Вызвалены з калоніі расказаў, як катуюць Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка і Анджэя Пачобута


Мужчына, які нядаўна вызваліўся з наваполацкай калоніі, расказаў радыё «Свабода» аб тым, каго з палітвязняў бачыў у няволі і што чуў пра здзекі з іншых.

Ланцуг салідарнасці ў Вільні
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «Ланцуг салідарнасці з ахвярамі новага вітка рэпрэсіяў у Беларусі». Вільня, Літва. 28 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

Вызвалены, які пажадаў застацца ананімным, трапіў за краты спачатку паводле наркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, а затым – паводле палітычнага артыкулу 130, але заяўляе аб сваёй невінаватасці. Ён расказвае, што да яго ранкам 10 жніўня 2021 года прыйшлі з ператрусам, шукалі нацыянальную сімволіку і аглядалі тэлефон, нічога не знайшлі, але заявілі, што знайшлі крыху сухога лісця дзікіх канопляў. Цікавіліся братам, які быў больш актыўным у пратэстах.

Асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі», адпусцілі з залі суда і тут жа затрымалі за распальванне варожасці, прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму. Мужчына падаваў скаргу, тэрміну не змянілі.

У траўні 2022 года ён трапіў у наваполацкую Папраўчую калонію № 1 і атрымаў жоўтую бірку «схільнага да экстрэмізму». Да пачатку 2024 года працаваў на прамзоне шэсць дзён на тыдзень, затым увялі пяцідзённы працоўны тыдзень. Разбіраў кабелі і драты: вымаў медную сарцавіну, а абалонку спальваў. Гэта, кажа былы зняволены, самая шкодная вытворчасць, ад такой працы ў яго пачалі крышыцца зубы. За працу плацілі каля 2 рублёў на месяц. Некалькі разоў трапляў у штрафны ізалятар за тое, што нібыта не павітаўся ці не пагаліўся.

Зняволены бачыў у калоніі вядомых палітвязняў, якіх пазбавілі сувязі з вонкавым светам (рэжым інкамунікада): Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка і Анджэя Пачобута. Усе трое моцна схуднелі, усіх траіх кідаюць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Агляд
Галоўнае – максімальна запалохаць: як працуе карна-рэпрэсіўная машына ў Беларусі
2024.02.01 14:26

Пра Бабарыку былы вязень расказваў, што некаторыя бачылі, як той выглядаў пасля збіцця больш за год таму. Сёлета ў красавіку Бабарыку было вельмі кепска, яго вывозілі ў гарадскую лякарню і вярнулі назад у ПКТ.

З Лосікам былы зняволены быў у адным бараку і працаваў разам на разбіранні кабеляў. Да Лосіка не пускалі адваката і не аддавалі яму лістоў:

«Здзекаваліся, калі нібыта дазволілі перапіску з жонкай, але насамрэч ніякіх лістоў Ігар не атрымліваў. Убачылі слабое месца – сувязь з роднымі. І б’юць у гэтую кропку».

Пасля спробы самагубства ў мінулым красавіку Лосіка змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, з таго часу ён збольшага ў адзіночцы: як толькі вызваляць, кідаюць назад за «адмову чысціць прыбіральні»; Ігар Лосік быў у ПКТ прынамсі чатыры разы. Часам да яго падсаджваюць «актывістаў», якія спрабуюць вывесці яго на размову. Лосік у цяжкім псіхалагічным стане, непакоіцца за дачку і зняволеную жонку. Паводле суразмоўцы радыё «Свабода», да Лосіка прыязджалі супрацоўнікі КДБ, прымушалі пісаць прызнанне.

Пра Пачобута мужчына выказваецца як пра вельмі моцнага і маральна трывалага чалавека, але адзначае, што ён мае праблемы з сэрцам і высокі ціск. Мужчына нейкі час быў у адным атрадзе з Пачобутам, але кажа, што цяпер журналіста пастаянна трымаюць у ПКТ. Паміж перыядамі ў ПКТ Пачобута на 1–2 дні кладуць у медсанчастку нібы на абследаванне, але суразмоўца перакананы, што за такі час нічога не паспеюць абследаваць.

За кантакты з Пачобутам і Бабарыкам іншым зняволеным пагражаюць санкцыямі, то бок змяшчэннем у ПКТ. Таму іншыя вязні баяцца з імі нават вітацца.

Суразмоўца радыё «Свабода» дадаў, што асуджаных у «справе Рабочага руху» палітвязняў Аляксандра Гашнікава і Валянціна Цераневіча збіраюцца судзіць, каб перавесці ў крытую турму. Праваабарончы цэнтр «Вясна» пацвердзіў выданню гэтую інфармацыю.

Агляд
Не толькі Бабарыка, Статкевіч і Ціханоўскі: пра мноства палітвязняў даўно няма звестак
2023.11.22 10:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў