«Агент паняволі» адмовіўся выбачацца за працу на КДБ


Актывіст БХД Алег Аксёнаў, які цягам года перадаваў КДБ справаздачы аб сустрэчах беларускай супольнасці ў Польшчы, адмовіўся выбачацца за працу на спецслужбу. «Я не думаю, што гэта патрэбна», – заявіў палітык у выданні «Тыдзень» на «Белсаце».

Магілёўскі актывіст Алег Аксёнаў працаваў «пазаштатным аўдытарам Еўрапейскай падліковай палаты» – гэтую пасаду яму прапанавалі беларускія спецслужбы ад імя еўрапейскага дэпутата. Палітыку давалі заданні хадзіць на імпрэзы, рабіць фотаздымкі, збіраць інфармацыю аб удзельніках і самае галоўнае – аб фінансаванні.

Аксёнаў сцвярджае, што нічога пра гранты і іншую дапамогу не ведае, а таму ніякай канфідэнцыйнай інфармацыі ў КДБ не перадаваў.

«Калі вы паглядзіце справаздачы, то тут абсалютна няма нічога, што выходзіла б за межы публічнасці. Усе дадзеныя, якія тут прапісаныя, яны фактычна ўсе прайшлі праз медыі. У пунктах, якія тычацца фінансавай інфармацыі, звычайна пісалася «звестак не маю», бо сапраўды не меў звестак», – адзначыў актывіст у эфіры «Белсату».

Палітык запэўніў, што на дыктафон нікога не запісваў, адзінае, што рабіў з дапамогаю тэлефона, – фота:

«Ніякага дыктафону ў мяне ніколі не было, я ім не карыстаюся. Я ніколі нікога не запісваў. Усё, што было зроблена з дапамогаю тэлефона, – некалькі здымкаў на адным з пасяджэнняў са спіны: трэба было паказаць фотаздымкам колькасць людзей у залі. Твары людзей траплялі толькі тых, хто быў наперадзе».

Справаздача, падрыхтаваная Алегам Аксёнавым нібыта для Еўрапейскай падліковай палаты, а насамрэч – для КДБ.
Фота: Белсат

Паводле Алега Аксёнава, справаздачы, што ён рыхтаваў, вельмі падобныя на сапраўдныя дакументы аўдытараў:

«Я ведаю, як працуюць аўдытары ЕЗ, сапраўды, было падобна. Пытанні, пазначаныя ў аркушы, тычацца фінансавай дзейнасці. Размова ішла не пра даносы, а пра аўдыт. Гэта нармалёвая практыка».

«Агент паняволі» напісаў пяць справаздачаў і атрымаў за іх 250 еўраў: па 50 за адну. Нумар рахунка, з якога прыйшлі грошы, перададзены польскім спецслужбам. А самі грошы, як сказаў Аксёнаў, «пайшлі на справу, на працу».

Справаздача, падрыхтаваная Алегам Аксёнавым нібыта для Еўрапейскай падліковай палаты, а насамрэч – для КДБ.
Фота: Белсат

Актывіст прызнаў віну ў тым, што адбылося, і растлумачыў гэта няўважлівасцю:

«Дапусціў у сваёй дзейнасці няўважлівасць да прапановаў, якія атрымліваў, і такім чынам патрапіў у гэтую пастку. Так, гэта быў развод. Зараз, вяртаючыся назад, ужо знайшоў чатыры моманты, паводле якіх можна было здагадацца, што штосьці нячыста, і пры больш дакладнай ацэнцы тых прапановаў, якія прыходзілі, можна было зразумець і зрабіць высновы».

Суразмоўца «Белсату» пры гэтым не пагадзіўся з меркаваннем, што нашкодзіў беларускаму дэмакратычнаму руху.

«Я адчуваю маральную адказнасць за гэта, але наўпроставую шкоду нікому я не прынёс. Яшчэ патрэбны час, каб усё гэта прапусціць на больш спакойны розум».

Выбачацца Аксёнаў адмовіўся:

«Прабачэнні я прынёс учора тым людзям, якія знаходзіліся ў аўдыторыі. Далей… Я не думаю, што гэта патрэбна. Я зрабіў для сябе высновы. Тыя людзі, якія сапраўды з’яўляюцца сябрамі і паплечнікамі, усё добра зразумелі».

Актывіст таксама адмовіўся сыходзіць з палітыкі: «Была такая думка, але людзі, якія працуюць са мной, якія мне давяраюць, пераканалі ў тым, што гэта будзе падарунак для тых, хто гэта зрабіў». У ягоных бліжэйшых планах – стварэнне нацыянальна-дэмакратычнай платформы.

Справаздача, падрыхтаваная Алегам Аксёнавым нібыта для Еўрапейскай падліковай палаты, а насамрэч – для КДБ.
Фота: Белсат

Пра працу Аксёнава на КДБ сталася вядома 18 лістапада, калі сюжэт пра гэта паказалі на ОНТ. Прапагандысты выпусцілі свае матэрыялы пад гучнымі загалоўкамі кшталту «Дзёрзкая аперацыя КДБ Беларусі» і «Выкрыванне апазіцыі». Імпрэзы дэмакратычнай супольнасці назвалі «балбатнёю, на якія выдаткоўваюцца заходнія грошы», пры гэтым ніякіх фінансавых дакументаў дзяржаўныя медыі не паказалі.

Справаздача, падрыхтаваная Алегам Аксёнавым нібыта для Еўрапейскай падліковай палаты, а насамрэч – для КДБ.
Фота: Белсат

Акрамя таго, прапагандысты сцвярджаюць, што Аксёнаў зняў і даслаў відэа з нумарамі аўтамабіляў «на службовай паркоўцы каля будынкаў польскіх спецслужбаў». Як публікацыя гэтых рэгістрацыйных знакаў можа нашкодзіць, не растлумачылі, аднак выказалі ўпэўненасць, што «польскім выведнікам і контрвыведнікам давядзецца мяняць засвечаныя аўты».

Справаздача, падрыхтаваная Алегам Аксёнавым нібыта для Еўрапейскай падліковай палаты, а насамрэч – для КДБ.
Фота: Белсат

Таксама ў эфіры ОНТ паказалі, як заяўляецца, «парачку распісак ад парачкі такіх жа псеўдазаходніх аўдытараў, якія даўно шпіёняць за беглымі на карысць Менску».

Правакацыя выкрылася, калі 18 лістапада на семінары па бяспецы ў варшаўскім «Моладзевым хабе», які ладзіў Аксёнаў, у эфір па відэасувязі ад імя «Фабіё Зімэра» выйшаў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, які падзякаваў Аксёнаву за «супрацу» і прапанаваў астатнім «явіцца з павіннай» у Беларусь і «пакаяцца».

Hавiны
КДБ уключыўся ў семінар па бяспецы беларусаў у Варшаве. Актывіст расказаў, як яго «вербавалі»
2023.11.19 08:59

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў