Сілавікі супраць Каардынацыйнай рады: ператрусы ў Латушкі, Чалага і Губарэвіча


Праваабарончы цэнтр «Вясна» і крыніцы «Белсату» паведамілі пра серыю ператрусаў у Менску. Ужо вядома пра шэсць такіх фактаў. Сілавікі прыйшлі на адрасы сябраў Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі, Сяргея Чалага, Юрыя Губарэвіча, Артура Фінькевіча. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі ля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску, Беларусь. 29 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

Сілавікі ўчынілі ў Менску масавыя ператрусы. Дакладна вядома пра шэсць такіх выпадкаў.

«У двух выпадках ператрусы праходзяць у людзей, звязаных з Каардынайцыйнай радаю», – гаворыцца ў паведамленні «Вясны».

Інфармацыю пра ператрусы пацвердзілі і крыніцы «Белсату».

Раней у ананімных Telegram-каналах сілавікоў з’явіліся допісы, што ўскосна сведчаць пра акцыю пераследу, звязаную з запланаванымі выбарамі ў Каардынацыйную раду. Імаверна, ператрусы праводзяць не толькі ў Менску.

Сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўнік НАУ Юрый Губарэвіч у Facebook напісаў, што «дзіўныя людзі» прыходзілі і да яго – на адрас прапіскі:

«Дзіўныя людзі прыходзілі шукаць маю маёмасць паводле месца прапіскі. Ведаючы бандыцкую сутнасць гэтага рэжыму, усё распрадаў яшчэ да канца 2021 года».

Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў, што з вобшукамі прыйшлі да шмат каго з каманды НАУ, у тым ліку да яго самога:

«Сёння да родных многіх супрацоўнікаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, а таксама ў кватэры, дзе яны раней пражывалі, прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў. Паводле нашых звестак, гэта адбываецца адначасова, масава і датычыць многіх прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі».

У заяве адзначаецца, што «гэта не паўплывае на дзейнасць Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі».

Таксама сілавікі ўварваліся ў кватэру аналітыка і сябра Каардынацыйнай рады Сяргея Чалага.

Пра візіт сілавікоў паведаміў яшчэ адзін сябра КР Артур Фінькевіч, які жыве ў Варшаве.

«Сёння на адрас маёй рэгістрацыі ў Менску прыходзілі сілавікі. На мяне заведзеныя некалькі крымінальных справаў. Мяне ў Беларусі няма тры гады, не жыў на месцы рэгістрацыі каля дзевяці гадоў, ні рэчаў ні маёмасці ў Беларусі не маю», – напісаў палітык у Facebook.

Акрамя таго, ператрус учынены ў кватэры Ганны Красулінай – прэс-сакратаркі абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай.

Як паведамляе «Вясна», у пастановах на ператрус, з якімі прыходзяць сілавікі, пазначаныя шэсць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • здрада дзяржаве;
  • змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
  • заклікі да санкцыяў;
  • стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім;
  • фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Тым часам сайт Каардынацыйнай рады трапіў пад DDoS-атаку, паведаміў выданню «Медыязона» прэс-сакратар Антон Раднянкоў. Старонка цяпер не адкрываецца.

Як паведамлялася, бліжэйшым часам Каардынацыйная рада плануе вызначыцца, якім чынам налета адбудуцца выбары ў гэтую структуру. Адзін з варыянтаў, як казаў «Белсату» дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька, –  выбары паводле палітычных спісаў (гэта як паводле партыйных спісаў, але спісы могуць выстаўляць не толькі партыі), у выніку якіх КР мусіць стацца протапарламентам. Але абмяркоўваюцца і іншыя варыянты, падобныя да мажарытарнай і змяшанай сістэмаў парламенцкіх выбараў.

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў