Латушка пра хвалю пагромаў: сілавікі ўзброеныя, арыштоўваюць маёмасць сваякоў актывістаў


Ранкам 28 лістапада стала вядома пра хвалю пагромаў у дамах праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прыйшлі да сем’яў чальцоў Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Лідар НАУ Павел Латушка расказаў, што вядома пра прычыны і наступствы.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Фота: Белсат

На момант публікацыі невядомы поўны маштаб. Праваабаронцам вядома пра пагромы ў старшыні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі і некалькіх чальцоў каманды НАУ, у старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, у эканаміста і сябра КР Сяргея Чалага, у дэлегата КР Міхаіла Таўбэ, у колішняга лідара «Маладога фронту» Артура Фінькевіча, прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай.

Паводле звестак «Вясны», ператрусы ладзяць паводле «справы выбараў у Каардынацыйную раду», у якой ёсць крымінальныя артыкулы за здраду дзяржаве, змову з мэтай захопу ўлады, заклікі да санкцыяў, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і экстрэмісцкую дзейнасць.

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

Павел Латушка расказаў «Белсату», што на момант размовы ведае пра масавыя ператрусы ў кватэрах чальцоў НАУ і іхных сваякоў, прынамсі пра восем такіх выпадкаў.

«Сілавікі заходзяць узброеныя, апісваюць маёмасць і накладваюць арышт на маёмасць», – кажа Латушка.

НАУ ведае таксама пра ператрусы ў іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, ператрусы ладзяць паводле рашэнняў, падпісаных Генеральным пракурорам Андрэем Шведам. Больш НАУ яшчэ не ведае, бо ператрусы працягваюцца.

Гэта не першы выпадак такіх дзеянняў супраць каманды НАУ, працягвае Латушка. Каля трох месяцаў таму адбываліся актыўныя дзеянні спецслужбаў Аляксандра Лукашэнкі супраць сваякоў каманды НАУ.

У НАУ звязваюць гэта з дзеяннямі каманды для прыцягненні да адказнасці як самога Лукашэнкі, так і прадстаўнікоў ягонага рэжыму за злачынствы супраць чалавецтва, учыненыя супраць беларускага народу. НАУ падтрымала ранейшую справаздачу аб злачынствах супраць беларусаў, у якой колькасць пацярпелых ацанілі на 136 тысяч чалавек. Цяпер НАУ адпрацоўвае прававыя механізмы для прыцягнення да адказнасці, перадае матэрыялы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў справе ваенных злачынстваў Лукашэнкі і ягоных прадстаўнікоў, звязаных з вывазам дзяцей з Украіны (ужо перададзеныя два пакеты).

Агляд
Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»
2023.07.27 16:28

Ператрусы не паўплываюць на дзейнасць НАУ, запэўнівае Латушка. Каманда збіраецца і надалей сістэмна і мэтанакіравана дамагацца прыцягнення Лукашэнкі і ягоных памагатых да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў. Латушка канстатуе: рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіяў. На ягоную думку, гэта значыць, што дэмакратычныя сілы маюць моц.

«Калі б мы былі слабыя, то нашто было б рэжыму тады атакаваць нас, нашых блізкіх, нашых родных? – заўважае Латушка. – І гэта яшчэ раз паказвае жудасную сутнасць гэтага рэжыму, які проста выкарыстоўвае практыку сталінскіх рэпрэсіяў 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Але ж мы ведаем, што гісторыя змяняецца. Я перакананы ў тым, што перамога будзе за намі».

Сілавікі не пакінулі для тых, каму адрасаваныя пагромы, ніякіх пагрозаў ці намёкаў, кажа Латушка. Здагадак, чаму хваля пагромаў прайшла менавіта сёння, няма: масавыя спробы сілавікоў паўплываць на блізкіх каманды НАУ пачаліся амаль тры месяцы таму, яшчэ раней Лукашэнка прапаноўваў абмяняць палітвязня-журналіста Анджэя Пачобута на Латушку і чальцоў НАУ, крымінальныя справы з’явіліся даўно. Як лічыць палітык, гэта сістэмная і няспынная дзейнасць, якая проста не штодня выходзіць у публічную прастору.

Ды зразумела, кажа Латушка, што гэта звязана з «экстрэмісцкай дзейнасцю» і стварэннем структураў, нібыта скіраваных на захоп улады; ужо раней былі крымінальныя справы, чальцы каманды НАУ застаюцца ў «экстрэмісцкіх» і «тэрарыстычных спісах» уладаў. Мэта, на думку Латушкі, адна: дэматываваць, каб спынілі дзейнасць або былі менш актыўнымі і публічнымі.

Але, адзначае суразмоўца, сацыялагічныя апытанні выразна паказваюць, што Лукашэнка не мае падтрымання грамадства, што абсалютная большасць не падтрымлівае дзеянняў рэжыму адносна як беларускага народу, так і суседзяў.

Ува ўсім гэтым Латушка пабачыў адну добрую для сябе навіну: думаў, ягоны дом ужо канфіскаваны, але раз цяпер на дом накладзены арышт, дык дом усё яшчэ належыць яму – а значыць, «ёсць куды вяртацца».

Рэпартаж
Колькі беларусаў за незалежнасць, колькі за Лукашэнку, колькі чакае пераменаў – і што рабіць
2023.11.17 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў