Галоўнае – максімальна запалохаць: як працуе карна-рэпрэсіўная машына ў Беларусі


Цягам апошняга кварталу 2023 года асаблівага росту рэпрэсіўнага ціску ў Беларусі не было – сістэма працавала ва ўмоўна штатным фармаце, на які выйшла цягам 2023 года. Колькасць затрыманых і асуджаных па крымінальных артыкулах была ніжэйшая за сярэднегадавы паказнік, а колькасць адміністратыўных прысудаў – вышэйшая. Разам з тым улады пэўным чынам пераразмеркавалі свае высілкі ў бок запужвання грамадства. Новыя акцэнты рабіліся на пашырэнне рэпрэсіўных захадаў у рэгіёнах і на сістэматызацыю дыкрымінацыйных захадаў супраць дыяспары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя Ланцуг салідарнасці з ахвярамі новага вітка рэпрэсій у Беларусі адбылася у Вільні. Некалькі дзесяткаў чалавек выстраіліся у ланцуг уздоўж праспекта Гедыміна у цэнтры Вільні, ў падтрымку сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, да якіх 23 студзеня прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Прычынай зацікаўленасці з боку сілавікоў стала дапамога сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле праваабаронцаў, усяго ў рамках рэйду сілавікоў пад пераслед трапілі мінімум 165 чалавек. Вільня, Літва. 28 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

Пра гэта гаворыцца ў новым статыстычна-аналітычным праекце Цэнтру новых ідэй «Барометр рэпрэсіяў», у якім эксперты намагаюцца акрэсліць абагульненую карціну працы рэпрэсіўна-карнай сістэмы ў Беларусі і вылучыць асаблівасці яе функцыянавання. Распавядаем самае цікавае.

Карна-рэпрэсіўная сістэма рэжыму складаецца са шматлікіх узроўняў. Аўтар даследавання, сацыёлаг Генадзь Коршунаў засяроджваецца на двух асноўных: запалохванне людзей, затрыманні і арышты. І дадае: усе колькасныя звесткі варта разглядаць як мінімальна магчымыя. У рэальнасці лічбы большыя.

Знішчэнне ўсіх формаў самаарганізацыі, «нармалізацыя» медыя і сегрэгацыя людзей

Каб разумець, у якім напрамку развіваецца дынаміка рэпрэсіяў, важна вывучыць кантэкст. Найперш гэта кантроль над грамадствам, якога дамагаюцца з дапамогай розных інструментаў.

Адзін з іх – ліквідацыя ўсіх магчымых варыянтаў самарганізацый людзей. Так, з 2020 года знішчана больш за 1500 грамадскіх арганізацыяў (закрытыя альбо прымушаныя да самаліквідацыі). За 2023 год – мінімум 336. У сярэднім у месяц за мінулы год ліквідавалася па 23 арганізацыі.

Працягваюцца захады па «нармалізацыі» медыя. У апошнім квартале 2023 года адбвалася дазачыстка рэгіянальных медыя, нават тых, якія цяжка было пры ўсім жаданні палічыць палітычнымі. Іх альбо рэйдарскі захопліваюць і перадаюць пад кіраванне раёнкам альбо адбываюцца арышты рэдактараў і журналістаў. Улады дайшлі і да адзіночных блогераў (узгадаем затрыманні Дзяніса Кур’яна, Ганны Бонд і іншыя выпадкі).

Разбор
Сілавікі ідуць паводле алфавіту. Навошта ўладам спатрэбіліся беларускія медыяперсоны?
2023.11.09 17:29

Яшчэ адзін напрамак ва ўзмацненні кантролю дзяржавы над грамадствам – нарматворчасць. Генадзь Коршунаў узгадвае прыняццё закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», які стварае падставы для вынішчэння магчымасці дзейнасці рэлігійных суполак кшталту таго, што ўлады зрабілі з палітычнымі партыямі. А таксама закон «Аб змене законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі», што ўлады самі называюць помстай дваравым супольнасцям за 2020 год.

Акрамя кантролю, рэжым практыкуе палітычную сегрэгацыю – гэта дэскрымінацыя нелаяльных рэжыму, у прыватнасці, з’ехаўшых з Беларусі (іх лічаць цяпер «не занятымі ў эканоміцы», эксперты называюць гэта палітычнай помстай рэжыму). Сюды ж адносяцца рашэнне аб адмене галасавання за мяжой, практыкі завочных судоў, ідэі пазбаўлення грамадзянства за «экстрэмізм». Фенаменальным па сваім уплыву стаўся так званы пашпартны ўказ. Акрамя гэтага, ствараюцца фэйкавыя тэлеграм-боты нібыта звязаныя з вядомымі праектамі, персаналізаваныя правакацыі (кейс Аксёнава), дэманстатыўныя акцыі (падлучэнне супрацоўнікаў КДБ да онлайн-мерапрыемстваў), далучэнне суполак беларусаў замежжа да экстрэмісцкіх, забарона курсаў польскай мовы ў Беларусі і іншае.

Запалохванне грамадства без жорсткага пакарання

Разгледзім асноўныя напрамкі дзейнасці рэпрэсіўнай машыны рэжыму.

Першы – запалохванне. Па словах Генадзя Коршунава, гэта зараз галоўная ўстаноўка. Адным з дамінуючых спосабаў запалохвання грамадства з’яўляецца адвольнае надзяленне ўладаў сваіх супернікаў статусамі «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», а інфармацыйнай прадукцыі – статусам «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Праз тое любы кантакт (інфармацыйны, фінансавы і гэтак далей) з нелаяльнымі ўладзе фактычна крыміналізуецца. Зразумела, гэта вельмі моцна ўплывае на беларусаў.

Hавiны
Праваабаронцы: У Беларусі меры па барацьбе з экстрэмізмам выкарыстоўваюцца для кантролю за грамадствам
2024.01.10 16:36

«Тэрарыстычны» спіс за 2023 год папоўніўся на 172 чалавека (у 2022 годзе – на 226). У сярэднім за адзін месяц «тэрарыстамі» прызначаліся 14 чалавек. А вось спіс «тэрарыстычных» арганізацыяў цягам 2023 года не папаўняўся. Зараз там прызнаныя раней «тэрарыстычнымі» чатыры беларускіх аргнаізацыі: «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», «Супраціў» (з ініцыятывамі «Кіберпартызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны» і «Буслы ляцяць»), «NEXTA» і «BYPOL».

Спіс «экстрэмістаў» за год вырас на 1400 асобы (2022 – на 2263). У сярэднім за месяц «экстрэмістамі» прызнавалі 117 чалавек.

Колькасць структур, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі», цягам году ўзрасла на 62 пазіцыі (2022 – на 80). У сярэднім у месяц гэта 5-6 структур.

Але ёсць напрамкі, дзе назіраецца пад’ём у лічбах. Так, у 2023 годзе паскоранымі тэмпамі расла колькасць судоў па прызнанні інфармацыі экстрэмісцкімі матэрыяламі (асаблівасць года – прызнанне «экстрэмісцкімі» кніг беларускіх класікаў). За год прайшло 889 такіх судоў. Напрыканцы года частата такіх працэсаў павялічылася: калі сярэднегадавы паказчык складае 74 суды на месяц, то ў апошнім квартале 2023 года гэта лічба складала 93.

Таксама пад’ём назіраецца ў колькасці «хапуноў». Калі не ўлічваць масавыя «хапуны» па ўсёй Беларусі пасля інцыдэнту ў Мачулішчах, то апошні квартал 2023 года будзе рэкардсменам. Сярод іх вылучаюцца «хапуны» па справе Каардынацыйнай рады, а таксама былых назіральнікаў за выбарамі.

А цяпер пра затрыманні і арышты. У затрыманнях захоўваюцца старыя трэнды, якія вызначыліся як мінімум у 2022 годзе. Гэта рэпрэсіі за ўдзел у падзеях 2020 года, за тую ці іншую падтрымку Украіны, за выказванне неўхвалення дзеянняў беларускага рэжыму ці расейскага войска. Формы рэпрэсіўных дзеянняў таксама дастаткова ўстойлівыя. Гэта пераслед сваякоў вядомых персон, затрыманні цэлых сем’яў, публічныя затрыманні і так званыя пакаяльныя відэа, а таксама «каруселі» затрыманняў і прысудаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Новым трэндам 2023 года стала ўзмацненне жорсткасці праверак на мяжы з затрыманнямі тых, хто вяртаўся ў Беларусь з іншых краін. Адзначаецца, што праверкі ўведзены і на мяжы Беларусі з Расеяй, чаго ніколі не было ў найноўшай гісторыі.

За мінулы год па палітычных матывах былі затрыманыя мінімум 4100 чалавек (2022 год – 4443 чалавекі), у сярэднім гэта 342 асобы ў месяц. Асаблівасць 2023 году – затрыманні на мяжы (больш за 200 супраць 52 у 2022 годзе). У апошнім квартале года лічба затрыманняў была ніжэйшая за сярэднегадавую.

Звяртаюць на сябе ўвагу некалькі момантаў. Па-першае, павысіўся ціск на сваякоў вядомых людзей, якія выступілі супраць улады (напрыклад, кейс бацькі пісьменніка Сашы Філіпенкі). Па-другое, расце пераслед святароў рыма-каталіцкай і пратэстанцкай канфесіяў. Верагодна, гэта можна звязаць з падрыхтоўкай уладаў да ўступлення ў сілу закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Па-трэцяе, у тым ліку дзякуючы росту колькасці арганізацый і ініцыятыў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі», цягам года павысілася лічба крымінальных прысудаў з абвінавачаннямі ў стварэнні, кіраўніцтве ці ўдзеле ў экстрэмісцкіх фармаваннях, а таксама ў садзейнічанні і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці.

Асобна эксперт апісвае адміністрацыйны пераслед, асноўнымі складнікамі якога з’яўляюцца штрафы і арышты на суткі. Цягам 2023 года супраць беларусаў было складзена як мінімум 3945 судовых рашэнняў такога кшталту, праз якія былі асуджаныя каля 4500 чалавек.

За 2023 год дынаміка колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных судоў мае ўстойлівы і мэтанакіраваны характар – трывалы рост ад квартала да квартала. Гэта значыць, калі колькасці прызнання тэрарыстамі-экстрэмістамі цягам года былі больш-менш аднолькавымі, калі колькасці затрыманняў і крымінальных спраў часова выбухнулі дзякуючы Мачулішчам, калі паказнікі па «хапунах» і «экстрэмісцкіх матэрыялах» падскочылі ў апошнім квартале, то ўзровень адміністрацыйнага пераследу проста рос ад пачатку да канца года. Пэўна, гэта адлюстроўвае паноўную ва ўладах устаноўку на працяг рэпрэсіўнага ціску на грамадства.

Генадзь Коршунаў робіць выснову: згодна лічбам, расце колькасць судоў па прызнанню інфармацыі экстрэмісцкімі матэрыяламі, колькасць затрыманняў, але да крымінальных справаў не заўсёды даходзіць. То бок у рэпрэсіўнай машыны зараз пераважае ўстаноўка менавіта на запалохванне грамадства без жорсткага пакарання. На думку эксперта, гэта можа быць таксама звязана з набліжэннем электаральнай кампаніі 2024-2025 гадоў, якая вымагае ад улады высілкаў менавіта ў бок запужвання людзей. Ускосна гэтая здагадка пра ўваход у электаральную кампанію падмацоўваецца тым, што цягам апошняга кварталу 2023 года павялічылася колькасць так званых антыкарупцыйных справаў. Перш за ўсё гэта гучныя справы «маршрутчыкаў», «аграрыяў», «малочнікаў» і шэраг іншых. У межах апошняй справы быў затрыманы нават экс-кіраўнік Мінсельгасхарча і памочнік Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігар Брыло. Актывізацыя такіх антыкарупцыйна-папулісцкіх захадаў характэрная для ўладаў Беларусі менавіта падчас уваходу ў электаральны перыяд.

Аналітыка
Ад малака да мяса. Што вядома пра гучныя карупцыйныя справы?
2023.11.30 17:01

І напрыканцы самае складанае пытанне – палітзняволеныя. Па версіі праваабарончага цэнтра «Вясна», на канец 2023 года ў зняволенні знаходзіліся 1452 чалавекі, якія маюць такі статус. Усяго ж цягам 2023 года праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 643 чалавекі. У месцах зняволення палітвязні знаходзяцца фактычна ў катавальных умовах. Яны ўтрымліваюцца ў стане «інкамунікада», да іх дзейнічаюць абмежаванні ў медычнай дапамозе, да таго ж ім у адвольным парадку дадаюцца дадатковыя тэрміны абмежавання свабоды.

Праваабаронцам вядома пра 4 выпадкі смерці палітвязняяў за кратамі з-за наўмыснага не аказання медычнай дапамогі.

Рэжым працягвае разглядаць грамадства як патэнцыйна небяспечны аб’ект

Генадзь Коршунаў рэзюмуе: улады працягваюць разглядаць грамадства як патэнцыйна небяспечны аб’ект. У якасці такога аб’екта разглядаецца ўжо не толькі пратэсна арыентаваная частка грамадства, але і наўпрост тая, што мае досвед самаарганізацыі і самарэалізацыі. Праз гэта асноўным інструментам унутранай палітыкі беларускага рэжыму застаюцца рэпрэсіі ў самым шырокім разуменні: кантроль, забарона, абмежаванні, сачэнне, прымус, запужванне, пакаранне і гэтак далей. Улады актывізавалі свае намаганні па нагнятанні трывогі і страху ў грамадстве, выкарыстаўшы зараз не столькі персаналізаваныя механізмы, колькі інструменты «масавага ахопу» (прызнанне інфармацыйных крыніц экстрэмісцкімі матэрыяламі і «хапуны»).

Рэпрэсіўны механізм пэўным чынам ужо аформіўся, самі рэпрэсіі збольшага выйшлі на пэўнае плато – цягам года інтэнсіўнага росту рэпрэсіўнага ціску не назіралася. Адзінае выключэнне складае ўпэўнены і паслядоўны рост колькасці адміністрацыйных спраў, распачатых па палітычных матывах. Разам з гэтым адзначаецца пэўнае пашырэнне рэпрэсій ва ўмоўна тэрытарыяльным напрамку: на рэгіёны і за мяжу (на дыяспару).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Галоўным трэндам апошняй чвэрці 2023 года стаў уваход рэжыму ў электаральную фазу, што прадвызначыла пераразмеркаванне высілкаў рэпрэсіўна-карнай машыны з гвалту і пакарання (хаця, нажаль, гэты складнік дасюль трывае) у бок запужвання грамадства (чаго стала заўважна больш).

Адбываецца «дазачыстка» інфармацыйнай прасторы – зараз на ўзроўні рэгіянальных медыя і незалежных блогераў. Заканадаўчая база дапрацоўваецца з улікам таго, каб мінімізаваць ступені свабоды, у прыватнасці для рэлігійных арганізацый і ўласнікаў кватэр.

Беларускі рэжым усё больш дакладна і паслядоўна праводзіць размежаванне паміж лаяльнымі і нелаяльнымі яму грамадзянамі з дыскрымінацыяй апошніх. У канцы 2023 года ўлады ўзмацнялі супрацьстаянне з дыяспарай, змяняючы заканадаўства і ладзячы правакацыі супраць яе.

Тэндэнцыя 2023 года – легалізацыя рэпрэсіяў, масавая фармалізацыя парушэнняў правоў чалавека на заканадаўчым узроўні. Так, з гэтай мэтай цягам году было зменена больш за 30 нарматыўных актаў. Эксперты адзначаюць: цяпер рэпрэсіі будуць адбывацца на «законных» падставах да той пары, пакуль дзейнічаюць прынятыя праўкі ў законах. Шырыня ахопу рэпрэсіўнага заканадаўства тычыцца не толькі нелаяльных, але наогул усіх беларусаў.

Таксама правааабронцы фіксуюць адыход ад індывідуальнай да калектыў адказнасці. Напрыклад, адказнасць на працы за тое, што карта паляка ці апастыль ёсць у твайго дзіця ці сваяка. Цяпер дзеянні сваяка могуць стаць падставай для ціску на чалавека.

Агляд
Крызіс і стагнацыя: эксперты распавялі, як змянілася Беларусь за 2023 год
2024.01.11 15:20

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў