«BYPOL»: Да мяжы з Украінай пачалі перакідваць новыя падраздзяленні беларускіх ССА


Паводле звестак крыніцаў аб’яднання былых сілавікоў Беларусі «BYPOL», падраздзяленні сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі перакідваюць да мяжы з Украінаю, бо баяцца ўдараў з Украіны па беларускай тэрыторыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навабранец 38-й Берасцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады на занятках на палігоне «Берасцейскі», Беларусь. Пачатак траўня 2024 года.
Фота: Алег Някала / «Ваяр»

Як сцвярджаюць крыніцы «BYPOL», да мяжы з Украінаю перакідваюць падраздзяленні, якія апошнім часам былі на ўзмацненні на тэрыторыі Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў у Гарадзенскай вобласці.

Гэта, піша «BYPOL», звязанае перадусім з дазволам для Украіны выкарыстоўваць зброю ад Злучаных Штатаў для ўдараў па тэрыторыі Расеі.

«Вайскоўцы незадаволеныя гэтай сітуацыяй, яны стаміліся ад адна-двухмесячных камандзіровак, якія звязаныя з пражываннем у палявых умовах, – заяўляе «BYPOL». – Сярод іх ходзяць размовы, што ў будучыні ім давядзецца паказаць свае баявыя навыкі ў баі з Французскім легіёнам, чаго ім бы вельмі не хацелася».

Іншыя крыніцы пра такое не паведамлялі. Але 11 траўня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» расказвала, што фіксавала прысутнасць падраздзяленняў сілаў спецыяльных аперацыяў на мяжы з Украінай: пад Мазыром і каля аэрадрому «Зябраўка». Там іх бачылі яшчэ ў сакавіку. А ў лютым ССА падпісалі дамовы на пранне бялізны і спецадзення для аб’ектаў у Гомельскай вобласці – і дамовы трываюць да канца 2024 года. На думку аўтараў «Беларускага Гаюна», ССА ахоўваюць расейскія вайсковыя аб’екты. У канцы траўня ССА былі таксама на зборах у Бярозе.

ЗША таемна і іншыя саюзнікі, у тым ліку Польшча, адкрыта дазволілі Украіне біць сваёй зброяй па вайсковых аб’ектах у Расеі. Пра Беларусь гаворкі не было, але міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што Украіна, каб абараніцца ад расейскай агрэсіі, можа біць па вайсковых цэлях і ў Беларусі.

Аб адпраўцы французскіх войскаў ва Украіну і тым больш у Беларусь рашэння пакуль не было – прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон толькі заяўляў, што «нельга выключаць» адпраўкі войскаў «на зямлю» ва Украіну. Цяпер гаворка ідзе пра магчымую адпраўку французскіх вайсковых інструктараў ва Украіну. Ходзяць таксама чуткі, што Польшча і краіны Балтыі гатовыя скіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну, калі сітуацыя на фронце рэзка пагоршыцца.

Каментар
Што дасць Украіне дазвол на прымяненне заходняй зброі па аб’ектах у РФ?
2024.05.31 19:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў