Латушка: Беды беларусаў у эміграцыі – праблемы не толькі людзей, але і дзяржаваў


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі чыніць рэпрэсіі не толькі ў Беларусі, але і псуе жыццё тым, хто выехаў за мяжу. Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення расказалі, што распачалі працу над сістэмным вырашэннем гэтых праблемаў.

Павел Латушка
Павел Латушка на прэс-канферэнцыі ў «Музеі вольнай Беларусі». Варшава, Польшча. 25 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і ягоны лідар, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка 25 лістапада далі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі вольнай Беларусі», на якой расказалі аб выніках закрытага круглага стала «Сістэмная дыскрымінацыя рэжымам Лукашэнкі беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой, і шляхі яе пераадолення», прысвечанага абмеркаванню аднайменнага дакладу юрыстаў НАУ і выпрацоўцы экспертных прапановаў для адпаведных органаў Польшчы і іншых краінаў Еўразвязу, а таксама міжнародных арганізацыяў у выбары механізму абароны правоў сотняў тысяч беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў.

Сам даклад яшчэ не публікавалі, яго яшчэ будуць дапрацоўваць, каб пазней разаслаць замежным чыноўнікам. Але на прэс-канферэнцыі расказалі, пра што размаўлялі на закрытым круглым стале, у якім бралі ўдзел польскія юрысты і амбудсмен Польшчы, прадстаўнікі амбасады Літвы і Бюро дэмакратычных інстытутаў правоў чалавека Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ).

Рэпрэсіі Лукашэнкі распаўзаюцца за межы Беларусі

Латушка адзначыў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі прыкладвае сур’ёзныя намаганні, каб пад рэпрэсіі трапілі грамадзяне Беларусі за мяжой, але ў краінах, куды беларусы ўцякаюць, няма сістэматычнай працы над тым, каб прааналізаваць гэтыя рэпрэсіі. Паводле Латушкі, ягоная каманда зрабіла першы сістэмны аналіз гэтых рэпрэсіяў і сабрала прапановы ў дапамозе беларусам за мяжой.

А рэпрэсіі тычацца сотняў тысяч беларусаў за мяжой. Такой хвалі эміграцыі, як цяпер, не было больш за сотню гадоў, адзначыў Латушка: пасля Першай сусветнай вайны з Беларусі на Захад выехала 122 тысячы чалавек, пасля Другой сусветнай – каля 50 тысяч, пасля распаду Савецкага саюзу – каля 50 тысяч, а пасля выбараў-2020 – не менш за 200 тысяч, а то і паўмільёна. Агулам жа за межамі Беларусі цяпер, паводле звестак Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, жыве звыш мільёна чалавек.

Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк, які разам з іншымі юрыстамі распрацаваў даклад, расказаў, што каманда НАУ вылічыла 15 галоўных праблемаў беларусаў за мяжою. Ён прывёў прыклады:

  • улады Беларусі адмаўляюць сваім грамадзянам у адтэрміноўках ад войска падчас атрымання адукацыі за мяжою;
  • не выдаюць пашпарты за мяжою і робяць фактычна немагчымым продаж маёмасці з-за мяжы;
  • не адкрываюць выбарчых пунктаў;
  • распачынаюць завочныя крымінальныя справы і суды фактычна без права на абарону;
  • пагражаюць эмігрантам пазбаўленнем грамадзянства, пераследуюць і арыштоўваюць сваякоў эмігрантаў (некаторых прымушаюць запісваць відэазвароты да родных за мяжою);
  • робяць у іхных хатах ператрусы (дакладней, пагромы, не скіраваныя на пошук доказаў злачынстваў, як адзначае Кірылюк);
  • затрымліваюць людзей проста ў візавых цэнтрах пры спробе з’ехаць за мяжу;
  • відавочна сфальсіфікаваныя крымінальныя справы выкарыстоўваюць для абвяшчэння ў вышук праз «Інтэрпол» (людзей сапраўды часам затрымліваюць, а суды доўга разглядаюць праўдзівасць закідаў).
Агляд
На выпадак, калі сабраліся па пашпарт на радзіму: за што затрымліваюць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы
2023.09.19 17:49

Юрыстка «WKB Lawyers» Ганна Маціеўская заўважыла, што праблемы ў беларусаў за мяжою фактычна ўзнікаюць «ад нараджэння да смерці». Напрыклад, усё яшчэ ёсць праблема з легалізацыяй дзяцей грамадзянаў Беларусі, калі тыя нарадзіліся ў Польшчы і калі бацькі не могуць атрымаць ад Беларусі дакументаў аб беларускім грамадзянстве дзяцей. І гэта пры тым, што прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай і Цэнтру беларускай салідарнасці рэгулярна нагадваюць аб такой праблеме і абмяркоўваюць яе на спецыяльна створанай працоўнай групе пры Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы.

І рэпрэсіі тычацца не толькі  людзей, якіх пераследуюць з палітычных прычынаў. Як казалі на прэс-канферэнцыі, дыскрымінацыя закранае ўсіх беларусаў за мяжою.

«Праблема беларусаў, якія жывуць за мяжой, гэта праблема не толькі беларусаў, – падкрэсліў Лашутка. – Гэта пытанні, з якімі сутыкаюцца органы дзяржаўнай улады і грамадствы краінаў, дзе беларусы знаходзяцца».

Калі беларусы застануцца без пашпарту, калі дзеці народзяцца без пацверджання грамадзянства, калі немагчыма пацвердзіць беларускія пасведчанні кіроўцы – гэтыя праблемы будуць тычыцца органаў улады краінаў, у якіх беларусы знаходзяцца, працягнуў ён. Латушка заклікае не дапусціць таго, каб сотні тысяч грамадзянаў Беларусі апынуліся ў неправавой сітуацыі, каб адносна іх не былі справакаваныя правапарушэнні.

Беларусам, дадаў ён, варта паказаць, што ў дэмакратычных краінах, у адрозненне ад Беларусі, можна абараніць свае правы. Інакш у беларусаў наступіць дэматывацыя, згубіцца вера ў тое, што «дэмакратыя перадусім».

Для сапраўды сістэмнага рашэння патрэбны трыбунал над Лукашэнкам

Прапановы замежным урадам падрыхтавалі для таго, каб мінімізаваць вышэй названыя праблемы, ды Кірылюк прызнаў, што цалкам ліквідаваць іх немагчыма: замежныя ўрады не могуць сваімі законамі змяніць тое, што робіць Лукашэнка ў Беларусі.

А для напраўду сістэмнага рашэння незвычайнай сітуацыі беларускіх эмігрантаў, беды якім стварае іхная ж дзяржава, беларусам патрэбны адмысловы статус, расказаў польскі юрыст і мецэнат Томаш Віліньскі.

Ганна Маціеўская, Міхаіл Кірылюк, Павел Латушка і Томаш Віліньскі
Злева направа: Ганна Маціеўская, Міхаіл Кірылюк, Павел Латушка і Томаш Віліньскі на прэс-канферэнцыі ў «Музеі вольнай Беларусі». Варшава, Польшча. 25 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Беларусаў за мяжой не прызнаюць нейкай спецыяльнай групай: цяпер кожную справу разглядаюць індывідуальна, у пэўных выпадках даюць міжнародную абарону, а палёгкі ў легалізацыі прапануюць самастойна асобныя краіны, тлумачыў ён. І грамадзяне Беларусі, напрыклад, не ўцекачы ад вайны ва Украіне, якім не трэба даказваць, што на радзіме небяспечна.

Віліньскі бачыць вырашэнне ў статусе ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, які быў бы шырэйшым за міжнародную ахову і палітычны прытулак, трактаваў бы грамадзянаў Беларусі за мяжой «агульным спосабам»: як, напрыклад, бароняць агулам ахвяраў гандлю людзьмі, могуць бараніць агулам ахвяраў дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Такі статус беларусы змогуць атрымаць пасля трыбуналу над рэжымам Лукашэнкі. НАУ працуе над тым, каб такі трыбунал правялі, збірае доказы злачынстваў – а яны распаўсюджваюцца не толькі на беларусаў, але і на ўкраінцаў.

Агляд
Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»
2023.07.27 16:28

Хоць такі трыбунал можа рыхтавацца і працягвацца не адзін год (а Латушка ўжо наракае на павольнасць рэакцыі дэмакратычных краінаў на злачынствы Лукашэнкі), Віліньскі бачыць гэта найлепшым шляхам сістэмнага рашэння, бо ў іншых варыянтах можа ўзнікаць пытанне: чаму беларусам робяць нейкія палёгкі, ці не дыскрымінуе гэта грамадзянаў іншых краінаў?

Пакуль жа беларусы за мяжой могуць звяртацца са сваімі праблемамі да мясцовых праваабаронцаў і дэмакратычных сілаў. Прадстаўніцтвы гэтых сілаў, «народныя амбасады» або арганізацыі кшталту польскага Цэнтру беларускай салідарнасці ёсць не ў кожнай краіне – жыхарам тых краінаў, дзе такога няма, Кірылюк раіў звяртацца наўпрост у Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і Аб’яднаны пераходны кабінет, якія калі і не вырашаць праблемы сваімі сіламі, дык прынамсі  падкажуць накірунак для рашэння.

Аналітыка
Раней невядомыя доказы масавых катаванняў і збіванняў 9–13 жніўня 2020-га. У тым ліку пацверджанне згвалтавання
2023.11.24 16:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў