Гэты год багаты на добрыя серыялы, як ніякі іншы: за 6 месяцаў іх выйшла столькі, што стрымінгавыя гіганты відавочна апынуцца ў вялікім плюсе паводле вынікаў года. Падобна на тое, што тэлебачанне нарэшце знайшло слушны шлях да сэрца гледача-інтэлектуала: камедыі робяцца разумнейшымі, а дэтэктывы і драмы – больш непрадказальныя і арыгінальныя. Калі вы згубіліся ў акіяне навінак, «Белсат» кідае вам гэтае ратавальнае кола з найлепшымі міні-серыяламі 2025 года (без спойлераў). Бярыце коўдру і адключайце апавяшчэнні, бо вы гэтага вартыя!
1. «Юнацтва» («Adolescence», «Netflix»)
Хутчэй за ўсё, вы ўжо не раз чулі пра самую абмяркоўвальную навінку гэтага года (у расейскім перакладзе – «Пераходны ўзрост», нават калі не цікавіцеся серыяламі. Брытанская псіхалагічная драма пра 13-гадовага Джэймі Мілера, абвінавачанага ў забойстве аднакласніцы. Серыял даследуе тэмы падлеткавай агрэсіі, уплыву сацыяльных сетак і бацькоўскай адказнасці. Спадабаецца нават тым, у каго няма дзяцей. Бацькоў жа прымушае задумацца пра тое, пра што зусім не хочацца: кім стане вашае дзіця, залежыць не толькі ад вашага выхавання. Пакаленне, якое вырасла без інтэрнэту, проста не можа сабе ўявіць, як можа ўздзеяць на дзяцей сеціва.
Чаму варта глядзець: інавацыйны падыход да здымкаў і глыбокі аналіз сацыяльных праблемаў робяць серыял адным з набольш абмяркоўвальных у 2025-м. Кожны з чатырох гадзінных эпізодаў (так, іх усяго чатыры!) зняты адным бесперапынным дублем і паглыбляе гледача ў вір напружання. Усе часткі здымаліся ў сярэднім 10 разоў, таму кожная серыя заняла каля трох тыдняў. У выніку серыі былі выкананыя адным дублем, без мантажу або змяшэння кадраў.
Акрамя таго, тут проста выдатна акторскі склад. Асобна варта адзначыць ігру 13-гадовага Оўэна Купэра, які трапіў у серыял без ніякага прафесійнага акторскага досведу і пры кастынгу 500 чалавек. А дыялог у трэцяй серыі з не менш таленавітай Эрын Догэрці (яна ж прынцэса Анна ў «Кароне»), варты асобнай прэміі ў кінематографе.

2. «Белы лотас», сезон 3 («The White Lotus»,
«HBO»)
Чарговы сезон сатырычнага серыялу пераносіць гледачоў на раскошны курорт у Тайландзе, дзе перасякаюцца лёсы заможных турыстаў і мясцовых жыхароў. Як і першыя два, гэты сезон працягвае даследаваць тэмы прывілеяў, маралі і чалавечых хібаў. Упершыню ж у ім з'явіліся аголеныя жанчыны ў дадатак да мужчынаў.
Так, гэты сезон саступае першым двум: здаецца залішне зацягнутым, месцамі прадказальным, падбор прататыпаў герояў відавочна скапіяваны з першага сезону, а выразы «Ён і ёсць твой бацька!» прымушаюць руку міжвольна пляскаць па ілбе. Але зразумець, хто тут галоўны злыдзень, усё яшчэ складана да апошняй серыі: усе як на падбор!
Чаму варта глядзець: «Белы лотас» застаецца вострасацыяльнаю сатыраю з цудоўнай акторскай ігрой і захапляльным сюжэтам, які ўвесь час трымае ў напрузе. Асаблівае хараство дадае серыялу ігра Патрыка Шварцэнэгера (у яго выходзіць куды лепш, як у бацькі) і Эймі Лу Ўуд (адзіная светлая пляма на гэтым кірмашы пыхлівасці).

3. «Раздзяленне», сезон 2 («Severance», «Apple TV+»)
Працяг псіхалагічнага трылеру пра работнікаў карпарацыі «Lumon», якія праходзяць працэдуру, якая падзяляе іхныя ўспаміны на працоўныя і асабістыя. Працоўныя субасобы (інтры) нічога не ведаюць пра жыццё па-за падземным офісам, а іхныя інтры нічога не ведаюць пра сваю працу.
Другі сезон паглыбляецца ў наступствы гэтага раздзялення і раскрывае новыя таямніцы карпарацыі, а рэчаіснасць разрыву дзвюх субасобаў у адным чалавеку аказваецца яшчэ больш падобнаю да пекла.
Праўда, спачатку прыйдзецца перагледзець першы сезон: праз тры гады чакання ўжо парадкам прызабылася ўсё, што там было.
Чаму варта глядзець: першы сезон атрымаў 14 намінацыяў на «Emmy», другі рызыкуе яго пераплюнуць – тут яшчэ больш глыбокі псіхалагічны сцэнар і напружаная атмасфера. Водгукі крытыкаў і гледачоў ацанілі сезон высока, і неўзабаве стваральнікі абвясцілі пра трэці.
Цікава, што рэжысёрам першага і другога сезонаў стаўся Бэн Стылер, знаны дурнаватымі ролямі ў амерыканскіх камедыях, як «Ночы ў музеі», а яшчэ быў супрадзюсарам не менш правальных фільмаў, як «А вось і Полі» і «Дуплекс».

4. «Піт» («The Pitt», «Max»)
Медычная драма для тых, хто ведае на памяць «Хуткую дапамогу» і «Доктара Гаўса». Кожная серыя паказвае адну з 15 гадзінаў працоўнага дня ў перагружаным аддзяленні неадкладнай дапамогі ў Пітсбурзе. Няпростая праца дактароў і медсясцёр, нястача рэсурсаў і эмацыйнае выгаранне – усё тут.
Стваральнікі серыялу не паленаваліся прыцягнуць да стварэння рэальных медычных работнікаў, таму выглядае ўсё вельмі пераканаўча, хоць і залішне насычана. Але разам з тым прысутнічае адчуванне, што пісаць дыялогі галоўных герояў узялі падлетка па абʼяве на плоце: часам слухаць іх фізічна немагчыма.
Чаму варта глядзець: «Піт» атрымаў не толькі высокую ацэнку гледачоў і крытыкаў, але і медыкаў – за дакладнасць, рэалістычнае адлюстраванне працы работнікаў аховы здароўя і ўзняцце сапраўдных праблемаў у медычных установах.
Галоўную ролю доктара Майкла Робі Рабіновіча выканаў Ноўа Ўайлі, вядомы з серыялу «Хуткая дапамога». Ён жа стаўся прадзюсарам.

5. «Касандра» («Cassandra», «Netflix»)
Новы трылер з элементамі жахлівіку і псіхалагічнай драмы стаўся адным з найбольш папулярных нямецкіх серыялаў на платформе «Netflix».
Сямʼя пераязджае з Гамбургу ў стары дом, які некалі лічыўся вяршыняю тэхналагічнага прагрэсу. У склепе яны выяўляюць састарэлую сістэму «разумнага дому» і актывуюць ШІ-памочніцу на імя Касандра – рэтраробата з экранам замест галавы, створанага ў 1970-х. І неўзабаве Касандра пачынае праяўляць нядобрыя рысы.
Чаму варта глядзець: серыял даследуе пытанні штучнага інтэлекту, кантролю, ідэнтычнасці і жаночай ролі ў грамадстве, прымушаючы гледача задумацца пра межы тэхналогіяў і стасункаў. Пасля яго вы пагледзіце на робата-пыласмока зусім іншымі вачыма.
Серыял атрымаў усе 100 % рэйтынгу на «Rotten Tomatoes», а разрэкламаваная (але страшэнна маркотная) нямецкая «Темра» прайграе яму паводле ўсіх паказнікаў.

6. «Mo», сезон 2 («Netflix»)
Гэта другі сезон амерыканскай трагікамедыі, прэмʼера якой адбылася ў 2022 годзе і якая абавязкова адгукнецца беларускім мігрантам. У серыяле галоўную ролю выконвае Мо Амэр – нашчадак палестынскага ўцекача, які шукае сваё месца ў Амерыцы. Серыял пабудаваны якраз на ягоным жыцці.
Лёс Мо часта апынаецца ў руках амерыканцаў, якія дэманструюць сваю перавагу ў яго пад носам, але ён не здаецца і нават не губляе пачуцця гумару.
Чаму варта глядзець: «Mo» спалучае гумар і драму, прапаноўваючы шчыры і кранальны погляд на жыццё імігранта. Абодва сезоны атрымалі выдатныя водгукі крытыкаў і больш за 95 % «свежасці» на «Rotten Tomatoes».

7. «Шкляны купал» («Glaskupan», «Netflix»)
Яшчэ адзін шведскі серыял паводле ўсіх законаў жанру. Галоўная гераіня Лейля – крыміналагіня і былая ахвяра выкрадання – вяртаецца ў родны горад Гранас пасля смерці прыёмнай маці. І тут зноў пачынаюцца непрыемнасці, якія прымушаюць яе ўспомніць дзяцінства.
Галоўнае – ператрываць першыя серыі, якія стамляюць шаблоннасцю, і ў выніку вас чакае ўсё, што патрабуецца ад скандынаўскага нуару: казачныя зімовыя пейзажы і закручаны сюжэт, які прымусіць сумнявацца ўва ўсім аж да апошніх секундаў.
Чаму варта глядзець: нягледзячы на некаторую шаблоннасць, серыял даследуе дзіцячыя траўмы і іх уплыў на сучаснасць не горш за «Пінгвіна».
8. «Чорнае люстэрка», сезон 7 ( «Black Mirror», «Netflix»)
Вось ужо больш за 10 гадоў серыял «Чорнае люстэрка» не здае пазіцыяў у рэйтынгу найбольш папулярных. І што немалаважна: яго можна пачаць глядзець з любой серыі і ў любым парадку, нічога пры гэтым не губляючы.
У сёмым сезоне стваральнік Чарлі Брукер засяродзіўся на больш эмацыйных і філасофскіх тэмах, адыходзячы ад звыклай тэхнафобіі ды змрочнага футурызму. Сезон складаецца з шасці эпізодаў, кожны з якіх даследуе розныя аспекты чалавечай прыроды і тэхналогіяў (не ўвесь серыял такі, як яго першая серыя са свіннёю!).
Чаму варта глядзець: сезон факусуецца на чалавечых эмоцыях, як гора, настальгія і ідэнтычнасць, а серыі знятыя ў розных жанрах – ад псіхалагічных драмаў да навуковай фантастыкі і сатыры, кожны эпізод прапануе ўнікальны стыль і тэму. Засумаваць вы не паспееце.

9. «Этэрнаўт» («El Eternauta», «Netflix»)
Адаптацыя аргентынскага графічнага раману пра атрутную снежную буру ў Буэнас-Айрэсе. Галоўны герой Хуан Сальва і ягоныя сябры спрабуюць выжыць у новых умовах, але даведваюцца, што снег быў толькі пачаткам. Няхай вас не бянтэжыць апісанне: у сапраўднасці серыял значна лепшы.
1 траўня 2025 года, на наступны дзень пасля прэмʼеры першага сезону, «Netflix» пацвердзіў працу над другім сезонам, які завершыць серыял.
Чаму варта паглядзець: гэты постапакаліптычны трылер цяпер уваходзіць у дзясятку найлепшых серыялаў «Netflix» і спалучае ў сабе элементы «Апошнія з нас» («The Last Of Us»), «Фолаўт» («Fallout») і «Чарнобылю». Моцная атмасфера, глыбокае раскрыццё персанажаў і візуальна ўражлівыя сцэны робяць серыял значна глыбейшым за чарговы серыял пра канец свету.

10. «Забойствы ў Орэ» («Åremorden», «Netflix»)
Радуйцеся, аматары змрочных шведскіх дэтэктыўных серыялаў і тыя, хто расчараваўся ў апошнім сезоне «Ты» («You»). «Netflix» выпусціў новую пяцісерыйную скандынаўскую крымінальную драму, якую вы здолееце паглядзець без адрыву за адзін вечар.
Серыял заснаваны на раманах Вівекі Стэн (Viveca Sten) і складаецца з пяці серыяў, падзеленых на два асобныя расследаванні. Стакгольмскі дэтэктыў пад следствам выпраўляецца на гарналыжны курорт, каб адпачыць, але знікненне дзяўчыны прымушае яе вярнуцца да працы. Калі гэта не здаецца вам банальным, то вас можа чакаць захапляльны дэтэктыўны серыял, які разгортваецца ў невялікім заснежаным шведскім мястэчку.
Чаму варта глядзець: серыял пазбягае залішняй драматызацыі, малюючы даволі праўдападобна хаду расследавання. Падыдзе гледачам, якія цэняць характэрны скандынаўскі жанр з павольным развіццём сюжэту. Але калі вы перагледзелі сотню такіх жа серыялаў, ён можа здацца занадта прадказальным і павольным.
Тэса Анэйда / МВ belsat.eu