Латушка адказаў Лукашэнку: «Мы гатовыя правесці абмен мужчынскай часткі НАУ на ўсіх палітзняволеных»


31 сакавіка падчас звароту да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, адказваючы на пытанне палітолага Юрыя Васкрасенскага, Лукашэнка прапанаваў абмяняць журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута на Паўла Латушку і чальцоў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Юрый Васкрасенскі пытаў Лукашэнку пра беларуска-польскія стасункі і камісію для вяртанні «беглых» ды сказаў, што з Польшчы нібыта былі прапановы абмяняць палітвязняў (на што, Васкрасенскі не ведае). Лукашэнка адказаў, што «камісія Шведа» будзе займацца гэтымі пытаннямі, а ён сам чуў пра прапанову аб вызваленні Анджэя Пачобута ў абмен на «нейкі кавалак мяжы» – прапанова яго прывяла ў жах, бо «чалавека мяняюць на пункт пропуску».

Лукашэнка заявіў, што калі Пачобута хочуць абмяняць, «дык у нас у Польшчы лахушкі» (так Лукашэнка называе Паўла Латушку), «але мяняць лахушку на Пачабута адзін да аднаго я ніколі не пагаджуся – усю групу сюды». Ён прапанаваў мяняць Пачобута ці то на ўвесь склад НАУ, ці то на Аб’яднаны пераходны кабінет – падобна, ён іх блытае і лічыць, што Латушка ўзначальвае Кабінет. У апазіцыі, як лічыць Лукашэнка, тры цэнтры: Офіс Ціханоўскай, НАУ і – «як пэўны орган між ног боўтаўся» – Валерый Цапкала. Маўляў, аб’яднацца не змаглі, таму зрабілі стаўку на харугвы ў Польшчы і Літве і ваяроў ва Украіне, сярод якіх «палова калекі і забітыя». Васкрасенскі падказаў: «Адзіны хоць нехта падобны да палітыка – гэта Зянон Пазняк, але яны яго не падпускаюць да дзяльбы рэсурсаў». Лукашэнка распавёў, што Пазняк «пачаў хістацца», бо здагадваецца, што «не Расея нас акупавала».

Старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс Лукашэнка адмовіўся вызваліць: «Перадайце ім, што Борыс мы не аддадзім». На думку Лукашэнкі, Борыс цяпер на волі, бо пісала прашэнне аб памілаванні, насамрэч жа яна ўжо год пад хатнім арыштам і прашэння не пісала.

Адказ Паўла Латушкі і сябраў НАУ

Пра сустрэчную прапанову для нелегітымнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі заявіў у размове з «Белсатам» кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

«Ад свайго імя і ад імя мужчынскай часткі каманды НАУ – мы згодныя на абмен, але ў нас свая прапанова. Мы гатовыя правесці абмен Паўла Латушкі і мужчынскай часткі каманды НАУ на ўсіх палітзняволеных у Беларусі», – заявіў Латушка.

Hавiны
Вызваліце Пачобута – атрымаеце «Баброўнікі». Польшча выставіла свае ўмовы і пагрозы Менску
2023.03.23 15:53

На мінулым тыдні міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі ў эфіры польскага радыё паабяцаў адкрыць пункт пропуску «Баброўнікі», калі ўлады ў Менску вызваляць журналіста і аднаго з лідараў польскай дыяспары Анджэя Пачобута. Пераход «Баброўнікі» быў закрыты 10 лютага пасля таго, як суд у Беларусі засудзіў журналіста на 8 гадоў зняволення.

Фота вокладкі: Міра Ляселішская / Белсат

АА belsat.eu

Стужка навінаў