Агучаны прысуд Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч


Гарадзенскі абласны суд 26 ліпеня агучыў вырак журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч, кожнаму прысудзілі 6 гадоў зняволення.

Журналіст Павел Мажэйка і адвакатка Юлія Юргілевіч на абвяшчэнні прысуду ў Гарадзенскім судзе. Горадня, Беларусь. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: belta.by

Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч прысудзілі 6 гадоў калоніі кожнаму. У Паўла, паводле выраку, узмоцнены рэжым.

Пракурор патрабаваў менавіта гэткага тэрміну.

Суд над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч пачаўся 10 ліпеня. За што судзяць палітзняволеных, стала вядома толькі ў судовай зале – іх абвінавацілі ў перадачы звестак «Белсату» ў лютым – сакавіку 2022 года, што расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэксу).

Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка нібыта «дзеяў у групе асобаў пры папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч і з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юліі Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката і выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні Алеся Пушкіна і прызначэння яму пакарання».

Потым, згодна з абвінавачаннем, гэтыя звесткі былі «апублікаваныя ў адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт нявызначанымі ўдзельнікамі арганізацыі «Белсат», што забяспечыла неабмежаванаму колу асобаў доступ да названай інфармацыі».

Hавiны
Стала вядома, у чым абвінавачваюць журналіста Паўла Мажэйку
2023.07.10 16:45

Гэткім чынам палітзняволеныя, на думку рэжыму, аказалі «іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».

Паўла Мажэйку жорстка затрымалі 30 жніўня 2022 года. Амаль год яго трымаюць у СІЗА гарадзенскай турмы. Доўгі час сям’я не ведала нават прычынаў затрымання, бо адвакаты і ўсе сведкі далі падпіску аб нераскрыцці. Лісты ад палітвязня сталі адзінаю крыніцаю інфармацыі.

З 2007 года Павел Мажэйка быў тварам нашага тэлеканалу, вёў праграмы «Два на два», «Госць «Белсату». А пазней – гістарычнае шоу «Intermarium», у якім спалучаў журналістыку і гісторыю. Канцэпцыя праекту – аповед пра Беларусь у кантэксце гісторыі суседзяў: Літвы, Польшчы, Украіны і Расеі. Але калі рэжым Лукашэнкі прызнаў «Белсат» «экстрэмісцкім», Павел пайшоў з тэлеканалу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў