Экстрэмальныя з’явы надвор’я ў Беларусі ўсё больш частыя. Каб выправіць гэта, патрэбныя скаардынаваныя высілкі буйных дзяржаваў. Беларусы ж вымушаныя адаптоўвацца – і могуць гэта зрабіць, кажа «Белсату» прадстаўніца «Зялёнай сеткі».
Пасля амаль летняй цеплыні ў Беларусь прыйшло рэзкае пахаладанне, некаторыя гарады накрыла снегам. За ноч на 7 красавіка непагадзь пакінула без святла амаль паўсотні паселішчаў у Беларусі. 8 красавіка Магілёўшчына яшчэ змагалася са снегападам. Паводле прагнозаў на момант публікацыі, снег пачне сыходзіць з Магілёўшчыны толькі на выходных. У красавіцкі снег трапілі буслы на Маладзечаншчыне, ім просяць дапамагчы. Але снег – праблема не толькі для птушак і камунальнікаў.
Прадстаўніца «Зялёнай сеткі» Іра Панядзельнік кажа «Белсату», што снег у красавіку можа затрымаць працы на палях, што скароціць вегетацыйны перыяд і паўплывае на ўраджайнасць пэўных культураў, у тым ліку бульбы, з якой і без таго праблемы. Калі некаторыя культуры былі пасеяныя ў канцы красавіка, то раптоўнае пахаладанне і снег у пачатку красавіка можа пашкодзіць усходы або прывесці да іх гібелі. Пахаладанне можа нашкодзіць таксама раслінам, якія пачынаюць цвісці ў гэты час, а перад снегападам якраз зацвіталі вішні ў Берасці, абрыкосы і чарэшні ў Мазыры.
Гэта наўрад усе кліматычныя беды, якія сёлета чакаюць Беларусь
У Беларусі ўжо назіралі шэраг кліматычных анамаліяў, згадвае Іра Панядзельнік. 2024 год у Беларусі стаўся самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў. Студзень 2025-га таксама быў рэкордна цёплы – ажно азімыя папрачыналіся. Люты ў Беларусі быў на 1 градус халаднейшы за кліматычную норму. У сакавіку зноў прыйшла цеплыня, цяпер пахаладанне…
Клімат мяняецца і скача не толькі ў Беларусі. Гэты сакавік быў найцяплейшы за гісторыю назіранняў у Еўропе (на 2,41 °С вышэй за сярэднюю тэмпературу 1991–2020 гадоў) і другім найцяплейшым глабальна (плюс 0,65 °С да тэмпературы 1991–2020 гадоў). Пры тым Беларусь – у еўрапейскіх лідарах змены клімату: +2,7 °С да сярэдняй тэмпературы 1951–1980 гадоў.
Што далей: засуха, ураган, а потым зноў снег? Гэта цяжка спрагназаваць, прызнае Іра Панядзельнік. Прапануе:
,,«Можна арыентавацца на гады, што мінулі. Напрыклад, увесну 2023-га быў дэфіцыт ападкаў. Адпаведна, таго ж можна чакаць і ў 2025 годзе. І, адпаведна, гэта будзе ўплываць на пасадку і потым ураджай усіх нашых важных сельскагаспадарчых культураў».
Тэмпературы будуць расці, ад гэтага нікуды не падзенецца ні Беларусь, ні Еўропа, дадае суразмоўца. Найбліжэйшыя 10–20 гадоў можна чакаць яшчэ больш экстрэмальных падзеяў, як то засух і лясных пажараў.
«Калі б дзяржавы ўсяго свету глабальна, у тым ліку такія вялікія дзяржавы, якія выкідаюць найбольш парніковых газаў, як ЗША, Кітай і Расея, скарацілі свае выкіды і таксама задумаліся, выконвалі міжнародныя пагадненні, то да 2040 года тэмпература б знізілася, – разважае Іра Панядзельнік. – Тэндэнцыя такая, што ніхто не хоча зніжаць выкідаў, скарачаць вытворчасці і ўкладвацца ў фінансаванне адаптацыі сфераў да змены клімату, нічога добрага чакаць не даводзіцца».
Што рабіць беларусам?
Экстрэмальныя здарэнні ў надвор’і могуць прыносіць вялікія страты. Беларусь цярпіць не ад усіх наступстваў змены клімату, адзначае Іра Панядзельнік: не столькі ад таго, што падвышаецца ўзровень вады ў акіяне, колькі ад няўстойлівага надвор’я і рэзкіх зменаў, а таксама ад падвышэння тэмпературы. Улады Беларусі і дзяржаўныя медыі ўжо прызнаюць, напрыклад, тое, што зніжаецца воднасць рэк, мяняюцца агракліматычныя зоны, часцейшымі робяцца ўраганы і засухі.
Пытанне ў тым, як да гэтага адаптавацца сельскай гаспадарцы ды іншым сферам, на якія ўплывае клімат, падкрэслівае суразмоўца. Сельскай гаспадарцы давядзецца мяняць тое, што і як садзіць, бо прагнозы ўжо несуцяшальныя. Адаптавацца да таго, што ёсць цяпер, і хоць бы крыху з прыцэлам на будучыню.
«Тут вельмі важная роля палітыкаў і дзяржаваў, – падкрэслівае Панядзельнік. – Што яны робяць і чаго не робяць, ці ўносяць нейкія новыя тэхналогіі, ці гатовыя ўкладваць бюджэт дзяржавы ў адаптацыю…»
,,«Мы з вамі разумеем, што Лукашэнка не збіраецца гэтым займацца».
«У мінулым годзе была рамкавая канферэнцыя аб змене клімату, ён там выступаў ад Беларусі і казаў, што ў нас усё цудоўна, мы ўсё адаптавалі [смяецца]. І гатовыя дзяліцца практыкамі».
Пытаннямі адаптацыі да змены клімату ў Беларусі ўсё ж цікавяцца. Напрыклад, часопіс «Наше сельское хозяйство» публікаваў, парады, як падвышаць устойлівасць буракоў да засухі. Іра Панядзельнік здзіўляецца, што ў такім часопісе хаця б пішуць, што гэта глабальная змена клімату і зменяцца культуры.
Можна не толькі вырошчваць больш устойлівыя культуры, а і выкарыстоўваць іншыя фермерскія тэхналогіі, як то для зберагання вільгаці, і проста лепш прымацоўваць дахі, каб не сарвала ўраганам. Але камунікацыя пра тое, як гэта рабіць і якія культуры лепш вырошчваць, мае ісці цэнтралізавана, кажа суразмоўца. Або ад дзяржавы, або ад некамерцыйных арганізацыяў, якія займаюцца такою тэмаю.
Ёсць і мноства парадаў, як кожны чалавек асабіста можа запавольваць змену клімату. Іра Панядзельнік пералічвае, што звычайна прапануюць эколагі: пераходзіць з асабістых аўтаў на грамадскі транспарт, скарачаць спажыванне мяса, збіраць і сартаваць адкіды, эканоміць ваду і электрычнасць, менш выкарыстоўваць пластык, спажываць мясцовыя тавары замест замежных…
,,«Крокі, якія мы робім як звычайныя людзі, важныя, але яны не змогуць спыніць праблемы, – канстатуе яна. – Тут самы важны гулец – гэта дзяржава».
Беларусы за мяжою могуць спрыяць ціску на дзяржавы, у якіх яны жывуць, праз некамерцыйныя арганізацыі ды іншыя механізмы. Людзей у Беларусі Іра Панядзельнік заклікае самаадукоўвацца: напрыклад, праз вэбінары на тэму змены клімату і іншыя матэрыялы на «Зялёным партале». І просіць падтрымліваць эколагаў, бо яны маюць праблемы з фінансаваннем, а ў людзей застаецца запыт на экалагічную і кліматычную інфармацыю.
Алесь Наваборскі belsat.eu