news
Гісторыі
«Гэта шызафрэнія!» Як указ Лукашэнкі аб пашпартах адаб'ецца на беларусах, якія зʼехалі з краіны да 2020 года
Ездзіць у Беларусь стала страшна ўсім…
13.09.202309:00

Указ № 278, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 верасня 2023 года, – гэта не толькі помста беларусам, якія з’ехалі з краіны з палітычных матываў. Ён моцна ўскладніць жыццё і нашым суайчыннікам, якія выехалі за мяжу да 2020 года. Ездзіць у Беларусь стала страшна ўсім. Нават тым, хто не хадзіў на маршы. Паразмаўлялі з беларусамі, якія пакінулі краіну да пратэстаў 2020 года.

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

«Я беларус, і для мяне прынцыпова заставацца грамадзянінам Беларусі. Гэта мая радзіма, якую я бачыў вольнай з самага пачатку», – кажа 40-гадовы Сцяпан, які больш за 12 гадоў жыве ў ЗША і працуе ў IT-сферы.

«Паеду таемна праз Маскву»

Сцяпан распавядае, што мае беларускі пашпарт, тэрмін дзейнасці якога скончыцца праз два гады. Што будзе рабіць потым, пакуль не ведае.

«Гэта балючае пытанне. Хіба што выдалю ўсе свае сацсеткі і паеду таемна праз Маскву. Адзін мой знаёмы паехаў цяпер у Беларусь, каб прадоўжыць сабе пашпарт. Я ўсведамляю, што паездка будзе небяспечная», – кажа наш суразмоўца.

У 2020 годзе Сцяпана не было ў Беларусі, ён не «свяціўся» на мітынгах і маршах пратэсту, але разумее, што кожны эмігрант для беларускіх «сілавікоў» цяпер падазроны, а можа, ужо і падазраваны. Пільную ўвагу з боку КДБ Сцяпан спазнаў яшчэ ў 2007 годзе, калі прыязджаў на радзіму да бацькоў. У Менскім аэрапорце супрацоўнікі размаўлялі з беларусам каля трох гадзінаў («Пыталіся, што я раблю ў Штатах»).

«Для іх эмігранты – ворагі, бо яны не маюць на нас уплыву, а мы тут, за мяжой, бачым, як можна жыць добра. Лукашэнка робіць з нас ворагаў.

Стары метад: раскалоць грамадства, з адной часткі зрабіць ворага, а іншай, на якую можа ўплываць, паказваць, што толькі ён адзін можа яе ад гэтага ворага «зашчыціць», – гаворыць Сцяпан.

Ён прызнаецца, што беларускі пашпарт яму не патрэбны для вандровак – толькі для паездак у Беларусь, дзе застаюцца ягоныя бацькі («Якія, дарэчы, ніколі не галасавалі за Лукашэнку»).

«Я сказаў пра вяртанне потайкам праз Маскву. Але другі варыянт такі: дасылаць бацькам лекі і вітаміны, каб найдаўжэй пажылі. А потым, можа, ужо ў вольную Беларусь і без пашпарта прыеду», – разважае беларус.

«Яшчэ кватэра ў мяне там. Калі захачу яе зараз прадаць – трэба будзе ехаць. Але ж невядома, ці лукашысты мяне чакаюць», – дадае Сцяпан.

«Мы і так былі адрэзаныя, а цяпер – яшчэ больш»

Аляксандр амаль 9 гадоў жыве ў Мексіцы. У Беларусі працаваў дворнікам, бо з-за другой групы інваліднасці не мог знайсці іншай працы, хоць меў вышэйшую адукацыю (ветэрынар). У 2015-м зʼехаў у Мексіку. Выбраў гэтую краіну, бо валодаў іспанскай мовай. А на шэнгенскую візу, каб паехаць у Іспанію, бракавала сродкаў. Аляксандру было тады 35 гадоў.

У Мексіцы беларус жыве з перакладаў і прыватных урокаў і, як прызнаецца, ужо забыўся на матэрыяльныя цяжкасці, з якімі змагаўся ў Беларусі. Аднак сувязі з радзімай не губляе. У 2021 годзе прыехаў у Беларусь і ажаніўся. Перад вяселлем – памяняў пашпарт. Цяпер разам з жонкай маюць пашпарты, дзейныя аж да 2031 года.

«Нам бы цяпер ціхенька сядзець і маўчаць пад дываном. Але ж, вядома, указ гэты ўплывае і на нас. Там засталася маёмасць, засталіся справы, якія трэба развязваць. Мы не можам зрабіць цяпер ніякіх аперацыяў з нерухомасцю. У мяне там засталася дачка і маці. Мы і так былі адрэзаныя, а цяпер – яшчэ больш», – кажа Аляксандр.

Антываенная акцыя каля расейскага пасольства ў Мехіка 24 лютага 2022 года. Беларусы Мексікі вымушаныя звяртацца ў амбасаду Расеі, бо Беларусь не мае ў гэтай краіне свайго прадстаўніцтва.
Фота: LUIS CORTES / Reuters / Forum

Заўважае, што ўжо сутыкнуўся з цяжкасцямі, бо пасля смерці бацькі трэба было засведчыць у натарыуса дакументы, каб развязаць пытанні спадчыны, але «ўсё гэта засталося цяпер за бортам».

«Гэты так званы ўказ Лукашэнкі, гэтая паперка, якую ён падпісаў, – гэта шызафрэнія, будзем казаць шчыра. І ўсе разумеюць, дзеля чаго гэта робіцца. І так, будзе цяжка цяпер у гэтым плане», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

«Калі ехаў у Беларусь, мяне калаціла»

Аляксандр заўважае, што вяртацца цяпер у Беларусь «не тое што страшна – немагчыма». Займаўся ты палітыкай ці не, браў удзел у пратэстах ці не – «усе, хто зʼехаў калісьці, сталі нейкім бокам нязручнымі рэжыму».

Беларуская мяжа ў лістападзе 2021 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Мужчына прызнаецца, што калі ехаў у Беларусь у 2021-м, яго калаціла.

«Было зразумела, што існуе рызыка там застацца не па сваёй волі. Дзякуй Богу, усё прайшло гладка. Але страх быў. Ну і ўчастковы прыходзіў па месцы жыхарства з нейкай надуманай прычыны…» – успамінае Аляксандр.

Мужчына таксама з прыкрасцю згадвае, як аднойчы наведаў у Мехіка расейскую амбасаду (у Мексіцы няма беларускага пасольства). З ягоных словаў, супрацоўнікі дыпламатычнага ведамства не валодалі нават іспанскай мовай, а ўзровень ангельскай быў «шкалярскі».

«Хадзіў туды толькі адзін раз, каб засведчыць пераклад. І вельмі спадзяюся, што больш не буду мець з імі ніякіх справаў», – зазначае беларус.

Аляксандр апавёў, што разам з жонкай збіраецца адкрыць у Мехіка маленькі беларускі рэстаранчык у стылі ВКЛ. З дранікамі і смажанкамі («Адным бурыта сыты не будзеш»). Каб мексіканцы пакаштавалі беларускіх страваў і зразумелі, што Беларусь – гэта не Расея («Для іх пакуль што беларус і расеец – тое ж самае, і гэта вельмі балюча»). Аляксандр марыць пра актыўную і моцную беларускую дыяспару ў Мексіцы, але прызнаецца, што ягоныя пошукі кантактаў з беларусамі ў гэтай краіне пакуль не даюць вынікаў. Збольшага Мексіка для нашых суайчыннікаў – перавалачная база ў ЗША.

Гісторыі
Беларуска расказала, як прарывалася з Мексікі ў ЗША і сядзела ў амерыканскай турме
2023.08.27 11:37

«Таму вялікая просьба, як хто прачытае з беларусаў у Мексіцы гэтую публікацыю, хай бы скантактаваўся са мною праз вас», – просіць Аляксандр.

І яшчэ: аказваецца, Аляксандр падрыхтаваў у Мексіцы кнігу беларускіх казак у перакладзе на іспанскую мову. А таксама амаль скончыў перакладаць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Гэтую справу лічыць важнейшай за любыя пашпартныя пытанні. Можа, ілюстратары і выдаўцы зацікавіліся б супрацай?..

«Гэта ўскладняе нашае жыццё»

Беларуска Яўгенія (імя змененае) 12 гадоў пражыла ў Парыжы. Яе муж – грамадзянін Францыі, і жанчына таксама мела магчымасць за гэты час зрабіць сабе французскі пашпарт. Але нават не спрабавала, бо адчувала сябе грамадзянкай Беларусі.

«Цяпер, пасля гэтых, як кажуць французы, «restrictions», то бок абмежаванняў, буду думаць пра атрыманне французскага грамадзянства», – заўважае Яўгенія.

Жанчына пабывала ў Беларусі сёлета. Гэта была першая паездка з 2019 года, калі з Францыі нельга было выехаць з прычыны ковідных абмежаванняў. Да гэтага Яўгенія прадоўжыла свой пашпарт у беларускай амбасадзе ў Парыжы. Але, як згадвае, на мяжы з Беларуссю ўсё адно ўзніклі праблемы.

«Прычапіліся да майго пашпарту, маўляў, чаму прадаўжалі ў пасольстве, а не прыехалі ў краіну. Ну, кажу, не магла прыехаць. І што з таго? Рабіла ў амбасадзе, і нічога ў гэтым няма супрацьзаконнага. Былі нечым незадаволеныя, круцілі яго, варочалі і ўзялі ў мяне ўрачыстае абяцанне, што памяняю дакумент у краіне», – распавядае беларуска.

Пашпартны кантроль на беларускай мяжы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko/TASS

Жанчына прызнаецца, што ў Беларусь было вяртацца не страшна, але на мяжы адчула неспакой – «усяго наслухаўшыся».

Яўгенія мае цяпер дакумент, які будзе сапраўдным да 2033 года. Але як уласнік маёмасці ў Беларусі вымушаная будзе ездзіць на радзіму часцей.

«Нічога арыгінальнага не скажу. Проста гэта ўскладняе нашае жыццё. Для чаго гэта, з якой мэтай быў прыняты такі закон? Першае, што прыходзіць у галаву, – задаць такое пытанне. Я не маю пакуль адказу», – прызнаецца Яўгенія.

Гэтыя «рэстрыкцыі», на яе думку, абмяжоўваюць найперш універсальныя грамадзянскія свабоды, а менавіта – свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства.

«А калі чалавек не можа прыехаць у Беларусь памяняць пашпарт з нейкіх важкіх прычынаў, скажам, трапіў у лякарню ці яшчэ што? Што тады рабіць? Як дзейнічаць?» – запытваецца Яўгенія напрыканцы размовы.

Паводле Дэпартаменту ААН у эканамічных і сацыяльных пытаннях да 2020 года па-за межамі краіны жылі 1,5 млн нашых суайчыннікаў. Вярхоўны камісар ААН у справах правоў чалавека заклікаў улады Беларусі перагледзець указ № 278, які супярэчыць міжнародным стандартам і парушыць права на свабоду перамяшчэння тысячаў беларусаў за мяжой. Лукашэнкаўскі ўказ ад 4 верасня 2023 года прыпыняе працэдуру выдавання і падаўжэння пашпартоў у дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі ў іншых краінах. Беларусы не змогуць таксама распараджацца нерухомасцю і аўтамабілямі на радзіме на падставе даверанасцяў, аформленых за мяжою.

Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
2023.09.08 16:47

Зміцер Міраш belsat.eu