Рэжым працягвае пераслед святароў


Напярэдадні прыйшлі па ксяндза Вячаслава Пялінака. Святара Віцебскай дыяцэзіі, які апошнім часам служыў у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Берасці, сілавікі Лукашэнкі вывезлі ў невядомым кірунку. Наўпрост пасля ранішняга набажэнства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта частка ціску, з якім сутыкаецца каталіцкі касцёл. І не з 2020 года, а з 90-х гадоў. Проста пасля 2020 года гэтыя межы зрабіліся больш жорсткія. Санкцыі таксама зрабіліся больш жорсткімі, і адвольныя затрыманні святароў – гэта элемент новага ўзмоцненага ціску», – кажа каталіцкі актывіст Арцём Ткачук.

На мінулым тыдні затрымалі пробашча валожынскай парафіі Генрыха Акалатовіча. Крыніцы праекту «Хрысціянская візія» сцвярджаюць, што яму інкрымінуюць здраду дзяржаве. Ксяндза пераследавалі і ў савецкі час. Каля трыццаці разоў штрафавалі за святарскую дзейнасць. Святару 63 гады, ён перанёс інфаркт і нядаўнюю аперацыю на страўніку ў сувязі з анкалогіяй. Кіраўніцтва касцёлу ў Беларусі – маўчыць.

«Біскупы і іерархі маўчаць, не хочуць эскалаваць гэтыя праблемы. Біскупы таксама застаюцца пад пастаянным ціскам, і, як паказвае практыка, рэчаіснасць сучасная беларуская – эскалацыя, адказ, крытыка. Будучы яшчэ пры гэтым у Беларусі, вынікаў наўрад ці дадуць, але гэта будуць новыя рэпрэсіі», – дадае Арцём Ткачук.

Праўда, пасіўная пазіцыя каталіцкіх іерархаў і ў першую чаргу Ватыкану не дапамагае ні вярнуць вернікам Чырвоны касцёл, ні спыніць рэпрэсіі супраць святароў. Паводле нашых крыніцаў у беларускім касцёле, у наступным годзе рэжым разглядае магчымасць цалкам забараніць набажэнствы на польскай мове і дэпартаваць з Беларусі ўсіх польскіх ксяндзоў.

«На жаль, Папа робіць сімвалічныя крокі. І сімвалічным крокам, які нам усім запомніўся за апошнія тры гады, было наданне рыцарскай годнасці Аляксандру Зайцаву. Вось такі крок выдатна характарызуе веданне пантыфіка пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ватыкан спрабуе сябраваць з тымі, у каго ўлада, у каго ўплыў», – выказвае думку тэолаг, прадстаўніца праекту «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч.

Ксёндз Вячаслаў Пялінак
Ксёндз Вячаслаў Пялінак. Крыніца: brestkrest / facebook

Між тым, пераследуюць не толькі каталікоў. Паводле вядомых Хрысціянскай візіі фактаў, з 2020-га года ад рэпрэсіяў з палітычных матываў пацярпелі 25 каталіцкіх, 19 праваслаўных, 5 грэка-каталіцкіх і 17 святароў евангельскіх цэркваў.

«Рэлігійна жыццё – гэта адна з сфераў жыцця, дзе чалавек можа быць свабодны. Дзе ёсць свабода мець меркаванне, свабода мець каштоўнасці, дзейнічаць у адпаведнасці з гэтымі каштоўнасцямі. А таксама гэта сетка ўзаемадзеяння грамадзянскай супольнасці. І таму логіка рэжыму ў тым, каб разбурыць гэтую грамадзянскую супольнасць», – дадае Наталля Васілевіч.

Пад рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні рэлігійнай супольнасці рэжым падвёў і заканадаўчую базу. Сёлета ў кастрычніку Палата прадстаўнікоў зацвердзіла змены ў «Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Схема тая ж, што і з палітычнымі партыямі: да канца года ўсім рэлігійным арганізацыям трэба будзе прайсці перарэгістрацыю. Яна, паводле абноўленага закону, патрабуе ад рэлігійнага аб’яднання мець грамады ва ўсіх рэгіёнах краіны. Чаканняў чыноўнікі не хаваюць.

Абноўлены закон значна ўзмацняе ідэалагічны аспект у рэлігійным жыцці. Гэтак, кіраўнікі рэлігійных арганізацыяў мусяць быць грамадзянамі Беларусі і стала жыць у Беларусі. Яны не павінны быць запісаныя ў шэрагах экстрэмістаў і тэрарыстаў, куды сілавікі актыўна залучаюць палітычных апанентаў. Таксама рэлігійным установам забаранілі ў месцах службаў выкарыстоўваць нерэлігійную сімволіку. Збіраюцца кантраляваць і праграмы навучання рэлігійных школаў.

«Закон адназначна рэпрэсіўны, які падаўляе рэлігійнае жыццё. Хто стане ахвярамі? Там адназначна сказана, што ўсе тыя, хто не згодны з ідэалогіяй сучаснай беларускай дзяржавы. І калі пачнецца вось гэтая перарэгістрацыя рэлігійных аб’яднанняў – мы пабачым увесь маштаб гэтай трагедыі», – кажа протаіерэй Георгій Рой.

Агулам нашыя суразмоўцы сведчаць: нягледзячы на жорсткае заканадаўства, рэжыму не ўдасца цалкам кантраляваць сумленных святароў і іхнае ўзаемадзеянне з вернікамі. Ліквідаваныя ж у выніку перарэгістрацыі рэлігійныя арганізацыі працягнуць падпольнае існаванне.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»