама на курахаўскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах Парасковіеўкі. Некаторыя прарасейскія крыніцы заяўляюць пра поўны захоп войскамі РФ гэтага сяла і адыход украінцаў да суседняй Канстанцінаўкі.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці, па словах украінскага камандавання, былі адбітыя атакі праціўніка каля сёлаў Старамаёрскае і Залатая Ніва. Стратаў пазіцыяў не адбылося.

Тым часам «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ занялі частку тэрыторыі Старамаёрскага і пасадкі на ўсходзе ад суседняга Ураджайнага.

У Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.

У Херсонскай вобласці расейцы зноў атакавалі на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі, але прасунуцца не здолелі.

Таксама расейцы намагаюцца зачысціць ад праціўніка астраўную зону ракі.

Адначасова з гэтым Збройныя сілы Украіны спрабуюць высаджвацца на новых участках левабярэжжа.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў