Расследаванне «BELPOL»: як прыватная беларуская кампанія зарабляе на вайне


Арганізацыя былых сілавікоў «BELPOL» апублікавала дадзеныя пра яшчэ адну беларускую кампанію, якая зарабляе на вайне ва Украіне. Гаворка вядзецца пра менскую ТАА «Рухсервамотар», якая сярод іншага вырабляе камплектуючыя, што выкарыстоўваюцца ў расейскіх танках.

Прадукцыя ТАА «Рухсервамотар».
Крыніца: «BELPOL»

ТАА «Рухсервамотар» – гэта прыватная кампанія, якая займаецца вытворчасцю камплектуючых да прыцэлаў камандзіра панарамных (ПКП), што выкарыстоўваюцца ў расейскіх танках Т-72 і Т-90. У прыватнасці, «Рухсервамотар» пастаўляе ротары і статары для рухавікоў ПКП.

Паводле інфармацыі «BELPOL», канцавым спажыўцом прадукцыі «Рухсервамотар» з’яўляецца беларуская кампанія «Пеленг», якая знаходзіцца пад санкцыямі Злучаных Штатаў і Еўразвязу, а таксама шэраг расейскіх кампаніяў ваенна-прамысловага комплексу Расейскай Федэрацыі. У прыватнасці, ніжнетагільскі «Уралвагонзавод», «Валагодскі оптыка-механічны завод», кампанія «Збройныя майстэрні», «НПК «Канструктарскае бюро машынабудавання» і «41 Цэнтральны завод чыгуначнай тэхнікі» з Падмаскоўя, тульскае «КБ Прыборабудавання» і іншыя.

«BELPOL» сцвярджае, што дзякуючы беларускаму прадпрыемству «Рухсервамотар» у Расеі з 2022 па цяперашні час было мадэрнізавана, зроблена і адрамантавана каля 600 танкаў Т-72 і Т-90.

Пры гэтым «Рухсервамотар» удаецца працаваць не толькі з расейскімі партнёрамі, але і заходнімі – у Нямеччыне («SIEMENS» і «INA»), Італіі («SAE Group»), Канадзе («Acculogic»). На сайце ў «Рухсервамотар» таксама згадваюцца кампаніі, якія ўваходзяць у сетку дылераў: «PARKEM AG» (Швейцарыя), «KML LINEAR MOTION TECHNOLOGY GmbH» (Аўстрыя), «INTECH CORPORATION» (Карэя), «Taiwan Servo Dynamics Co., Ltd». (Тайвань), «Taiwan Servo Dynamics Co., Ltd». (Турцыя).

Свае сувязі з расейскім ваенпрамам «Рухсервамотар» імкнецца схаваць, піша «BELPOL». Верагодна, таму з дэталяў рухавіка прыцэла ў студзені 2024 года знік надпіс «Ruchservomotor Ltd. Made in Belarus».

Для таго каб не страціць заходнія кантракты, «Рухсервамотар» «знайшоў для сябе фірму-пракладку – ТАА «Лабараторыя адытыўных тэхналогіяў» (г. Менск), праз якую і робіцца адгрузка камплектуючых да прыцэлаў для расейскай ваеннай тэхнікі», – піша «BELPOL».

Акрамя таго, разам з «Лабараторыяй адытыўных тэхналогіяў» «Рухсервамотар» стварае схемы паставак іншых замежных камплектуючых для ПКП, напрыклад, абсалютных аптычных энкодэраў.

Так, арганізацыі «BELPOL» стала вядома, што «Рухсерваматор» разам з «Лабараторыяй адытыўных тэхналогіяў» настойліва спрабуюць набыць у Кітаі для падсанкцыйнага прадпрыемства «Пеленг» тысячу энкодэраў, неабходных для вытворчасці танкавых прыцэлаў камандзіра панарамных.

У дадзены ж момант на прадпрыемстве вядзецца праца над стварэннем яшчэ 200 камплектаў дэталяў да прыцэлаў камандзіра панарамных, якія будуць выкарыстоўвацца ў расейскіх танках. Гэтыя дэталі будуць пастаўляцца з чэрвеня 2024 па студзень 2025 года роўнымі партыямі.

Вядома, што ўладальнікамі прыватнай кампаніі «Рухсервамотар» з’яўляюцца грамадзяне Беларусі Аляксандр Жарскі (дырэктар) і Сяргей Сідарук (намеснік дырэктара). Цікава, што адзін з сузаснавальнікаў «Рухсервамотар» – гэта брат Аляксандра Жарскага – Уладзімір Жарскі, які таксама з’яўляецца дырэктарам кампаніі ТАА «РУХТЭХ», якая належыць карпарацыі «АЙ-ПІ-ДЖЫ Фотанікс Карапарэйшн» (ЗША).

У выкрывальніцкім матэрыяле «BELPOL» адзначае, што ўсю атрыманую інфармацыю пра дзейнасць «Рухсервамотар» перадаў замежным партнёрам кампаніі з прапановай перагледзець свае камерцыйныя адносіны з беларускім партнёрам.

Нагадаем, што нядаўна «BELPOL» выступіў з расследаваннем, у якім расказвае, як прадпрыемствы, падкантрольныя Аляксандру Лукашэнку, дапамагаюць беларускаму рэжыму ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны і абыходзіць міжнародныя санкцыі.

Фота на вокладцы: Будынак «Рухсервамотар» у Менску. Крыніца: yandex.by

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў