У Індыі прайшлі найбуйнейшыя выбары ў свеце. Партыя ўлады захавае бальшыню


Найбуйнейшая дэмакратычная краіна свету Індыя з 19 красавіка да 1 чэрвеня ладзіла шматэтапныя выбары ў ніжнюю палату парламенту. Паводле папярэдніх вынікаў, цяперашняя кіроўная Індыйская народная партыя захавае бальшыню, але не пераможа з такім разгромам, на які разлічвала.

Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі на выбарчай акцыі. Матхурапур, Індыя. 29 траўня 2024 года.
Фота: Narendra Modi / X

Індыя – другая ў свеце краіна паводле колькасці насельніцтва, у ёй жывуць 1,4 млрд чалавек. І гэта найбуйнейшая дэмакратыя свету: напрыклад, часопіс «The Economist» ставіць яе ў рэйтынгу дэмакратыяў на 41-е месца разам з Польшчай. На цяперашніх выбарах давядзецца падлічыць больш як 640 млн галасоў.

У дзейным скліканні 543-мясцовай Народнай палаты (Lok shaba), ніжняй палаты парламенту Індыі, урад сфармавала кааліцыя «Нацыянальны дэмакратычны альянс» з 342 мандатамі, бальшыню мае Індыйская народная партыя (Bharatiya Janata), якая на выбарах у 2019 годзе атрымала 303 мандаты. Краінай з 2014 года кіруе сябра гэтай партыі – прэм’ер-міністр Нарэндра Модзі.

Модзі, як піша Бі-Бі-Сі, ставіў на выбары-2024 амбіцыйную мэту атрымаць для альянсу 400 з 543 месцаў. Але, паводле папярэдніх вынікаў, якія перадае «Reuters», зараз Нацыянальны дэмакратычны альянс зможа разлічваць на крыху больш за 300 месцаў – менш, чым па выніках мінулых выбараў. Індыйская народная партыя мае атрымаць каля 250 мандатаў замест чаканых 370 (але больш за 272 мандаты, неабходныя для бальшыні ў парламенце). Апазіцыя, у сваю чаргу, паказала лепшы вынік, чым чакалася. Сайт выбарчай камісіі на момант публікацыі недасяжны.

Акцыі дзяржаўных кампаніяў і банкаў спачатку рэзка выраслі, калі экзітполы спрагназавалі ўпэўненую перамогу партыі Модзі, а затым істотна ўпалі, калі стала зразумела, што Нацыянальны дэмакратычны альянс не пераможа з чаканым разгромам. Біржавы індэкс NIFTY 50 страціў 5 %.

Эканамісты ўсё роўна прагназуюць Індыі эканамічны рост і развіццё сектару вытворчасці пры чаканых рэформах наступнага ўраду. Палітолагі ж непакояцца пра «адкат дэмакратыі» і аўтарытарныя тэндэнцыі ў Індыі з Модзі, якога называюць «вярхоўным жрацом». Ён камбінуе рыторыку за эканамічнае развіццё і індыйскі нацыяналізм, практыкуе абмежаванні свабоды слова і веравызнання, эканамічных правоў, адвольныя арышты і іншае. У краіне захоўваюцца злачынствы на падставе каставай і нацыянальнай нянавісці, у тым ліку сексуальны гвалт і забойствы.

Выбары адбываюцца на тле надзвычайнай спёкі: так, 29 траўня ў Дэлі зарэгістравалі рэкордныя +52,9 °С. Ад спёкі за мінулыя дзесяць дзён загінулі не менш за 77 чалавек – як піша CNN, некаторыя не хочуць рызыкаваць і не пойдуць на галасаванне пры такім надворʼі.

Экстрэмальную спёку звязваюць са зменаю клімату, а Індыю ставяць на трэцяе пасля Кітаю і Злучаных Штатаў месца паводле выкідаў парніковых газаў. Індыя разбіраецца з праблемай шкодных выкідаў хутчэй, чым чакалася, але ўрад Модзі ставіў задачу дасягнуць нулявых выкідаў толькі да 2070 года – на 20 гадоў пазней, чым заклікае Міжнароднае энергетычнае агенцтва, і на 10 гадоў пазней за Кітай.

Разбор
Выбары ў Еўрапарламент. Ці здолеюць правыя партыі зрабіць разварот Еўропы?
2024.06.04 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў