На выпадак, калі сабраліся па пашпарт на радзіму: за што затрымліваюць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы


Пасля ўступлення ў моц лукашэнкаўскага ўказу № 278, які забараняе амбасадам і консульствам выдаваць пашпарты і афармляць даверанасці за мяжою, беларусы, у якіх неўзабаве скончыцца тэрмін дзеяння пашпарта, думаюць, што рабіць. Некаторыя ўсур’ёз разглядаюць паездку ў Беларусь. Тыя, хто не браў актыўнага ўдзелу ў пратэстах ці павыдаляў усе каментары і акаўнты ў сацыяльных сетках, думаюць, што наўрад ці імі зацікавяцца органы. Але ці бяспечна такім асобам ехаць на радзіму і за што цягам апошніх трох гадоў затрымліваюць і судзяць тых, хто вярнуўся? Паглядзелі на сёлетнюю статыстыку і згадалі найбольш гучныя затрыманні па вяртанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманы ў Беларусі, арыштаваны падчас флэш-мобу «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», жэстыкулюе з турэмнай камеры ў следчым ізалятары ў Менску 7 ліпеня 2011 года. Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

У 2022 годзе пасля вяртання з-за мяжы былі затрыманыя амаль 60 чалавек

Паводле звестак праваабаронцаў, а таксама інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, найчасцей тых, хто вяртаецца з-за мяжы, затрымліваюць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а таксама за каментары ў сацыяльных сетках ці ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе. Старыя лайкі, падпіскі, рэпосты, фотаздымкі з сімволікай, якую ўлады называюць экстрэмісцкаю (гэта можа быць бел-чырвона-белы і нават украінскі сцягі) сілавікі знаходзяць падчас правярання тэлефона на мяжы. Чалавека таксама могуць загадзя залучыць у пэўную базу, калі на яго штосьці ёсць, і проста чакаць моманту, калі ён «засвеціцца» на мяжы. Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі падставаю для пераследу быў нават удзел у акцыях салідарнасці за мяжою.

Затрымаць могуць адразу ці праз некаторы час пасля ўезду ў Беларусь.

Як паведамляў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, у 2022 годзе пры ўездзе ў Беларусь 52 чалавекі былі затрыманыя за «экстрэмізм». У праваабаронцаў лік крыху большы – 58. З іх мінімум 10 чалавек засуджаныя на пазбаўленне волі, чацвёра – на «хатнюю хімію», а супраць яшчэ сямі распачатыя крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністратыўных справаў і змяшчалі ў ізалятар на содні. Таксама праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі сілавікі пасля затрымання знішчалі дакументы беларусаў для выезду за мяжу. нават пашпарты.

Найчасцей затрымліваюць па вяртанні з Польшчы або Літвы, таксама вядома пра затрыманні пасля прыезду з Украіны, Латвіі, Грузіі і Расеі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Поза, у якой трэба стаяць падчас ранішняга правярання. Менск, Беларусь. 12 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

За што затрымлівалі тых, хто вяртаўся гэтым летам

Сёлетняя статыстыка затрыманняў пасля вяртання з-за мяжы ўжо большая, чымся летась, а да канца года яшчэ амаль чатыры месяцы. З пачатку года былі затрыманыя прыблізна 100 чалавек, казала юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна».

Hавiны
Затрыманні па вяртанні з-за мяжы і ціск на сваякоў добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне
2023.08.15 23:59

Толькі ў чэрвені прынамсі 36 асобаў былі затрыманыя і засуджаныя за «экстрэмісцкія» падпіскі і рэпосты ў памежных раёнах Беларусі: у Воранаве, Астраўцы, Ашмянах, Браславе, Лёзне, Гарадку, Дуброўне і Берасці.

У Астраўцы цягам мінулага месяца засудзілі чатырох мужчынаў — іх затрымалі ў пункце пропуску «Лоша», абвінавацілі ў падпісках  на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Суд Астравецкага раёну аштрафаваў трох чалавек на 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а студэнта — на 30 базавых велічыняў (1110 рублёў).

Затрыманні працягнуліся ў ліпені і жніўні.

Суд Ленінскага раёну Магілёва 13 ліпеня вынес прысуд Аляксандру Кулікову. Мужчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК РБ) і паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК). У траўні 2023 года, ужо пасля завядзення крымінальнай справы, мужчына выехаў у Польшчу, дзе прабыў каля месяца і вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.

1 жніўня стала вядома пра затрыманне Вячаслава Чарнецкага, які вярнуўся ў Беларусь. Паводле праўладных каналаў, мужчына пакінуў каля 1000 каментароў у «экстрэмісцкіх» каналах і чатах.

Таксама на пачатку жніўня напярэдадні вяселля за фота ў тэлефоне затрымалі жыхара Віцебску. Сілавікі прыйшлі да хлопца за дзень да вяселля, падчас агляду тэлефона знайшлі там фота з бел-чырвона-белым сцягам. Вядома, што перад гэтым маладзён ездзіў у Польшчу.

9 жніўня стала вядома пра затрыманне жыхара Кобрына Канстанціна Біча. Мужчына на «пакаянным» відэа кажа, што раней прыцягваўся паводле адміністратыўнага артыкулу 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), а таксама атрымаў штраф за тое, што вывешваў бел-чырвона-белы сцяг. Затрымалі яго за абразу міліцыянта ў сацсетках. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што нядаўна мужчына вярнуўся ў Беларусь з Еўразвязу.

17 жніўня сілавікі затрымалі байкера, які вярнуўся з Літвы ў Беларусь. У «пакаянным» відэа ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў затрыманы мужчына кажа, што працаваў у офісе «EPAM» у Літве. Таксама ён паведаміў, што «браў удзел у пратэставых акцыях, ездзіў па горадзе на матацыкле з пратэставаю сімволікай і быў падпісаны на дэструктыўныя каналы».

Агляд
За што беларусаў найчасцей затрымліваюць на мяжы?
2023.07.13 09:20

25 жніўня затрымалі 30-гадовага беларуса Дзмітрыя Кавалеўскага, які вярнуўся на радзіму з Польшчы. На відэа сілавікоў ён кажа, што пакідаў «дэструктыўныя каментары ў дачыненні працаўнікоў міліцыі». Яму пагражаюць крымінальнай адказнасцю за «распальванне варожасці». Кавалеўскага затрымалі пасля мінання мяжы.

Таксама ў жніўні затрымалі сужэнцаў, якія прыехалі з Польшчы. У 2020 годзе яны бралі ўдзел у масавых пратэстах.

Яшчэ адна з затрыманых – беларуска Вераніка Казак: прыляцела да сваякоў з Італіі, дзе жыве ўжо некалькі гадоў. Сілавікі затрымалі дзяўчыну 25 жніўня, паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, на яе завялі крымінальную справу за каментары.

Гучныя затрыманні пасля вяртання ў 2021–2022 гадах

У папярэднія гады – 2021 і 2022 – было некалькі гучных затрыманняў пасля вяртання ў Беларусь. У канцы сакавіка 2021 года затрымалі мастака Алеся Пушкіна, якога сёлета закатавалі ў турме да смерці – нясвоечасова надалі медычную дапамогу пры прабадной язве. Перад самым затрыманнем Пушкін вярнуўся ў Беларусь з Украіны.

30 кастрычніка 2021 года пасля вяртання з Егіпту, адразу ў аэрапорце Менску, затрымалі журналістку Ірыну Слаўнікаву, якой пазней прысудзілі 4 гады няволі за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ) і за стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім (арт. 361-1 КК).

30 жніўня 2022 года затрымалі журналіста Паўла Мажэйку. Адбылося гэта пасля таго, як ён прыехаў у Беларусь наведаць бацькоў у Горадні. Павел не думаў з’язджаць з Беларусі назаўсёды, спыніў супрацу з «Белсатам» і адмаўляўся ад усіх праектаў, якія б вымагалі жыцця за мяжою, каб мець магчымасць ездзіць у Беларусь. Журналіста засудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

Падчас затрымання пасля прыезду ў Беларусь сілавікоў і суд ніколі не цікавяць прычыны вяртання. За краты кідалі нават людзей з сур’ёзнымі дыягназамі, якія ехалі ў Беларусь лячыцца, ці тых, хто рызыкаваў сваёй воляю, каб прысутнічаць на пахаваннях сваякоў. Гэтак здарылася, напрыклад, з 37-гадовым беларусам Эдуардам Вайцяховічам, якога затрымалі 15 студзеня 2022 года, калі ехаў з Рыгі на пахаванне бацькі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 КК. Палітычнаму вязню прысудзілі 2 гады калоніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Yevgeny Yepanchintsev / TASS

Галоўныя артыкулы, паводле якіх у Беларусі судзяць палітычных вязняў

На 9 верасня 2023 года, паводле праваабаронцаў, у Беларусі налічваецца 1519 палітычных вязняў. Агульная колькасць асобаў, прызнаных палітзняволенымі з траўня 2020 года, разам з вызваленымі, складае амаль 2500 чалавек. Агулам са жніўня 2020 года, згодна з наяўнымі звесткамі, прынамсі 4898 асобаў сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным пераследам і не менш за 3763 былі асуджаныя пасля палітычна матываваных крымінальных справаў.

Асноўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх былі заведзеныя крымінальныя справы з пачатку прэзідэнцкай кампаніі (з траўня 2020 года):

  • 342 КК РБ («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Частку справаў, распачатых паводле арт. 293 КК, перад судом перакваліфікуюць на арт. 342 КК. Караецца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 4 гадоў.
  • 293 КК РБ («Масавыя закалоты»). Арганізацыя масавых закалотаў – пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў, удзел – пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.
  • 363 КК РБ («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»). Караецца штрафам, арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
  • 364 КК РБ («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту супрацоўніку органаў унутраных справаў»). Караецца арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да 7 гадоў.
  • 339 КК РБ («Хуліганства»). Караецца грамадскімі працамі, штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да 2 гадоў, пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў;
  • 243 КК РБ («Ухіленне ад сплаты падаткаў») – паводле гэтага эканамічнага артыкулу затрымалі актывістаў штабу Віктара Бабарыкі і супрацоўнікаў кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцыяў пратэсту. Караецца арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да 1 года або пазбаўленнем свабоды на тэрмін да 3 гадоў і штрафам.

Таксама сотні крымінальных справаў заведзеныя паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі, абразу і паклёп на прэзідэнта, за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 188 – пазбаўленне волі да 3 гадоў, 369 – пазбаўленне волі да 3 гадоў, 368 – пазбаўленне волі да 2 гадоў, 370 – пазбаўленне волі да 3 гадоў) КК РБ і інш.).

6 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікавалі ўказ № 278 аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў. Дакумент уступіў у моц 7 верасня. Ён змяняе парадак ажыццяўлення адміністратыўных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, якія маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы. Указ забараняе амбасадам і консульствам выдаваць пашпарты беларусам, а таксама афармляць даверанасці.

Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
2023.09.08 16:47

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў