Керамістцы Наталлі Карнеевай прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах


Суд Заводскага раёну Менску 2 лістапада прыгаварыў керамістку Наталлю Карнееву да 3 гадоў «хатняй хіміі» па артыкуле аб грубым парушэнні грамадскага парадку (ч.1 арт. 342 КК), паведамляюць праваабаронцы. Суд адбыўся за адзін дзень.

Наталля Карнеева пасля прысуду. Крыніца: viasna96/Telegram

Пасля абвяшчэння прысуду Наталлю Карнееву вызвалілі ў зале суда. Справу разглядала суддзя Жанна Хвайніцкая.

Таксама Карнеевай выставілі грамадзянскі пазоў. Пытанне аб яго памеры разгледзяць у грамадзянскай вытворчасці.

44-гадовая Наталля Карнеева была затрыманая разам з мужам 19 жніўня. У верасні мужа керамісткі адпусцілі, але яе саму ўзялі пад варту па крымінальнай справе. Следства сцвярджае, што Карнеева ўдзельнічала ў пратэстных маршах 30 жніўня і 18 кастрычніка 2020 года.

У Наталлі дзве дачкі, адна з якіх – няпоўнагадовая. На некаторы час дзяўчынку пасля затрымання дарослых адправілі ў дзіцячы прытулак, нібыта «праз антысанітарныя ўмовы пражывання і поўнай адсутнасці якога-небудзь выхавання». Вядома, што апеку над дачкой Наталлі афармляла сваячка.

Hавiны
Блізкім затрыманай керамісткі Наталлі Карнеевай не аддаюць яе 10-гадовую дачку
2022.09.04 19:22

Наталля – мастачка, керамістка, педагог з 13-гадовым досведам. Яна ладзіла майстар-класы па лепцы з гліны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў