Жыхар Рагачова заплаціў амаль 50 тысячаў рублёў, каб вярнуцца на радзіму


29-гадовы жыхар Рагачова з’ехаў за мяжу, каб не адбываць абавязковае размеркаванне пасля ВНУ. Але калі вырашыў вярнуцца, даведаўся, што яму трэба заплаціць грошы за навучанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: relax.by

Адвучыўшыся ў ВНУ на бюджэтным аддзяленні, малады чалавек быў накіраваны на працу па дзяржаўным размеркаванні, паведамляе Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.

Аднак працаваць па размеркаванні малады чалавек не захацеў і з’ехаў жыць у Дубай.

Пакуль хлопец жыў у Эміратах, суд вынес рашэнне аб спагнанні з яго сродкаў за навучанне. Сума была роўная 48 тысячам рублёў.

Судовыя выканаўцы спрабавалі звязацца з былым студэнтам, але марна, да той пары, пакуль хлопец не вырашыў вярнуцца на радзіму. Тут яму стала вядома, што органы прымусовага выканання абмежавалі яго ў праве перасячэння дзяржаўнай мяжы.

Каб вярнуцца ў Беларусь, гаворыцца ў паведамленні, хлопец «звязаўся з судовым выканаўцам праз сацсеткі» і вырашыў выплаціць выкуп, які яму выставіла дзяржава.

Нагадаем, што ў верасні 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што выпускнік БДУ, які не захацеў працаваць паводле размеркавання, мусіць заплаціць 40–45 тысяч рублёў. Аляксандр Лукашэнка тады даручыў абмеркаваць, ці дастаткова гэтага, і прапанаваў увесці адпрацоўванне для платнікаў ды павялічыць яго тэрмін.

У лютым 2024 года міністр адукацыі выступіў з чарговай прапановай у некалькі разоў падвысіць памер кампенсацыі за неадпрацоўванне размеркавання па сканчэнні ВНУ. Такія захады, на думку чыноўніка, мусяць паспрыяць замацаванню кадраў на працоўных месцах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў