Прысуд васьмярым жыхарам Баранавічаў і прызнанне «экстрэмісцкімі» старонак Сныцінай і Хадановіча


«Белсат» працягвае штодзённа сачыць за рэпрэсіямі, якія праходзяць у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

31 траўня ў судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч асудзілі васьмярых чалавек за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Усім ім прад’яўленыя абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. На лаве падсудных апынуліся Канстанцін Каляга, Эрык Каласоўскі, Іван Пацко, Аляксандр Лаўрушчык, Івана Дрыка, Павел Сергіеня, Дзмітрый Філіповіч, Арцём Лапіч. Вядома, што некаторых з фігурантаў справы затрымалі падчас «хапуноў», якія праводзілі сілавікі ў Баранавічах.

30 траўня суд Дзятлаўскага раёна асудзіў жыхара Слоніма Дзмітрыя Данільчыка да двух гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь. Мужчыну абвінавачваць у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Сяргей Сёмуха.

Стала вядома пра затрыманне 49-гадовага жыхара Менску Андрэя Нікалаева. У відэа сілавікоў сцвярджаецца, што мужчына браў удзел у пратэстах яшчэ ў 2010 годзе. Зараз жа яго затрымалі за абразлівыя каментары ў дачыненні да сілавікоў і прадстаўнікоў улады ў «Telegram».

4 чэрвеня ў судзе Аршанскага раёна і Воршы прайшоў разгляд крымінальнай справы Сяргея Гняўко, якога паўторна абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК). Першы раз мужчыну судзілі па тым самым артыкуле ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Мінска 5 траўня. Прысуд невядомы, аднак у большасці выпадкаў за абразу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі.

У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які абнавіла Міністэрства інфармацыі, патрапіў тэлеграм-канал «Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава», інстаграм-старонкі спартоўкі Кацярыны Сныцінай «snytsina», а таксама «krama.kalinouskaha» і Youtube-канал і старонка ў «Facebook» пісьменніка Андрэя Хадановіча.

3 чэрвеня ў Менскім абласным судзе пачаўся суд над псіхалагіняй з Маладэчна Жаннай Дашкевіч. Яе судзяць паводле двух артыкулаў: «Вярбоўка, навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў вайне, а таксама матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-3) і «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (ч. 3 арт. 361). Ёй пагражае ад 5 да 10 гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Сяргей Васілеўскі.

Стала вядома пра затрыманне двух братоў з Берасця. Інфармацыя аб гэтым з’явілася ў праўладных тэлеграм-каналах. На «пакаяльным відэа» мужчыны кажуць, што 10 жніўня 2020 году выходзілі на акцыі пратэсту ў Берасці.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў