«Вот Так» атрымаў ад YouTube Залатую кнопку


Праект «Белсату», YouTube-канал «Вот Так», атрымаў узнагароду за першы мільён падпісчыкаў – Залатую кнопку YouTube. На момант дастаўкі ўзнагароды канал мае ўжо 1,45 млн падпісчыкаў.

Каманда YouTube-каналу «Вот Так» з Залатой кнопкай ад YouTube.
Фота: Белсат

«Вот Так» – мультымедыйны праект тэлеканалу «Белсат», адрасаваны гледачам у Расеі і тых постсавецкіх краінах, жыхары якіх яшчэ размаўляюць па-расейску.

«Гэта першая Залатая кнопка для “Белсату”, таму, вядома, у нас ёсць падставы для гонару, – кажа кіраўнік «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. – Раней мы атрымалі чатыры Срэбныя кнопкі за перавышэнне ста тысяч падпісчыкаў і, напэўна, неўзабаве атрымаем яшчэ дзве, бо наш англійскамоўны канал і канал з мультфільмамі ўжо маюць больш за дзевяноста тысяч. Але мы імкнемся вышэй. Я думаю, што ў межах нашай дасяжнасці яшчэ мільёны гледачоў расейскага каналу».

Беларускамоўны YouTube-канал «Белсат News» цяпер мае 466 тысяч падпісчыкаў.

Тыдзень таму праекту «Вот Так» споўнілася 7 гадоў: з 2017 года на «Белсаце» можна глядзець інфармацыйныя праграмы пад назваю «Вот Так», а ў 2019 годзе быў створаны партал Vot-tak.tv з YouTube-каналам і профілямі ў сацсетках. Міжнародная рэдакцыя «Вот Так» цяпер вядзе трансляцыю 2 гадзіны і 10 хвілінаў на дзень.

На YouTube-канал «Вот Так» першы мільён чалавек падпісаўся яшчэ паўтара года таму, але Залатая кнопка дайшла ў рэдакцыю толькі цяпер: адміністрацыя YouTube правярае прэтэндэнтаў на ўзнагароду на адпаведнасць патрабаванням. Кнопкі не даюць тым, хто парушае правілы супольнасці, накручвае колькасць падпісчыкаў ці атрымлівае папярэджанні пра парушэнне аўтарскіх правоў.

Цяпер «Вот Так» – адно з самых чытаных і прагляданых незалежных медыяў на постсавецкай прасторы. Больш за палову аўдыторыі – жыхары Расеі. У 2022 годзе Крэмль заблакаваў сайт «Вот Так» за распаўсюд нібыта непраўдзівай інфармацыі аб «спецаперацыі» – вайне ва Украіне. А ў 2024 годзе праект «Вот Так» унеслі ў расейскі спіс замежных агентаў.

Сумарна праекты «Белсату», нягледзячы на забароны ў Беларусі і Расеі, маюць больш за 3 млн падпісчыкаў на YouTube, вядуць трансляцыю на беларускай, расейскай, англійскай і польскай мовах.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 09:36

md / Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў