Кіроўца загінуў пад коламі свайго МАЗа


У Магілёўскім раёне кіроўца трапіў пад колы ўласнага цяжкавіка падчас вядзення рамонтных работаў.

МАЗ, пад коламі якога загінуў кіроўца.
Фота: скрыншот з відэа / Следственный комитет Беларуси / Telegram

Здарэнне адбылося ўдзень 3 чэрвеня непадалёк вёскі Рэчкі 1. Паводле паведамлення Следчага камітэту, 32-гадовы кіроўца сельскагаспадарчага прадпрыемства рамантаваў аўтамабіль МАЗ, на якім працаваў на сенанарыхтоўцы.

Аўтамабіль стаяў на схіле і падчас правядзення рамонтных работаў пакаціўся, пераехаўшы кіроўцу. Мужчына памёр ад траўмаў, пад коламі цяжкавіка яго знайшлі калегі з працы.

Як вядома з першых вынікаў расследавання, у кіроўцы былі супрацьадкатныя ўпоры, але ён іх не выкарыстаў. Апрача таго, у аўтамабілі быў выключаны стаяначны тормаз.

Правяранне ў справе праводзіць Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў