На мяжы з Польшчай праблемы: у чатах баяцца, што «Тэрэспаль» закрылі, памежнікі абвяргаюць


Па беларускіх чатах пайшлі чуткі ці то аб закрыцці, ці то аб прыпыненні працы пункту пропуску «Тэрэспаль», што каля Берасця на мяжы з Беларуссю. Гэта зняпраўджваюць у тых жа чатах, а таксама ў Берасцейскай памежнай групе.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Берасце». 4 чэрвеня 2024 года.
Фота: Gpk.gov.by

Каля паўдня паводле менскага часу ў адным з буйных чатаў, прысвечаных пераходу мяжы, з’явіліся першыя чуткі аб тым, што «палякі закрылі мяжу», бо «нейкі інцыдэнт адбыўся». Нібы так сказаў нейкі кіроўца ў чарзе каля памежнага пераходу. Іншыя ў чарзе пра такое не чулі.

Праз гадзіну ў тым жа чаце паведамілі, што праз мяжу ў польскі бок пачалі прапускаць аўтобусы – выглядае, што працяглы час чарга не рухалася. Паводле аднаго карыстальніка, аўтобусаў не прапускалі аж шэсць гадзінаў.

Затым яшчэ адзін карыстальнік заявіў, што «палякі закрылі ўсе каналы», «мяжа закрытая цалкам», бо «ці то праверка, ці то што» з той прычыны, што «днямі мігранты збілі ці забілі польскага памежніка». У адказ на гэта яму параілі «не пісаць лухты», бо адзін канал пропуску працуе, але вельмі павольна, прапускаюць машыну на гадзіну.

У другім буйным чаце такіх чутак не было, хоць там згадвалі і доўгі час чакання ў чарзе, і здарэнне з польскім памежнікам (напраўду параненым мігрантамі, але не забітым). Другое згадвалі з фармулёўкай «не здзіўлюся, калі наогул пераход прыкрыюць». У чаце датэлефанаваліся да офісу начальніка ўпраўлення Памежнай аховы Польшчы, там адказалі, што не ў курсе здарэнняў, а пераход працуе ў штатным рэжыме, узмацніць працу не могуць.

Журналіст «Белсату» патэлефанаваў у Берасцейскую памежную групу як звычайны грамадзянін. Там расказалі, што памежны пераход працуе, проста «палякі павольна бяруць машыны», «прапускаюць, але павольна». Паводле прадстаўніка групы, пры норме 200 аўтаў на гадзіну польскія памежнікі прапускаюць па пяць, таму «ўсё стаіць на месцы». Ні пра якія здарэнні суразмоўца не чуў, але заклікаў улічваць пры планаванні, што стаяць на мяжы давядзецца да двух дзён.

Абноўлена. «Белсат» атрымаў каментар прадстаўніка Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, да якога адносіцца пункт пропуску «Тэрэспаль». Дар’юш Сеніцкі расказаў, што кантроль на пункце пропуску ажыццяўляецца ў пастаянным рэжыме. Але звярнуў увагу на «непрадбачаныя падзеі», звязаныя з нелегальнай міграцыяй і неабходнасцю абароны мяжы. Гэтыя падзеі вымагаюць перамяшчэння супрацоўнікаў памежнага кантролю на ахову мяжы. Прадстаўнік польскіх памежнікаў дадаў, што ў выпадку перамяшчэння памежнікаў з пункту пропуску на ахову мяжы аб гэтым заўсёды праз тэлефон інфармуюць беларускі бок, таму беларускія памежнікі ведаюць аб прычынах падоўжанага часу чакання на мяжы.

Агляд
Мяжа з Літвой: машыны везці цяжэй, чэргі маюць зменшыцца, прадукты могуць пачаць прапускаць
2024.06.04 07:49

Праблемы на межах Беларусі з Еўразвязам агулам даўнія, але пастаянна змяняюцца. Нядаўна былі даўжэзныя чэргі на ўездзе з Літвы ў Беларусь – цяпер яны змяншаюцца, магчыма, у сувязі са зменай правілаў увозу машынаў у нашую краіну. Але на літоўскай мяжы з’явілася новая праблема: у Літву не дазваляюць увозіць ніякія прадукты харчавання, часам не прапускаюць нават гарбату ў тэрмасе.

На мяжы з Польшчай (а дакладней, на адзіным адкрытым для пасажырскага транспарту пункце пропуску «Берасце – Тэрэспаль») з нядаўняга часу істотна павялічыліся чэргі. На момант публікацыі беларускія памежнікі налічваюць у чарзе 450 легкавікоў і 65 аўтобусаў. У чатах расказваюць, што прастаяць на мяжы можна да 72 гадзінаў.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 24 траўня даў надзею на тое, што могуць адкрыць пераход «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца»), але міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі 3 чэрвеня расчараваў: пункт пропуску не могуць адкрыць з прычынаў гібрыднай вайны ўладаў Беларусі і Расеі супраць Польшчы.

Тым часам польскія ўлады адклалі ўвядзенне гэтак званай буфернай зоны каля мяжы з Беларуссю, што было запланаванае на 4 чэрвеня. Чыноўнікі хочуць знайсці лепшае выйсце, якое б «максімальна ўлічвала інтарэсы мясцовых жыхароў і мясцовых прадпрымальнікаў», заявіў міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк.

Hавiны
Польшча не пабачыла магчымасці адкрыць пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю
2024.06.04 08:38

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў