Польшча адклала ўвядзенне забароннай зоны на мяжы з Беларуссю


Польскія ўлады адклалі ўвядзенне каля мяжы з Беларуссю гэтак званай буфернай зоны, якая мелася з’явіцца 4 чэрвеня, перадае «RMF FM». Чыноўнікі хочуць знайсці лепшае выйсце, якое б «максімальна ўлічвала інтарэсы мясцовых жыхароў і мясцовых прадпрымальнікаў», заявіў міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк.

Афіцэр каля мяжы Польшчы з Беларуссю.
Фота: Straz_Graniczna / X.com

«Нам трэба яшчэ трохі часу, некалькі дзён, каб параіцца з мясцовымі ўладамі, нацыянальным паркам і грамадскімі арганізацыямі», – сказаў міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк.

Буферная зона, дзе нельга будзе знаходзіцца, мелася з’явіцца 4 чэрвеня і існаваць 90 дзён, аднак да сёння ўлады не паспелі ўлічыць усіх акалічнасцяў:

«Мы хочам, каб гэтая пастанова, за якую выступаюць памежнікі, паліцыя і вайскоўцы, максімальна ўлічвала інтарэсы мясцовых жыхароў і прадпрымальнікаў».

Міністр дадаў, што ўрад ухваліў «гнуткую формулу адлегласці да мяжы», каб улічыць інтарэсы розных бакоў.

Hавiны
Польшча створыць на мяжы з Беларуссю буферную зону
2024.06.02 19:33

Стварэнне прымежнай зоны, куды будзе забаронены ўезд, анансаваў 29 траўня прэм’ер Польшчы Дональд Туск. «Я хачу, каб гэта дайшло да кожнага. Тут няма месца ні для якіх перамоваў. Можна выкарыстоўваць усе даступныя метады, польскую мяжу трэба абараняць», – сказаў кіраўнік ураду.

Буферная зона будзе ахопліваць Гайнаўскі і Беластоцкі раёны. Яе стварэнне ўлады суседняй краіны тлумачаць неабходнасцю забяспечыць лепшую абарону мяжы і павысіць бяспеку афіцэраў, якія яе ахоўваюць.

Такі рэжым каля беларускай мяжы ўжо дзеяў у 2021 і 2022 гадах пасярод міграцыйнага крызісу. Цяперашняя пастанова таксама звязаная з ціскам парушальнікаў мяжы: апошнім часам спробы замежнікаў трапіць у Польшчу ў абыход пункту пропуску ў Берасці зрабіліся больш агрэсіўнымі. У выніку нападу мігрантаў пацярпелі некалькі афіцэраў, адзін атрымаў нажавыя раненні і быў шпіталізаваны.

3 чэрвеня, як паведамляе Памежная ахова Польшчы, адзін памежнік атрымаў траўму галавы, калі «група агрэсіўна настроеных людзей» ударыла яго палкай. Афіцэр цяпер у лякарні.

Варшава абвінавачвае афіцыйны Менск у спрыянні нерэгулярнай міграцыі. На карысць гэтага кажа той факт, што беларускія памежнікі ніяк не перашкаджаюць іншаземцам, хаця такое мінанне мяжы лічыцца парушэннем і паводле законаў нашай краіны.

Пры гэтым Менск штораз наракае, што жорсткія еўрапейцы не пускаюць да сябе няшчасных мігрантаў, а толькі збіваюць іх і выціскаюць назад у Беларусь. Час ад часу беларускія сілавыя ведамствы паведамляюць пра выяўленне целаў замежнікаў у лясах у прымежных раёнах.

Hавiны
Міграцыйны крызіс актываваўся на мяжы з Польшчай: больш за 4 тысячы спробаў з пачатку траўня
2024.05.20 14:23

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў