«Супольнасць чыгуначнікаў» паведаміла пра затрыманне за хабар намесніка кіраўніка БЧ


Першы намеснік кіраўніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб затрыманы за хабар. Падчас ператрусу ў топ-менеджара знайшлі каля мільёна долараў, паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Дулуб цяпер у СІЗА ў Калядзічах.

Першы намеснік кіраўніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб.
Фота: rw.by

Паводле непацверджаных звестак, першага намесніка кіраўніка БЧ Пятра Дулуба затрымалі пры атрыманні ім адмыслова пазначаных купюраў.

«Пры ператрусе вынятая сума каля 1 млн долараў, вынятыя дакументы, звязаныя з дзейнасцю тарыфнай камісіі БЧ. Цяпер Пётр Дулуб утрымліваецца ў СІЗА ў Калядзічах», – піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

Разам з ім сілавікі схапілі намесніка гендырэктара БТЛЦ (гэта дзяржаўны транспартава-лагістычны цэнтр Беларускай чыгункі «Белінтэртранс») Паўла Лушчая, таксама пры перадаванні яму пазначаных банкнотаў.

Намеснік гендырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Белінтэртранс» Павел Лушчай.
Фота: Павел Лущай / «ВКонтакте»

За якія паслугі топ-менеджары бралі грошы, не ўдакладняецца. «Супольнасць чыгуначнікаў» пры гэтым адзначае, што кар’ера Дулуба «паспяхова развівалася пры непасрэдным удзеле Мікалая Вараб’я ў сувязі з найбуйнейшымі для краіны і вельмі важнымі для выжывальнасці нелегітымнай улады праектамі». Тут ідзецца пра будаўніцтва і працу марскіх тэрміналаў для экспарту ўгнаенняў.

Акрамя таго, неназваныя крыніцы звязваюць гэтую справу з затрыманнем кіраўніка і ўласніка прыватнай кампаніі «Сіфуд-Сэрвіс» Віталя Петрукевіча. Гэтая фірма прапануе транспартава-экспедыцыйныя паслугі ў галіне міжнародных грузаперавозаў.

Hавiны
КДБ затрымаў не менш за шэсць чыгуначнікаў за фота аварыі цеплавозу ў прыватнай перапісцы
2024.05.25 20:45

На сайце БЧ пазначана, што Дулуб кіруе арганізацыяй руху цягнікоў і эксплуатацыйнай працы, перавозаў грузаў і пасажыраў.

Прозвішча Лушчая застаецца на старонцы, прысвечанай «Белінтэртрансу», а таксама на асобным сайце прадпрыемства.

Аб’ектыў
Беларусь робіцца ўсё больш карумпаванаю?
2024.01.30 20:08

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў