«Прыгразілі, што змесцяць у ШІЗА». Стала вядома, чаму Ігар Лосік мог здзейсніць спробу самагубства


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў 20 сакавіка, што палітвязень Ігар Лосік здзейсніў спробу самагубства ў штрафным ізалятары Наваполацкай калоніі № 1, дзе ён адбывае пакаранне. Радыё «Свабода» піша пра магчымыя прычыны такіх дзеянняў, а таксама дапускае, што Лосік застаецца ў ізалятары, а не ў медсанчастцы.

Дар’я Лосік паказвае фота мужа. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Вясна» паведамляла, што Лосік нанёс сабе пашкоджанні ў штрафным ізалятары, дзе да гэтага ён доўгі час трымаў галадоўку. Аднак у радыё «Свабода» іншыя звесткі, паводле якіх Ігара Лосіка паставілі «займацца прыбіраннем памяшкання», і ён адмовіўся. Вязню прыгразілі ШІЗА. Тады ён дэманстратыўна ў прысутнасці іншых асуджаных лязом парэзаў сабе шыю і руку.

Абноўлена
Палітзняволены журналіст Ігар Лосік, магчыма, спрабаваў забіць сябе ў калоніі
2023.03.20 10:40

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт мог адбыцца яшчэ 15 сакавіка.

«Гэта цалкам рэальная сітуацыя, – пракаментаваў радыё «Свабода» сітуацыю былы палітвязень і журналіст Алег Груздзіловіч. – Калі вязня ставяць на прыбіранне памяшканняў, то гэта выклікае менавіта такую рэакцыю. Вязні пастаянна прыбіраюць свае памяшканні. Але калі іх змушаюць прыбіраць нешта іншае, найчасцей прыбіральні, то гэта аўтаматычна азначае так званы «нізкі статус«. Таму яны адмаўляюцца гэта рабіць, трапляюць у ШІЗА, могуць сябе пашкодзіць наўмысна. Гэта рэгулярна здараецца не толькі з «палітычнымі», але і з крымінальнікамі».

Адвакат апошні раз бачыў Ігара ў сярэдзіне лютага. Сустрэча, прызначаная на сакавік, не адбылася.

Дар’я Лосік паказвае фота мужа. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Адміністрацыя калоніі сцвярджае, што на шыі Ігара Лосіка цяпер невялікая драпіна, рука таксама пашкоджана нязначна, яе перавязалі. У адміністрацыі настойваюць, што «жыццю і здароўю зняволенага нічога не пагражае», а перабывае ён у медсанчастцы.

21 сакавіка споўнілася роўна 1000 дзён, як Ігар Лосік за кратамі. Яго затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. 14 снежня 2021 года Ігар быў асуджаны да 15 гадоў зняволення. За кратамі трымаюць і жонку Ігара Дар’ю, якой прысудзілі два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. На волі ў палітзняволеных сужэнцаў засталася маленькая дачка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў