Колькі людзей у Беларусі лечацца ад алкагалізму і белай гарачкі?


Па беларускіх медыях 4 чэрвеня разляцеліся навіны пра звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту: адныя пішуць, што гэта лічбы пра тое, колькі людзей у Беларусі цяпер лечацца ад алкагалізму, другія – што гэта пра колькасць людзей, якія цярпяць на алкагалізм. Але абодва гэтыя паказнікі горшыя за лічбы, якія апублікаваў Белстат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гарэлка «Менск Крышталь».
Фота: Belta.by

Лічбы, пра якія ідзе гаворка, – гэта колькасць пацыентаў з упершыню выяўленым дыягназам «алкагалізм» ці «алкагольны псіхоз». Паводле дзяржаўнай статыстыкі, такіх людзей у 2023 годзе было 14 201 ува ўсёй Беларусі, найбольш у Берасцейскай вобласці (калі ў Менскую не залічваць Менску). На 100 тысяч насельнікаў Беларусі гэта складае 154,7 чалавека, самы высокі паказнік у Віцебскай вобласці – 203,8 чалавека на 100 тысяч жыхароў.

Гэтыя лічбы – не агульная колькасць тых, хто лечыцца ад алкагалізму, бо лячэнне можа не дапамагчы з першага разу. У канцы 2023 года загадчык сектару наркалагічнага маніторынгу РНПЦ псіхічнага здароўя Арцём Малмыгін расказваў расейскім дзяржаўным медыям, што агулам пад дыспансерным наглядам з дыягназам «сіндром залежнасці ад алкаголю» застаюцца 145 тысяч беларусаў.

І гэта не колькасць усіх, хто цярпіць на алкагалізм: лячэнне ад яго можа быць або добраахвотным, або прымусовым на рашэнне суда.

Разбор
«Канцлагер з рабсілай». Што адбываецца ўнутры ЛПП і навошта яны дзяржаве?
2023.11.21 06:39

Медыкі прызнаюць, што брыгады псіхіятрычнай дапамогі не заўсёды пагаджаюцца ехаць да хворых на алкагалізм, выслухаўшы сімптомы, ды і агрэсіўныя алкаголікі могуць суцішвацца ў прысутнасці міліцыі і так пазбегчы лячэння. Раяць выклікаць міліцыю пры кожным агрэсіўным учынку хворага на алкагалізм, каб даказаць, што неабходнае прымусовае лячэнне, і калі міліцыя і дыспансер не рэагуюць на звароты, прасіць пісьмовых адказаў і з імі звяртацца ў суд.

На прымусовае лячэнне могуць паслаць у так званыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП). Насамрэч гэта месцы пазбаўлення волі з прымусовай працай, дзе хворых «лечаць» толькі той самай прымусовай працай, а сапраўдныя хваробы ў такім «прафілакторыі» могуць толькі пагаршацца. ЛПП выкарыстоўваюць у тым ліку супраць зняволеных з палітычных матываў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, пік пастаноўкі дыягназаў «алкагалізм» і «алкагольны псіхоз» прыпаў на другую палову 2000-х, а ў 2009 годзе такіх дыягназаў упершыню паставілі аж 33,2 тысячы – у 2,3 разу больш, чым за мінулы год. Чаму пасля гэтага колькасць такіх дыягназаў пачала падаць, невядома: у Беларусі з алкагалізмам змагаюцца сумнеўнымі метадамі кшталту згаданых ЛПП, дзён цвярозасці і лакальных абмежаванняў на продаж алкаголю. Продажы алкаголю трымаюцца на высокім узроўні, дамінуе гарэлка.

Агляд
Беднасць і алкаголь? Якія злачынствы здзяйсняюць беларусы і чаму
2024.01.23 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў