Тэмпература паветра ў Еўропе расце ў два разы хутчэй, чым у іншых кутках Зямлі. Пры гэтым у некаторых еўрапейскіх краінах адбываюцца вельмі рэзкія змяненні клімату. Сярод іх – Беларусь.
Паводле звестак ААН, у дзесяці краінах Еўропы ў 2023 годзе было зафіксаванае падвышэнне тэмпературы паветра больш чым на 2,5 °C у параўнанні з базавым узроўнем 1951 – 1980 гадоў.
Але такім цёплым аказаўся не толькі 2023 год. Згодна з звесткамі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, апошнія 9 гадоў, пачынаючы з 2015-га, вызначыліся самымі цёплымі за ўсю гісторыю назіранняў. Абмежаванне росту 1,5 °C, вызначанае Парыжскім пагадненнем, было перавышанае ва ўсіх рэгіёнах у 2023 годзе, за выключэннем Акеаніі, дзе было зафіксаванае падвышэнне на 0,9 °C.
Сярод 198 краінаў і 39 тэрыторыяў самы высокі ў свеце рост тэмпературы – на 3,6°C – быў зафіксаваны на Шпіцбэргене і Ян-Маене ў Нарвегіі.
У спіс рэгіёнаў з найбольш хуткім пацяпленнем уваходзяць краіны Усходняй Еўропы і Балтыі: Беларусь (+2,29 °C), Расея (+2,27 °C), Эстонія (+2,26 °C), Латвія (+2,24 °C), Літва (+2,24 °C) – усе яны дэманструюць значны рост.
Таксама хутка цяплее ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе: у Польшчы – на 2,15 °C, у Швейцарыі – на 2,16 °C. У Бельгіі і Нідэрландах зафіксаванае падвышэнне сярэдняй тэмпературы больш чым нам 2 °C у параўнанні з узроўнем 1951 – 1980 гадоў.
Найбольшы гадавы прырост тэмпературы ў Еўразвязе быў зарэгістраваны ў Румыніі і Славеніі – на 2,62 °C.
У топ-30 краінаў з найхутчэйшым пацяпленнем увайшлі Францыя (+2,59 °C), Іспанія (+2,57 °C), Расея (+2,53 °C), Нямеччына (+2,44 °C). Толькі тры нееўрапейскія краіны трапілі ў гэтую трыццатку: Казахстан (+2,58 °C), Марока (+2,56 °C), Туніс (+2,4°C).
У Паўднёвай Еўропе і Міжземнаморскім рэгіёне пацяпленне ідзе крыху павольней: Італія – +1,81 °C, Іспанія – +1,78 °C, Партугалія – +1,65 °C, Турцыя – +1,59 °C, Грэцыя – +1,29 °C.
Гэтыя лічбы кажуць пра тое, што Еўропа цяплее нашмат хутчэй, чым большасць іншых рэгіёнаў свету. Адмыслоўцы ААН тлумачаць гэта тым, што Еўропа мае самую вялікую плошчу сушы ў паўночных шыротах.
Выключэннем у Еўропе сталіся Ісландыя і Фарэрскія астравы, дзе ў 2023 годзе тэмпература вырасла не больш, чым на 0,65 °C. Нязначна пацяплела ў Нарвегіі і Швецыі – на 1,2 °C і 1,5 °C адпаведна. Гэта тлумачыцца блізкасцю да гэтых краінаў Атлантычнага акіяну.
Паводле экспертаў, на такі хуткі рост тэмпературы ў Еўропе маглі паўплываць некалькі фактараў. Сярод іх сама асаблівасць пацяплення – чым бліжэй да палюсоў Зямлі, тым хутчэй награецца паветра, на экватары хуткасць не такая вялікая. Таксама маглі спрычыніцца скарачэнне выкарыстання аэразоляў у Еўропе, якія раней выклікалі смог, што часткова блакаваў доступ сонечных прамянёў да Зямлі, і раставанне арктычных ільдоў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu