«Вы пад кантролем». Супрацоўнік КДБ падлучыўся да онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту


Як стала вядома «Белсату», вечарам 19 снежня падчас онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту ў эфір выйшаў прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак, які паведаміў удзельнікам, што «ўсе пад кантролем». Інцыдэнт пацвердзілі «Белсату» працаўнікі Вольнага беларускага ўніверсітэту.

Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак у часе заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту. Фота ад чытачоў «Белсату»

«Маючы спасылку да Zoom-сустрэчы, прадстаўнік КДБ выступіў і паспрабаваў запалохаць удзельнікаў», – распавялі «Белсату» ў Вольным беларускім універсітэце.

Рэч у тым, што можна не быць студэнтам курсу, а атрымаць проста спасылку на онлайн-сустрэчу і такім чынам падлучыцца да заняткаў. «У мэтах бяспекі ВБУ прапануе выкарыстоўваць нікі замест імёнаў і такім чынам ад гэтага ёсць і адваротны эфект, што мы не можам адсачыць, хто сапраўды ёсць удзельнікам. Гэта стварае дадатковую праблему верыфікацыі ўдзельнікаў», – распавялі «Белсату» ў ВБУ.

Гэты інцыдэнт аналагічны таму, што здарыўся нядаўна ў Варшаве: актывіст Алег Аксёнаў 18 лістапада зладзіў семінар у пытаннях бяспекі, на якім раптоўна выступіў супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

Hавiны
КДБ уключыўся ў семінар па бяспецы беларусаў у Варшаве. Актывіст расказаў, як яго «вербавалі»
2023.11.19 08:59

Адзначым, што Вольны беларускі ўніверсітэт не прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. ВБУ выконвае ролю аператара адаптаваных для Беларусі праграмаў, ствараных і рэалізаваных разам з заходнімі партнёрскімі ўніверсітэтамі.

СП belsat.eu

Стужка навінаў